Перайсці да зместу

Каўказ (гістарычны раён Гомеля)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тэрыторыя гомельскага "Каўказа" (выкарыстаны план 1910 г.).

Каўказ — гістарычны раён Гомеля, былая ўскраіна ў паўночна-ўсходняй частцы горада, на высокім абрывістым беразе ракі Сож. Умоўныя межы: вул. Хатаевіча (на поўначы); вул. Падгорная (на ўсходзе); вул. Парыжскай камуны (былая Бульварная) і Сожская вуліца, якая канчалася стромкім ярам-спускам да ракі (на поўдні і паўднёвым захадзе; гэты яр з'яўляўся мяжой паміж Каўказам і Свістком); вул. Чэхава (на захадзе). Асноўныя вуліцы (акрамя пералічаных): 2-я Рэвалюцыйная, Шпітальная (былая Каўказская), Кніжная, Кніжны праезд, 1-ы і 2-і Шпітальныя завулкі, Партовая, Тэльмана.

Час узнікнення і паходжанне тапоніма

[правіць | правіць зыходнік]

Дакладны час ўзнікнення тапоніма «Каўказ» у дачыненні да азначанай мясцовасці невядомы. Пры адсутнасці адпаведных дакументальных сведчанняў (ці ўвагі даследчыкаў да гэтага пытання) даволі праблематычна будаваць абгрунтаваныя версіі аб матывацыйнай базе наменавання гомельскай мясцовасці Каўказам. Сярод уведзенай у зварот інфармацыі гістарычных крыніц ёсць звесткі паліцэйскай справы 1894 г. аб пераносе двух гомельскіх публічных дамоў са Спасавай Слабады ў «мясцовасць, называную Каўказам»[1]. Філолаг і краязнавец А. Ф. Рогалеў мяркуе, што назва магла замацавацца, дзякуючы І. Ф. Паскевічу ў пачатку 1840-х гг.: нібыта палкаводзец, які ваяваў раней на «рэальным Каўказе», ацаніў каларыт тагачаснай паўночна-ўсходняй ускраіны Гомеля, што абумовіла пераасэнсаванне ім гомельскіх рэалій з прыбярэжнымі ярамі і адхіламі, якія нагадвалі яму «каўказскія цясніны ў мініяцюры»[2]. Разрэзаны ярамі карэнны бераг ракі Сож пры поглядзе на яго з боку возера Дзядно і прылеглых лугоў сапраўды мог выглядаць як ланцуг высокіх узгоркаў. Але ўвязваць асацыяцыю іх з Каўказам выключна праз волю І. Ф. Паскевіча варта лічыць аблуднай.

Калі матывацыйнай базай для намінацыі было менавіта асацыятыўнае пераасэнсаванне, то яно мусіла б сыходзіць з народнага асяроддзя. Улічваючы працягласць каўказскай вайны 1817—1864 гг. і пастаяннага інфармацыйнага рэзанансу вакол яе, цалкам магчыма дапусціць, што гомельская мясцовасць была метафарычна пераасэнсована як Каўказ пад уплывам доўгі час няспыннай плыні інфармацыі пра азначаны канфлікт і яго наступствы. У далейшым бытаванне ў Гомелі тапоніма «Каўказ» магло падмацавацца кватараваннем тут 160-га Абхазскага палка (з 1895 г.), які быў сфарміраваны ў 1863 г. на Паўночным Каўказе[3].

Меркаванне паэта Д. Новікава аб імавернасці старабалцкіх паралеляў назвы гомельскага Каўказа («Каўкарус» — горка бажкоў; «Каўкас» — хтанічная істота)[4] варта лічыць беспадстаўным, пакуль не знаходзіцца сведчанняў існавання адпаведнага тапоніма ў наваколлі Гомеля раней за ХІХ ст.

Асваенне тэрыторыі

[правіць | правіць зыходнік]

Вядома, што тэрыторыя ў нейкай ступені была асвоена яшчэ ў XVI ст. Апісанне зямельных граніц у «Рэестры рэвізіі гаспадарскай Гомельскай воласці» 1560 г. не дае адназначнага адказу аб уласніцкай прыналежнасці будучага гомельскага Каўказа — мясцовасць знаходзілася або сярод «грунтоў» вёскі Ваўковічы, або адносілася да «грунту мест и застенков местских» Гомеля[5].

Згодна з планамі генеральнага межавання 1784 г. мясцоваць адносілася часткова да гомельскіх, часткова да прудкоўскіх уладанняў П. А. Румянцава-Задунайскага[6][7].

У 19 стагоддзі на прыбярэжных рвах і адхілах Дзядно, Цыганскі яр, Валатаўскі спуск густа размяшчаліся хаціны, мазанкі і нават звычайныя пячоры, у якіх жылі рыбакі, прачкі, бедныя рамеснікі. У 190608 гадах тэрыторыя Каўказа пашырылася, інтэнсіўна забудоўвалася. У 191011 на сродкі Вольнага пажарнага таварыства тут была разбіта плошча і збудаваны трэк для велагонак (Максімаўскі парк), зімой заліваўся каток (цяпер Цэнтральны стадыён і гарадскі спартыўны комплекс), былі пабудаваныя дэпо з вялікай пажарнай каланчой, казармы для служыцеляў, летні тэатр з адкрытай сцэнай, ратонда для аркестра, буфет. У будынку пажарнага таварыства размяшчаліся клубы — купецкі і пажарных дзеячоў. У паўночна-заходняй частцы Каўказа знаходзілася папулярнае месца для купання, адпачынка і рыбнай лоўлі (цяпер грузавы порт). Частка Каўказа, што прылягала да Румянцаўскай вуліцы (цяпер вуліца Савецкая), была добраўпарадкавана. У параўнанні з ёй, усходняя частка вылучалася нядобраўпарадкаванасцю і хаатычнасцю забудовы. На абшарах гомельскага Каўказа ў першай трэці ХХ ст. бытавала легенда пра шведскага разбойніка Гомі, змест якой на сёння страчаны.

Цяпер гэтая тэрыторыя ўваходзіць у Цэнтральны раён горада. У яе паўночна-ўсходняй частцы засяроджаны прамысловыя прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы; вядзецца будаўніцтва сучасных шматпавярховых будынкаў. У цэнтральнай частцы Каўказа пераважае індывідуальная сядзібная забудова. Унікальны рэльеф надае гэтым раёнам горада асаблівую маляўнічасць.

Вядомыя жыхары

[правіць | правіць зыходнік]
  • Назву Каўказ мае адна з гістарычных мясцовасцей ЧарнігаваПадол.
  • Сугучнай назвай — Капказ — у пачатку ХХ ст. абазначаліся рэшткі старажытнага ўмацавання ў вёсцы Кіявец.

Зноскі

  1. Пригодич, Н. Кавказские страсти в Гомеле // Правда Гомель. Новостной портал. — 13.03.2014.
  2. Рогалев, А. Ф. Гомель. Страницы истории, формирование улиц, местные тайны и загадки / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2014. — С. 143.
  3. Горсткин, И.Л. Памятка абхазцу. 1863-1911 гг. / Сост. подполковник И.Л. Горсткин. — [Гомель : Типо-лит. Х.Д. Гольберга, 1911]. — С. 1-2.
  4. Новікаў, Д. Каўказ – думкі Архівавана 2 чэрвеня 2023. // Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны.
  5. Акты, издаваемые Комиссиею, высочайше учрежденною для разбора древних актов в Вильне : Акты Главного литовского трибунала. — Вильна : Тип. А. Г. Сыркина, 1886. — Т. 13 — С. 364.
  6. Генеральный план Белицкого уезда / Генеральное межевание Могилевской губернии 1784 г. — Аб'екты 17 і 60.
  7. Планы дач генерального и специального межевания, 1746-1917 гг. (коллекция). Опись 233. Часть 1. Губерния, уезд: Могилевская; Белицкий. — Л. 4, 14.
  8. Літвінава Т. Ф. Лёс мастака. Гомельскі архітэктар Станіслаў Данілавіч Шабунеўскі (1868—1937) // Зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі «Гомельшчына — старонкі мінулага» (15-16 лютага 1996). — Гомель: ГДУ, 1996.
  9. Памятная книжка Могилевской губернии на 1913 год. — Могилев губ. : Губернская типография, 1913. — С. 112.
  • Гомель. Энциклопедический справочник. — Мн.: БелСэ, 1991. — 527 с.
  • Аллан, Д. «Кавказ» в плену : (История строительства Гомельского порта) / Д. Аллан, Мих. Пирожников, В. Розкин. — Гомель : Белорус. форватер, 1933. — 53 с.