Канстанцін Маскалік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Канстанцін Маскалік
Род дзейнасці святар
Дата нараджэння 28 мая 1918(1918-05-28)
Месца нараджэння
Дата смерці 12 красавіка 2010(2010-04-12) (91 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Веравызнанне Каталіцкая Царква
Месца працы

Канстанцін (Кастусь) Маскалік (1918—2010) — беларускі грэка-каталіцкі царкоўны дзеяч.

Біярафія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 28 траўня 1918 года ў Гарадзеі ў сялянскай сям’і Тодара і Ганны (з роду Шыманскіх). Маці памерла, калі яму было ўсяго 8 месяцаў, а ў васьмігадовым узросце страціў і бацьку. Апеку і выхаванне ўзялі сваякі.

Скончыў мясцовую сямігодку, потым цягам двух гадоў жыў у Жыровіцкім праваслаўным манастыры. Некаторы час быў у грэка-каталіцкім манастыры айцоў студытаў ва Уніве каля Львова. У траўні 1941 мабілізаваны ў Чырвоную Армію, вывезены ў Расію, як «ненадзейны» ў хуткім часе апынуўся ў працоўным батальёне. Здолеў патрапіць у Армію Андэрса, разам з якой праз Іран, Ірак, Палесціну і Егіпет у 1944 годзе трапіў у Італію; працаваў пры кухні.

У 1947 годзе паступіў у калегію Русікум у Рыме. 10 красавіка 1955 году ўкраінскі грэка-каталіцкі архібіскуп Іван Бучко ўдзяліў яму святарскія свячанні. Праз паўгода Кастусь Маскалік прыехаў у Лондан, дзе служыў у Беларускай каталіцкай місіі. У 1958 годзе выехаў у Парыж на пасаду кіраўніка Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі, аднак у 1962 годзе быў пераведзены ў Рым як памочнік Пятра Татарыновіча ў працы на Ватыканскім радыё. У 1985 годзе айцец Кастусь Маскалік вярнуўся ў Лондан на працу ў Місіі.

Памёр на 92 годзе жыцця 12 красавіка 2010 года. Пахаваны на могілках Св. Панкрата ў Лондане, побач з магіламі іншых беларускіх каталіцкіх святароў. Чын пахавання здзейсніў Апостальскі Візітатар беларусаў-католікаў у замежжы Аляксандр Надсан, які ведаў памерлага яшчэ з перадваеннага часу. У жалобнай падзеі прыняла ўдзел Прэзідэнт Рады БНР Івонка Сурвіла[1].

Зноскі

  1. carkva-gazeta.by Архівавана 23 ліпеня 2022.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. / Аўтар-укладальнік: Юрась Гарбінскі. — Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3