Камандная гонка (біятлон)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Кама́ндная го́нка — агульная назва некалькіх відаў біятлоннай гонкі з інтэрвальным стартам. Старт прымае не адзін біятланіст якой-небудзь каманды, а ўся каманда цалкам, якая складаецца з чатырох чалавек. Пры праходжанні трасы і на фінішы адлегласць паміж першым і апошнім членам каманды не можа перавышаць 15 секунд або 50 метраў (у залежнасці ад рэгламенту спаборніцтваў), інакш да часу праходжання дыстанцыі дадаецца 1 штрафная хвіліна. За кожны промах уся каманда адпраўляецца на штрафны круг, роўны 150 м, за выключэннем гонкі патрулёў, якая праводзіцца ў рамках міжнародных спаборніцтваў сярод ваенных, у якой да агульнага часу праходжання дыстанцыі дадаецца штрафная хвіліна. Выніковы час улічваецца па фінішу апошняга члена каманды.

Частыя змены правілаў правядзення гэтага віду гонак, а таксама з’яўленне гонкі з агульнага старту канчаткова выцесніла камандную гонку ў канцы 90-х гадоў XX стагоддзя з календароў міжнародных біятлонных спаборніцтваў. Хоць розныя яе разнавіднасці да гэтага часу праводзяцца на нацыянальным узроўні, а таксама на спаборніцтвах сярод ваеннаслужачых.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Спабо́рніцтвы вае́нных патрулё́ў — ранні від гонкі патрулёў — былі ўключаны ў праграму зімовых Алімпійскіх гульняў у 1924 годзе ў французскім Шамані як дэманстрацыйныя спаборніцтвы з наступным узнагароджаннем пераможцаў і прызёраў алімпійскімі медалямі. Яшчэ тройчы — на зімовых Алімпіядах 1928, 1936 і 1948 гадоў — яны былі прадстаўлены ў якасці дэманстрацыйных спаборніцтваў, аднак у якасці асобнага алімпійскага віду спорту не былі прызнаныя. Толькі на зімовых Алімпійскіх гульнях 1960 года ў амерыканскім Скво-Вэлі біятлон — фактычны пераемнік спаборніцтва ваенных патрулёў — змог атрымаць такое прызнанне.

Да Вялікай Айчыннай вайны ў Чырвонай Арміі сярод воінскіх часцей і падраздзяленняў сталі праводзіцца спаборніцтвы па лыжным спорце, у тым ліку і па прыкладному віду выкарыстання лыж, так званая «Гонка патрулёў» (камандныя спаборніцтвы, гонка на дыстанцыю 30 км са стральбой), лыжныя пераходы. Адным з самых масавых спаборніцтваў у перадваенныя гады сталі першынства сярод падраздзяленняў і часцей Чырвонай Арміі па лыжным спорце.

Віды каманднай гонкі[правіць | правіць зыходнік]

Кама́ндны спрынт — від каманднай гонкі з дыстанцыяй у 10 км у мужчын і юніёраў, а таксама 7,5 км у жанчын і юніёрак[1]. Усяго прадугледжана два агнявыя рубяжы, на якіх страляюць па два ўдзельнікі каманды — першы рубеж лежачы, другі стоячы. Адпаведна, спартсмены, якія стралялі лежачы, не вядуць стральбу з становішча стоячы, і наадварот. Спартсмены, якія страляюць лежачы, павінны быць у чырвона-зялёных бібах (нагрудных знаках), страляючыя стоячы — у жоўта-сініх. Каманды стартуюць з інтэрвалам у 1 хвіліну[2]. Камандны спрынт быў уключаны ў каляндар чэмпіянатаў свету па біятлоне ў перыяд з 1989 па 1998 гады. У рамках Кубка свету гэты від біятлонных спаборніцтваў, паводле дадзеных Міжнароднага саюза біятланістаў, быў праведзены толькі адзін раз — на пятым этапе сезона 1996/1997 ў нямецкім Рупольдынгу[3]. Камандны спрынт за ўсю гісторыю яго правядзення так і не быў уключаны ў алімпійскую біятлонную праграму. На дадзены момант гэты від біятлонных спаборніцтваў праводзіцца ў рамках Чэмпіянату Расіі па біятлоне і Лыжных чэмпіянатаў свету сярод ваеннаслужачых.

Уласна кама́ндная го́нка — гонка з дыстанцыяй у 20 км у мужчын і 15 км у жанчын. Прадугледжана чатыры агнявыя рубяжы — на кожным з іх страляе адзін спартсмен. На першым і трэцім агнявым рубяжы стральба вядзецца лежачы, на другім і чацвёртым — стоячы.

Го́нка патрулё́ў — сучасны выгляд спаборніцтва ваенных патрулёў (гонкі, якая з’яўляецца родапачынальніцай біятлона). Праводзіцца ў рамках Сусветных зімовых ваенна-спартыўных гульняў і Лыжных чэмпіянатаў свету сярод ваеннаслужачых, дзе кваліфікуецца не як від біятлоннай гонкі, а як асобны від спаборніцтваў. Але ж правілы яе правядзення ўзгадняюцца з Міжнародным саюзам біятланістаў. Гэтая гонка з дыстанцыяй у 25 км у мужчын і 15 км у жанчын[4][5]. Каманда складаецца з чатырох спартсменаў — біятланістаў і лыжнікаў. Адзін член каманды — гэта лідар патруля, астатнія тры — гэта члены патруля, кожны з якіх вядзе стральбу з становішча лежачы (прадугледжаная адна стральба на дыстанцыі).

Падобнае з гонкай патрулёў спаборніцтва праводзіцца ў рамках Чэмпіянату Расіі па біятлоне і называецца патру́льная го́нка. Гэта гонка з дыстанцыяй у 25 км у мужчын, 20 км у жанчын і юніёраў, і 15 км у юніёрак. Каманда складаецца з пяці спартсменаў, якія двойчы вядуць стральбу — спачатку лежачы, потым стоячы (прычым, кожны спартсмен робіць па аднаму стрэлу ў цэнтральную мішэнь сваёй устаноўкі). Каманды стартуюць з інтэрвалам у 2 ці 3 хвіліны.[6]

Супермікст — у кожнай камандзе выступяць па два чалавекі — мужчына і жанчына, кожны з якіх прабяжыць па два этапы. На агульны старт выйдуць 30 каманд. Першымі пабягуць жанчыны, фінішаваць будуць мужчыны. Працягласць этапу складзе 3,1 км (1,5 км — стральба стоячы — 1,5 км — стральба лежачы — 0,1 км — перадача эстафеты). На агнявым рубяжы не прадугледжаны дадатковыя патроны. За промах біятланісты прабягаюць па 50 метраў. Фініш адбываецца адразу пасля заключнай стральбы.

23 сакавіка 2014 года на этапе Кубка свету ў Халменколене прайшоў супермікст ў рамках заключнага этапу Кубка IBU, перамагла нарвежская пара, расійская пара Кацярына Шумілава — Цімафей Лапшын стала другой. Гонка была ўключана ў праграму юнацкіх Алімпійскіх гульняў у Лілехамеры-2016.

Міжнародны саюз біятланістаў (IBU) прыняў рашэнне аб уключэнні адзіночнай змешанай эстафеты (супермікса) у праграму чэмпіянатаў свету пачынаючы з 2019 года. Аб гэтым паведамляецца ў рэлізе прэс-службы IBU.

Зноскі

  1. Сярод юнакоў і дзяўчат камандны спрынт ніколі не праводзіўся.
  2. Апісанне біятлонных спаборніцтваў на сайце Wintersport
  3. Мужчыны і Жанчыны
  4. Дыстанцыя гонкі патрулёў часта змянялася. Так, напрыклад, у рамках 49-га Лыжнага чэмпіянату свету сярод ваеннаслужачых у эстонскіх Выру і Хаанье яна складала 14 км для мужчын і 8 км для жанчын.
  5. Вынікі апошніх Лыжных чэмпіянатаў свету сярод ваеннаслужачых
  6. Апісанне патрульнай гонкі на афіцыйным сайце часопіса «Лыжный спорт»