Жаночае абразанне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тыпы жаночых абразанняў
Абразанне жаночых палавых органаў на тэрыторыі сучаснай ЦАР. Фота апублікавана ў 1936 г.

Абразанне жаночых палавых органаў, або калечанне жаночых палавых органаў — рытуальнае частковае або поўнае выдаленне знешніх жаночых геніталій без медыцынскай неабходнасці. Згодна «Дэкларацыі аб выкараненні гвалту ў адносінах да жанчын» Генеральнай Асамблеі ААН (рэзалюцыя 48/104, 20 студзеня 1993 г.)[1] з’яўляецца адной з форм сацыяльнага гвалту, якая патрабуе выкаранення.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйна аперацыі па абразанню жаночых палавых органаў распаўсюджаны ў краінах Афрыкі, некаторых краінах Блізкага Усходу, некаторых раёнах Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі.

Найбольш старажытныя звесткі аб абразанні жаночых палавых органаў адносяцца да Старажытнага Егіпту. Вядома, што рымляне часам абразалі рабынь, каб такім чынам спыніць магчымасць палавых актаў і далейшай цяжарнасці[2]. Аднак абразанне жаночых палавых органаў з самога пачатку магло ўзнікнуць ў розных месцах у межах адзначанага вышэй рэгіёну. Так, яшчэ адным меркаваным месцам узнікнення традыцыі з'яўляецца экватарыяльная Афрыка[3], дзе такія аперацыі мелі месца нібы для прадухілення гвалтавання дзяўчын-пастушак, або як форма рэлігійнага ахвяравання. Пазней яна распаўсюдзілася шырэй дзякуючы культурным кантактам або гандлю рабамі.

Класіфікацыя[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя[4], існуе наступная тыпалогія аперацый на жаночых палавых органах без медыцынскай неабходнасці:

Тып I: частковае (Iа) або поўнае (Iб) выдаленне клітара і/або крайняй плоці (клітарыдэктамія).
Тып II: частковае або поўнае выдаленне клітара і малых палавых губ з сячэннем або без сячэння вялікіх палавых губ. Знутры гэтага тыпу вылучаюць IIа (выдаленне толькі малых палавых губ), IIб (частковае ці поўнае выдаленне клітара і малых палавых губ), IIв (частковае ці поўнае выдаленне клітара, малых і вялікіх палавых губ).
Тып III: звужэнне адтуліны похвы з закрыццём праз стварэнне ўшчыліны шляхам разразання і збліжэння малых і/або вялікіх палавых вуснаў з сячэннем клітара або без яго. IIIа ўключае выдаленне і збліжэнне малых палавых губ. IIIб — выдаленне і збліжэнне вялікіх палавых губ.
Тып IV: усе іншыя шкодныя для жаночых палавых органаў працэдуры немедыцынскага характару, накшталт уколаў, пірсінгу, надразання, саскрабання і прыпякання.

Наступствы[правіць | правіць зыходнік]

Сусветная арганізацыя аховы здароўя паведамляе[5], што аперацыі на жаночых палавых органах без медыцынскай неабходнасці не маюць пераваг для здароўя. Наадварот, вядома, што яны шкодны для дзяўчынак і жанчын. Перш за ўсё, гэта балюча і траўматычна. Выдаленне ці пашкоджанне здаровых нармальных тканін палавых органаў парушае натуральнае функцыянаванне арганізма і выклікае шэраг непасрэдных і доўгатэрміновых наступстваў для здароўя. Напрыклад, дзеці, народжаныя ад жанчын, што падвергліся такім аперацыям, пакутуюць больш высокім узроўнем ранняй смяротнасці, у 25% выпадкаў немаўля мае нізкую вагу пры нараджэнні ці сур'ёзную інфекцыю. З пункту гледжання правоў чалавека, гэтая практыка адлюстроўвае глыбока ўкаранелую няроўнасць паміж паламі і ўяўляе сабой крайнюю форму дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын. Аперацыі на жаночых палавых органах амаль заўсёды праводзяцца ў адносінах да непаўналетніх і, такім чынам, з'яўляюцца парушэннем правоў дзіцяці. Гэтая практыка таксама парушае правы на здароўе, бяспеку і фізічную недатыкальнасць чалавека, права быць свабодным ад катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага ці зневажальнага для годнасці абыходжання, а таксама права на жыццё, калі працэдура прыводзіць да смерці.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]