Замак Кміты

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Замак Кміты
53°31′23,3″ пн. ш. 26°09′26,37″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне

Замак Кміты — умоўная назва гарадзішча і селішча XVIXVII стст., якія размешчаны за 0,5 км да захаду ад вёскі Беразавец (Карэліцкі раён). Паводле мясцовага падання, на гарадзішчы некалькі стагоддзяў таму размяшчаўся замак князя Кміты.

Прамавугольная з закругленымі вугламі пляцоўка гарадзішча памерамі прыблізна 95х45 м размешчана ў рэчышчы ракі Сэрвач. Культурны пласт на тэрыторыі гарадзішча складае звыш 2,5 метра, што пацвярджае актыўнасць жыцця ў гэтым месцы і магчымасць адвядзення замку важнай ролі ў рэгіёне. Месцамі захаваліся валы і равы. Падчас раскопак замка выяўлены сляды трох пажараў, пасля якіх ён адбудоўваўся.

Падчас раскопак гарадзішча ў 2013 годзе знойдзены матэрыялы XVI ст.: фрагменты аконнага шкла рамбічнай і дыскападобнай формы, пячная кафля, прылады працы, пяць сярэбраных манет, рэчы хатняга побыту (нажы, цвікі, ключ). Археолагі выявілі ўзбраенне, у прыватнасці, ручніцу, наканечнік стралы, таксама былі знойдзены ўпрыгожанні: фурнітура на рэмень, фрагменты бронзавых пярсцёнкаў і бронзавыя накладкі. Цікавасць уяўляе касцяны выраб, упрыгожаны цыркульным арнаментам, які, магчыма, выкарыстоўвася для гульні ў шашкі.

У 2014 годзе былі праведзены даследаванні на селішчы, якое ахоплівае гарадзішча з поўдня. Былі раскрыты рэшткі жытла XV ст., знойдзены развал печы-каменкі, пры расчыстцы якой адшукалі пячную міскападобную кафлю XV ст., і сярэбраная манета 1-й паловы XV ст., якая дазволіла аднесці да гэтага часу і выяўленыя побач з ёй знаходкі. Сустрэты таксама фрагменты нажоў, цвікі, ключы, скрыжаванне мяча і замок круглай формы шведскага тыпу, які адносіцца да XVI ст. Знойдзеныя матэрыялы паступілі ў Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей і Карэліцкі краязнаўчы музей.

У 2018 годзе археолагі адшукалі ўезд у двор. У раскопе (10 на 6 метраў) знойдзены гаршкі, манеты, кафля, пломбы для дакументаў ці тавараў, упрыгажэнні і нават музычныя інструменты[1].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]