Казьянскі замак

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Казьянскі замак — замак, які існаваў у XVI стагоддзі на поўначы ад вёскі Казьяны Віцебскага павета (цяпер Шумілінскі раён). Пабудаваны ў 1563 годзе ў час інфлянцкай вайны 1558—1582 гадоў паводле загаду цара Івана Грознага як парубежнае ўмацаванне.

Планіроўку і памеры замка вызначыў мыс лукавіны ракі Обаль. Будынак драўляны, трохвугольны ў плане (50х120х110 м), з 3 чацверыковымі вежамі (былі падзелены ўнутры на 3 баявыя ярусы), накрытымі двухсхільнымі дахамі. Вежа, размешчаная ў перашыйку лукавіны ракі, мела арачны праезд, астатнія — «глухія», стаялі на паўкруглых у плане падмурках, прарэзаных круглымі байніцамі ў верхняй частцы. Цэнтральную частку ўнутранай прасторы замка займала жылая забудова. Замак разбураны ў 1579 годзе войскамі Рэчы Паспалітай.

Замчышча вядома з 1837 года. Даследавана ў 1972 годзе. На прадаўгаватым мысе, выцягнутым з захаду на ўсход, захаваліся рэшткі земляных валоў, якія абкружаюць пляцоўку трохвугольнай формы. З захаду відаць рэшткі рова.

Замчышча занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння. У спісе яно аднесена да вёскі Красамай.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]