Перайсці да зместу

Мельнікаў Луг

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мельнікаў Луг
Мельнікаў Луг
Краіна
Горад Гомель
Адміністрацыйны раён горада Цэнтральны

Мельнікаў Луг — жылы масіў у Цэнтральным раёне г. Гомеля. Умоўныя межы: рукаў прудкоўскага вяслярнага канала — мост — Валатаўское возера — бульвар газеты «Гомельская праўда» — вуліца Хатаевіча — чыгуначная каляіна[1][2]. Уключае мікрараёны № 16, № 17, № 18, № 19[3][4]. Разбудоўваецца на намыўных грунтах у пойме р. Сож з другой паловы 1980-х гадоў. Пачатак масіву паклаў праект мікрараёна № 17 (паводле тагачаснай тэрміналогіі — «Пралетарскі луг — 1»), распрацаваны архітэктарамі Я. Казловым, У. Свідуновічам і С. Крывашэевым у 1986 годзе[5]. Будаўніцтва працягваецца дагэтуль (станам на 2023 г.). Асноўныя вуліцы, апроч згаданых вышэй: Мазурава, Галавацкага, Кожара, Цімафея Барадзіна[1][2]. Забудова пераважна высотная. Паверхавасць вагаецца. У паўночна-заходняй частцы месціцца першы гомельскі таўнхаўс — жылы комплекс «Бэдзікава»[6].

Па абшарах будучага Мельнікава Лугу ў часы Вялікага Княства Літоўскага праходзілі зямельныя межы вёсак Плеса (Плёсы) і Ваўковічы Гомельскага староства, а таксама прыватных шляхецкіх уладанняў Ляхаўскага абруба (1560 г.)[7]. Паплавы з сенажацямі і вадаёмы з «ловами рыбными» і «гонами бобровыми» цягам XVI-XVIII стст. станавіліся аб’ектамі шматлікіх межавых спрэчак[8]. Невядома, ці ўспрымалі тагчасныя жыхары Гомеля і наваколляў азначаную мясцовасць як нешта цэласнае, вартае асобнай назвы. Але ёсць верагоднасць, што адно з яе ўрочышчаў мела назву «Круглы Луг» («w […] Kruhłym Łuhu»)[9].

Прынамсі частку мясцовасці пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай атрымаў П. А. Румянцаў-Задунайскі ў якасці падаравання ад расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ. Гэта вынікае з апісання зямельных меж населеных пунктаў Гомельскага староства, падараваных яму. Там згадваюцца аб’екты, што знаходзіліся на абшары будучага Мельнікава Лугу — рэчка Дзеўка, азёры Валатава і Дзядно[10]. У той жа час Плёсы з’яўляліся шляхецкай ваколіцай паноў Плескіх, а на зямлі «принадлежащей издревле» вёсцы Ваўковічы месціўся шэраг слабодак і хутароў шляхты (Усціновічы, Халецкі, Шынкевіч, Гурскі) і святарства (Трусевіч, Панкевіч)[11], якія тэарэтычна маглі прэтэндаваць на пэўныя ўрочышчы па-за межамі ўладанняў П. А. Румянцава-Задунайскага.

Вядома, аднак, што адны з найбольшых спрэчак на гэты конт выбухнулі паміж Плескімі і Харкевічамі з аднаго боку і Красінскімі і Гіжыцкімі — з другога (працэс 1782 г.). Зацятасць спрэчак і нежаданне гомельскіх шляхціцаў ісці адзін аднаму на кампраміс выявіліся настолькі моцнымі, што адзіным выйсцем стала рашэнне саступіць спрэчныя землі П. А. Румянцаву-Задунайскаму[12]. Апошняму, згодна з дакументамі генеральнага межавання 1784 г., належала значная частка азначанай мясцовасці, але землі пры лукавіне возера Валатава (сёння — безыменны востраў каля Старой Валатавы) значыліся за Іванам Плескім «съ протчими»[13][14].

Зноскі

  1. а б Гомель. Атлас туриста. / Справоч. изд. Ред. Ю. М. Нестеровская. — Минск : РУП «Белкартография», 2019. — С. 15.
  2. а б Гомель. План города. Гомельский район. Карта  [Карты] / редактор В. А. Змачинская. — Минск : Белкартография, 2018.
  3. Рашэнне Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 4 верасня 2012 г. № 158 «О присвоении наименований микрорайонам города Гомеля»(недаступная спасылка).
  4. Мельнікаў Луг (Гомель) | quarter (urban subdivision) (en), жылы раён // wikimapia.org
  5. Строительная летопись города : [научно-популярное издание] / в вып. дан. авт.: Б. М. Захарин, Ю. Э. Глушаков, А. В. Коноваленко, А. А. Чачин; ред. кол.: В. И. Пилипец и др. ; фото М. А. Амелиной и др. — Гомель : Вечерний Гомель-Медиа, 2011. — С. 237.
  6. Рудь, А. Остров красивой жизни: среди панельных многоэтажек построили первый в области таунхаус // Сетевое издание «Onliner.by». — 2.12.2013.
  7. Акты, издаваемые Комиссиею, высочайше учрежденною для разбора древних актов в Вильне : Акты Главного литовского трибунала. — Вильна : Тип. А. Г. Сыркина, 1886. — Т. 13 — С. 364, 375-376.
  8. Гл., напр., матэрыялы судовага працэсу 1782 г. паноў Плескіх і Харкевічаў супраць Красінскіх і Гіжыцкіх, дзе падаецца своеасаблівая хроніка падобнага кшталту спрэчак, пачынаючы з 1522 г.: Akta majątkowe i osobiste rodzin spokrewnionych z Faszczami, 1780-1783.(недаступная спасылка) — Арк. 77-80.
  9. Мерытум справы в.п. Якуба Харкевіча [і інш.] // Akta majątkowe i osobiste rodzin spokrewnionych z Faszczami, 1780-1783.(недаступная спасылка) — Арк. 16.
  10. З «Адказной кнігі на Гомельскі маёнтак П. А. Румянцава» 1776 г. // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Гомеля. У 2 кн. Кн. 1-я — Мінск : БЕЛТА, 1998. — С. 128.
  11. З «Адказной кнігі на Гомельскі маёнтак П. А. Румянцава» 1776 г. // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Гомеля. У 2 кн. Кн. 1-я — Мінск : БЕЛТА, 1998. — С. 129.
  12. Прасцэс номіне в.п.п. Плескіх [і інш.] // Akta majątkowe i osobiste rodzin spokrewnionych z Faszczami, 1780-1783.(недаступная спасылка) — Арк. 80.
  13. Генеральный план Белицкого уезда / Генеральное межевание Могилевской губернии 1784 г. — Аб'екты 61 і 62.
  14. Планы дач генерального и специального межевания, 1746-1917 гг. (коллекция). Опись 233. Часть 1. Губерния, уезд: Могилевская; Белицкий. — Л. 3, 13.