Даўжыня 1,3-33 см (зрэдку да 40 см), маса да 5 кг (жаба-галіяф). Характэрны доўгія (скакальныя) заднія канечнасці. Прадстаўнікі відаў, што жывуць пераважна ў вадзе, маюць зялёную скуру, наземныя віды — карычневатую ці бураватую.
На Беларусі распаўсюджаны 4 віды жаб. Жаба азёрная (Rana ridibunda) і жаба сажалкавая (Rana lessonae=esculenta) — водныя формы, жывуць у вадзе ці каля яе. Жаба вастрамордая (Rana arvals-terrestris) і жаба травяная (Rana temporaria) — наземныя формы, жывуць на балотах і заліўных лугах, палянах, у садах, парках, каля жылля.
Размнажаюцца пераважна ў вадаёмах. У перыяд размнажэння многім жабам уласціва разнастайная гукавая сігналізацыя (так званыя «канцэрты»). Лічынкі — апалонікі.
Жабы — класічныя аб'екты лабараторных даследаванняў, як пакутніцам навукі ім пастаўлены помнікі ў Парыжы і Токіа. Мяса некаторых відаў ужываецца ў ежу.