Перайсці да зместу

Кагерэнтнасць (фізіка)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Кагерэ́нтнасць (ад лац.: cohaerens — «які знаходзіцца ў сувязі», «звязаны») — узгодненае працяканне ў часе некалькіх вагальных або хвалевых працэсаў.

Выяўляецца ў наяўнасці нязменных суадносін паміж фазамі розных ваганняў. Найпрасцейшы прыклад кагерэнтнасці — пастаянства рознасці фаз двух гарманічных ваганняў з аднолькавымі частотамі.

Кагерэнтныя светлавыя хвалі можна атрымаць дзяленнем пучка хваль ад адной (нялазернай) крыніцы святла або пры дапамозе лазераў, у радыёдыяпазоне — ад розных генератараў, якія працуюць на стабілізаванай частаце.

Кагерэнтнасць — неабходная ўмова ўзнікнення інтэрферэнцыі хваль.

Паняцце кагерэнтнасці выкарыстоўваецца ў хвалевай і квантавай оптыцы, квантавай механіцы, радыёфізіцы і радыётэхніцы.