Жоўтагало́вая сі́таўка[1] (Motacilla citreola) — невялікая птушка з сямейства сітаўкавых.
Стройная птушка даўжынёй ад 15 да 19 см з доўгім хвастом, размах крылаў 24-27 см. Верх цела ад папялiстага да амаль чорнага. Уся галава i нiз цела жоўтыя. У самкi i маладых колеры не такiя кантрасныя, верх галавы алiўкавы. Спеў — кароткае шчабятанне.
Арэал разарваны. Да яго належаць Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Польшча, на ўсход птушка трапляецца да вярхоўяў ракі Амур, сустракаецца на поўдні да Афганістана i Гімалаяў. Iзаляваныя папуляцыi вядомы ў Турцыi i ад Кольскага паўвострава на ўсход да Таймыра, на поўдні — да мяжы тайгі.
На поўначы жыве ў тундры, насяляе вербнiкi па берагах i астравах вялiкiх рэк i iх дэльт, берагi азёр сярод нiзiнных балот, трапляецца ў падмоклых частках горнай тундры i ў зарасніках вярбы на горных лугах. На поўдні селіцца каля паўночнай мяжы ляснога пояса i ў гарах часта ў вiльготных мясцiнах: забалочаныя лугi паблiзу балот, а таксама асаковыя зараснікі з групамi кустоў, рачныя далiны з тарфянiкамi. На Памiры даходзiць да 4500 м, на Алтаі — 1500 м, у Манголіі — да 2000 м над узроўнем мора. У паслягнездавы перыяд засяляе забалочаныя берагi вадаёмаў (сустракаецца на ворных землях), балоты, тарфянiкi, рысавыя палi, далiны рэк, каналы, сажалкi. Заўсёды трымаецца паблiзу вады.
Паўднёвыя папуляцыi аселыя, паўночныя — пералётныя. Залятае ў Заходнюю Еўропу (у Фiнляндыю, Польшчу, Германію, Аўстрыю, Шатландыю). Пашырае свой арэал на захадзе (Украіна, Чэхія, Беларусь, Фiнляндыя, Латвiя, Эстонiя, Лiтва, Польшча, Германiя). Месца зiмовак часткова ў межах гнездавога арэала, а таксама ў паўночнай Індыі i Бірме. На тэрыторыі Беларусі рэдкі на гнездаванні пералётны і транзітна мігрыруючы від.
Насякомаедная птушка, жыве паблізу вадаёмаў.
Гняздо асобнае або ў дыфузнай калонii; пад густым навесам травянiстай раслiннасцi ў ямцы або пад каменнем у нары. Аснова часта вiльготная. Знешняя частка з сухой травянiстай раслiннасцi, моху, лiсця i сцёблаў; высцiлка з дробнага лiсця, шэрсцi i касмыкоў воўны.
Яйкi (4-6, часам 3-7) авальныя, матавыя, светла-шэрыя, пясчана-шэрыя з густымi дробнымi светла-карычневымi размытымi плямкамi (часам адсутнiчаюць).
Зноскі
- Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000.