Дом настаўніка (Мінск)
Дом настаўніка | |
---|---|
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Канец будаўніцтва | 1976 |
Колькасць паверхаў | 3 |
Архітэктар | Уладзімір Элкановіч Гальдштэйн |
Карыстальнік | ліцэй БДУ |
Дом настаўніка — будынак у Мінску, размешчаны па вуліцы Ульянаўскай, 8.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пабудаваны ў 1976 г. (архіт. Э. Гальдштэйн[1]) са зборнага жалезабетону.
У Доме настаўніка меліся залы харэаграфіі, спартыўная, актавая на 670 месцаў, харавы клас, бібліятэка з чытальнай залай. Працавалі студыі драматычная, мастацкага слова, бальнага танца, вакальны гурток, народная харавая капэла, вакальная фальклорная група, калектыў народнага танца, аркестр беларускіх народных інструментаў, школа эстраднага танца, 2-гадовыя курсы кройкі, шыцця і вязання, група здароўя, клубы маладога выхавацеля, цікавых сустрэч, універсітэты навуковых ведаў, для старшынь прафкамаў школ, для класных кіраўнікоў, для бацькоў, лекторыі.
З 2001 года ў будынку размяшчаецца Ліцэй БДУ.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Квадратны ў плане трохпавярховы аб’ём з унутраным дворыкам. Галоўны фасад сіметрычна-восевай кампазіцыі, уваход вылучаны казырком на двух асіметрычных пілонах. Рытм фасадам надаюць вертыкальныя навясныя міжаконныя панелі-лапаткі 2-га і 3-га паверхаў. Першы паверх мае суцэльнае зашкленне. У завершы будынка па яго перыметры гарызантальная стужка парапета.
Унутраная планіроўка арганізавана вакол вестыбюля і фае актавай залы. Паверхі звязаны мармуровай лесвіцай. Першы паверх фае расчлянёны шэрагам канеліраваных калон і вырашаны ў 2 узроўнях (у ніжнім размешчаны буфет). Вуглавая двухмаршавая лесвіца вядзе на 2-і паверх двухсветлавога фае. Вітражнае зашкленне фае раскрывае яго прастору ва ўнутраны дворык. Актавая зала вырашана амфітэатрам. Планіроўка бакавых крылаў калідорная. Тыльны корпус адведзены пад спартыўную залу. Фае аздоблена пано «Асветнікі» ў тэхніцы энкаўстыкі (мастак Г. Вашчанка). Кампазіцыя пано прысвечана гісторыі беларускай культуры і вырашана ў сімволіка-апавядальным стылі. Цэнтр яе — прасторавае тонда з выявамі настаўніцы і вучня, злева — выявы Ф. Скарыны, С. Буднага, Сімяона Полацкага, В. Цяпінскага, К. Каліноўскага, справа — А. Пашкевіч, М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа, касманаўта П. Клімука. Вобразы перададзены з рэалістычнай дакладнасцю, эмацыянальнай выразнасцю.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- 318. Дом настаўніка // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
- ↑ Гольдштейн Элконо Маркович // Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1. (руск.)