Дэганавайда

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Дэганавайда
Імя : Дэганавайда
Міфалогія: іракезская
Апісанне: вяшчун, заснавальнік лігі іракезаў

Дэганава́йда, Дэканава́йда (магаўк: Deganawida), або Вялікі Міратворац (магаўк: Skennenrahawi)[1] — легендарны стваральнік і законатворац лігі іракезаў.

Нараджэнне і маладыя гады[правіць | правіць зыходнік]

У фальклоры іракезаў Дэганавайда з'яўляецца адначасова міфічнай і гістарычнай постацю. Дакладны час яго жыцця не вядомы. У паданнях узгадваецца, што падчас наведвання Дэганавайдам і Гаяватам племені сенека адбылося сонечнае зацьменне. Такім чынам вызначаецца 1451 г.

Згодна найбольш распаўсюджанай версіі, Дэганавайда нарадзіўся сярод гуронаў на тэрыторыі сучаснага горада Кінгстан у правінцыі Антарыа, Канада. У запісах гісторыі Дэганавайды на хрысціянскі манер сцвярджаецца, што яго маці была цнатлівай[2]. Бабуля (або нават маці) убачыла ў сне, што ён будзе пагрозай для канфедэрацыі гуронаў, таму пасля нараджэння яго тройчы тапілі ў палонцы, аднак на наступны дзень ён зноў з'яўляўся на руках у маці. Іншыя дзеці і дарослыя цураліся яго.

У маладосці Дэганавайда заяўляў пра тое, што мае асаблівую місію міру. У легендах магаўкаў кажацца, што ён пакінуў краіну гуронаў у каменнай лодцы[3].

Місія міру[правіць | правіць зыходнік]

Пасля таго, як лодка Дэганавайды перасякла возера Антарыа, ён сустрэў на супрацьлеглым беразе Гаявату, правадыра магаўкаў, які ў самоце ладзіў вампум. Гаявата паведаміў, што мясцовыя плямёны даўно вядуць войны, але асабіста ён расчараваны ў гэтым. Дэганавайда сфармуляваў тры прынцыпы захавання міру[4]:

  • Справядлівасць і законнасць
  • Фізічны моц павінен спалучацца з грамадзянскай уладай і ўнутранай духоўнасцю
  • Здаровы розум, фізічнае здароўе, мір паміж асобамі і плямёнамі

Ён прапанаваў Гаяваце прадставіць гэтыя прынцыпы магаўкам, а потым разам вандраваць на ўсход, каб усе "узялі адзін аднога за рукі і сталі адзіным колам"[5]. Гаявата даў згоду. Дзякуючы іх супольным высілкам, ідэю міру і аб'яднання падтрымалі магаўкі, каюга, анейда, анандага і сенека. Найбольш рызыкоўным было далучэнне анандага, паколькі іх правадыр, чараўнік Тададаха быў прыхільнікам далейшых войн[6]. Тададаха хаваўся ў пячоры і выглядаў нібы злы дух са змеямі, уплеценымі ў валасы. У Гаяваты і Дэганавайды атрымалася пераканаць правадыра-чараўніка. Як толькі ён даў згоду, яго твар стаў чалавечым. Гаявата расплёў яго валасы і вызваліў іх ад змеяў. Канец войн быў адзначаны далучэннем сенека і сонечным зацьменнем[7].

Вялікі закон міру[правіць | правіць зыходнік]

У знак прымірэння пяці народаў Дэганавайда пасадзіў на зямлі анандага дрэва міру і абвясціў так званы Вялікі закон міру Gayanashagowa[8], які з'яўляўся своеасаблівай Канстытуцыяй лігі іракезаў:

  • Усе спрэчныя пытанні павінны вырашацца правадырамі пад дрэвам міру.
  • Да лігі іракезаў могуць далучацца іншыя народы, калі прызнаюць закон міру
  • Правадыр анандага мае права склікаць супольную раду правадыроў, а правадыры пасылаць сваіх прадстаўнікоў
  • Агульная колькасць чальцоў рады складае 13
  • Рада магаўкаў падзяляецца на тры часткі, каб адна частка магла рэгуляваць спрэчкі паміж дзвюмя іншымі, пасля чаго перадаецца да зацвярджэння прадстаўнікамі сенека, каюга і анейда.
  • Магаўкі абвяшчаюцца захавальнікамі Gayanashagowa, таму рада не павінна прымаць рашэнні без удзелу ўсіх правадыроў магаўкаў
  • Анандага абвяшчаюцца захавальнікамі агменя і павінны адкрываць і закрываць раду
  • Першымі пытанні разглядаюць магаўкі і сенека, пасля чаго яны перадаюцца на разгляд каюга і анейда. Канчаткова прынятае рашэнне абвяшчаюць анандага
  • Анандага маюць права адхіліць рашэнне, але пасля яго паўторнага перагляду павінны абвясціць як прынятае
  • Прадстаўнікі народаў, якія не з'яўляюцца чальцамі лігі іракезаў, не могуць прымаць удзел у радзе
  • Рада сама вызначае таго, хто з правадыроў прадстаўляе пытанне, пры гэтым правадыр-аратар ня можа распытваць чальцоў рады

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]