Калаўроткі
Калаўроткі | |||||||||||||||
![]() | |||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
прамежныя рангі
| |||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||
Rotifera Cuvier, 1817 | |||||||||||||||
|
Калаўроткі[1] (Rotifera = Rotatoria) — тып мнагаклетачных жывёл, раней адносіліся да групы першаснаполасцевых чарвей. Асноўнай прыкметай з'яўляецца наяўнасць так званага калаўротнага апарата на пярэднім канцы цела, які выкарыстоўваецца для харчавання і руху.
Касмапаліты. Пашыраны ў прэсных і саланаватых вадаёмах, а таксама ў прыбярэжным пяску, імху, глебе.
Апісанне[правіць | правіць зыходнік]
Найменшыя жывёлы з шматклетачных (даўжыня 0,04—2,5 мм), бясколерныя і каляровыя, двухбаковасіметрычныя. Кожнаму віду ўласціва пэўная і пастаянная кольнасць клетак (напр., асплянхна першасназубая мае 900 клетак). Цела выцягнутае, шарападобнае, звычайма падзелена на галаву, тулава і нагу (зрэдку рэдукаваную), укрыта кутыкулай. На галаве — калаўротны апарат (адсюль назва) — сістэма раснічак, з дапамогай якіх калаўроткі перамяшчаюцца і ўцягваюць у рот ежу. У многіх калаўротак ёсць панцыр або вакол цела ўтвараюцца футляры, домікі, чахлы. Першасная поласць цела запоўнена вадкасцю, якая мае крывяносную і дыхальную функцыі. Ёсць стрававальная (характэрна жавальная глотка), выдзяляльная, мышачная, полавая і нервовая сістэмы.
Адзіночныя ці каланіяльныя (калоніі дыяметрам да 3—4 мм), плаваюць ці прымацаваныя да субстрату. Большасць адкладвае яйцы, ёсць жывародныя. Самцы карлікавыя, вядомыя не ва ўсіх відаў.
Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]
Вядома каля 1500 відаў калаўротак, у Беларусі — каля 100 відаў. У асноўным гэта прэснаводныя насельнікі, але таксама яны водзяцца ў моры і вільготных глебах. Уваходзяць у склад бентасу і планктону.
Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]
Пераважна паліфагі — кормяцца водарасцямі, бактэрыямі, дэтрытам. Ёсць драпежнікі (кормяцца прасцейшымі і дробнымі калаўроткамі) і паразіты беспазваночных і раслін.
У жыццёвым цыкле адзначаецца спалучэнне аднаполага размнажэння з двухполым (гетэрагенія) ці выключна аднаполае (партэнагенез). Развіццё прамое. Праз 2—4 сут. з яйца вылупліваецца маленьная калаўротка, якая праз 2—4 сут. пачынае адкладваць яйцы. Пры неспрыяльыых умовах упадаюць у анабіёз.
Значэнне ў прыродзе[правіць | правіць зыходнік]
Удзельнічаюць у самаачышчэнні вадаёмаў. Пажыва для планктонаеднай моладзі рыб. Гадуюць на корм для лічынак рыб.
Зноскі
- ↑ Напісанне Калаўроткі у адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.7. Мн., 1999, С.455
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Гігіняк Ю.. Калаўроткі // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ ім. Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз.