Зварот супраць рэпрэсій

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Зварот супраць рэпрэсій, поўная назва Адкрыты ліст вучоных супраць рэпрэсій — адкрыты зварот беларускай навуковай супольнасці, які стаў рэакцыяй на шэраг звальненняў супрацоўнікаў з інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук пасля падзей жніўня 2020 года. Зварот апублікаваны у канцы лістапада 2020 года[1][2][3][4]

Тэкст звароту[правіць | правіць зыходнік]

Мы, прадстаўнікі акадэмічнай навукі Рэспублікі Беларусь, выражаем сваю занепакоенасць шэрагам звальненняў з інстытутаў Акадэміі навук супрацоўнікаў, якія актыўна прымаюць удзел у грамадскім жыцці краіны ў цэлым і Акадэміі навук у прыватнасці.

У апошні час стала вядома аб непрацягненні кантрактаў цэлай групе высокакваліфікаваных вучоных Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якія найбольш актыўна прымаюць удзел у рабоце прафсаюза (на самой справе абараняюць правы супрацоўнікаў). У цяперашні час, калі дзейнасць прафсаюзаў прызнана дзяржавай як надзвычай важная, такі падыход выглядае дзіўным.

Асаблівую трывогу выклікае тое, што вучоныя, у тым ліку з Інстытута гісторыі і Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі, атрымалі паведамленнні аб непрацягненні кантрактаў у хуткім часе пасля таго, як падрыхтавалі незалежныя экспертныя заключэнні па пытаннях, што найбольш востра хвалююць сёння беларускае грамадства. Рэпрэсіі ў адносінах да вучоных, якія выконваюць свае прамыя прафесіянальныя і грамадскія абавязкі, недапушчальныя!

Важна адзначыць, што пацярпелыя ад падобных рэпрэсій вучоныя маюць высокую кваліфікацыю, мноства публікацый, патэнтаў, добрую рэпутацыю ў міжнароднай навуковай сферы. Спіс рэпрэсіраваных дадаецца да гэтага ліста і, на жаль, пастаянна папаўняецца.

Агучаныя фармальныя падставы звальнення супрацоўнікаў выклікаюць у нас абгрунтаваныя сумненні. Мы ўпэўненыя, што страта дадзеных навуковых кадраў выкліча заўважнае зніжэнне якасці даследаванняў па напрамках, якія развівалі вучоныя з прыкладзенага спісу. Тым больш што многія тэмы даследаванняў уяўляюць сёння істотны інтарэс для беларускага грамадства і дзяржавы. Апрача гэтага, абставіны падобных звальненняў кідаюць цень на рэпутацыю Акадэміі навук і яе інстытутаў, падрываюць давер вучоных да кіраўніцтва і ствараюць негатыўную працоўную атмасферу.

Мы заклікаем кіраўніцтва Акадэміі навук і яе інстытутаў адмовіцца ад практыкі палітычна матываваных скарачэнняў і ціску на вучоных, заклікаем адшукаць магчымасць працягнуць кантракты пералічаным ніжэй супрацоўнікам.

Спіс рэпрэсіраваных

Тэкст звароту быў прадубліраваны на англійскай, рускай, партугальскай і нямецкай мовах. Станам на снежань 2020 года зварот падпісалі 831 чалавек[5]. Ніякай афіцыйнай рэакцыі на Зварот ад кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук і дырэктараў навукова-даследчых інстытутаў, дзе працавалі звольненыя супрацоўнікі, не з’явілася.

Зноскі