Медыцына (ад лац.: ars medicina — мастацтва вылечвання) — сістэма навуковых ведаў і практычных прыёмаў, накіраваных на зберажэнне і ўмацаванне здароўя людзей, папярэджанне, распазнаванне і лячэнне хвароб, падтрымліванне актыўнага даўгалецця; састаўная частка аховы здароўя. Вывучае будову, працэсы жыццядзейнасці арганізма ў норме і паталогіі, уплыў фактараў прыроднага і сацыяльнага асяроддзя на здароўе і хваробы чалавекаю На стан і ўзровень развіцця медыцыны, змест і метады медыцынскай дзейнасці ўплываюць матэрыяльныя ўмовы жыцця грамадства. узровень развіцця эканомікі, агульны ўзровень культуры, дасягненні навукі і тэхнікі. Найважнейшы кірунак медыцыны — фарміраванне здаровага ладу жыцця.
У часы язычніцтва лекарамі былі вешчуны, жрацы. Асновы народнай медыцыны мелі эмпірычны і стыхійны характар. Дасягненні ў Старажытнай Грэцыі абагульніў Гіпакрат (5 ст. да н.э.). У сярэднявечнай Еўропе медыцына падпарадкоўвалася царкве, знаходзілася пад уплывам схаластыкі. У эпоху Адраджэння ў медыцыне ўмацаваліся клінічны і эксперыментальных метад, развівалася анатомія (А.Везалій). У 17 стагоддзі У.Гарвей распрацаваў вучэнне аб кровазвароце, М.Мальпігі — аб кровазвароце ў капілярах. З 18 стагоддзя развіваўся даследчы кірунак. У 19 стагоддзі распрацаваны метады фізіялагічнай дыягностыкі, заснаваны тэорыя клетачнай паталогіі (Р.Вірхаў), асновы бактэрыялогіі і імуналогіі (Л.Пастэр, І. І. Мечнікаў), ваенна-палявой хірургіі (М. І. Пірагоў), удасканалены хірургічныя аперацыі (М. В. Скліфасоўскі). У 20 стагоддзі распрацаваны вучэнне пра вышэйшую нервовую дзейнасць (І. П. Паўлаў), фізіялагічныя, гігіенічныя і біялагічныя асновы тэрапіі, сувязь арганізма з навакольным асяроддзем, пра вітаміны, хіміятэрапеўтычныя сродкі. Укаранёны ў практыку рэнтгенаграфія. гіпатэрмія, пераліванне крыві, трансплантацыя і іншае.
Медыцына // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.10: Малайзія — Мугараджы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 253. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0169-9 (Т. 10).