Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
Сайт vaticannews.va/be… (бел.)

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё — структурны аддзел «Ватыканскага радыё», які вяшчае на беларускай мове з Ватыкану.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Рэдакцыя пад кіраўніцтвам кс. Пятра Татарыновіча (1950—1970)[правіць | правіць зыходнік]

Рэгулярнае вяшчанне Ватыканскага радыё па-беларуску пачалося 6 студзеня 1950 г. Да гэтага, 24 снежня 1949 г., на хвалях папскай радыёстанцыі прагучала пасланне Пія ХІІ на беларускай мове з нагоды ўрачыстасці Божага Нараджэння і пачатку Юбілейнага года хрысціянства.

Першым кіраўніком і на працягу доўгага перыяду адзіным супрацоўнікам Беларускай рэдакцыі быў рымска-каталіцкі святар Пётр Татарыновіч. Першапачаткова праграмы выходзілі адзін раз на тыдзень. У іх паведамляліся навіны з Ватыкана, жыцця Касцёла і беларускай эміграцыі ў свеце, у эфіры чыталіся катэхетычныя і апалагетычныя разважанні. Пазней у склад рэдакцыі ўвайшоў айцец Кастусь Маскалік, які працаваў пераважна дыктарам. З рэдакцыяй супрацоўнічалі біскуп Часлаў Сіповіч, айцец Тамаш Падзява і некаторыя іншыя дзеячы беларускай каталіцкай эміграцыі. У 1970 г. ксёндз Татарыновіч сышоў на пенсію, жыў у Рыме і займаўся выдавецкай і перакладчыцкай дзейнасцю.

Рэдакцыя пад кіраўніцтвам а. Льва Гарошкі (1970—1977)[правіць | правіць зыходнік]

У перыяд паміж 1970—1977 гг. кіраўніком Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё быў грэка-каталіцкі святар Леў Гарошка. Да гэтага часу вяшчанне папскай радыёстанцыі на беларускай мове павялічылася да пяці разоў на тыдзень. Кожны выпуск працягваўся 14 хвілін. Апроч непасрэдна ватыканскіх навін айцец Гарошка рабіў ухіл на апалагетычную і беларускую нацыянальную тэматыку. Падрыхтаваў цыклы праграм, прысвечаных хрысціянскім аспектам беларускай літаратуры, гісторыі хрысціянства ў Беларусі, славутым беларускім рэлігійным дзеячам, сведчанням вялікіх асоб — навукоўцаў, астраномаў, кампазітараў — пра існаванне Бога.

Рэдакцыя пад кіраўніцтвам а. Роберта Тамушанскага (1977—1996)[правіць | правіць зыходнік]

Пасля смерці айца Гарошкі, у 1977 г., рэдакцыю ўзначаліў айцец Роберт Тамушанскі. У гэты час тут упершыню пачалі працаваць не толькі святары, але і свецкія вернікі. У 1980 г. падчас свайго візіту на Ватыканскае радыё рэдакцыю наведаў Папа Ян Павел ІІ. З 1988 па 1993 гг. рэдакцыя рыхтавала інфармацыйны штомесячны бюлетэнь на хрысціянскую і нацыянальную тэматыку, які распаўсюджваўся праз пошту сярод эміграцыі і беларускіх вернікаў. Некалькі разоў адбывалася каментаванне некаторых урачыстых ватыканскіх падзей на беларускай мове ў прамым эфіры. Пасля адкрыцця межаў сядзібу радыё пачалі наведваць беларускія каталіцкія іерархі, грамадскія і культурныя дзеячы, якія прыбывалі ў Рым. Гасцямі рэдакцыі былі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Анатоль Грыцкевіч, Адам Мальдзіс, Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель, кс. Ян Матусевіч, а. Аляксандр Надсан, кардынал Казімір Свёнтак і інш. 

Рэдакцыя пад кіраўніцтвам а. Клода Робінэ (1996—2010)[правіць | правіць зыходнік]

У 1996 г. Беларускую рэдакцыю Ватыканскага радыё ўзначаліў бельгійскі езуіт айцец Клод Робінэ. У гэты перыяд працягвалі паглыбляцца кантакты з Касцёлам у Беларусі, з'явіліся карэспандэнты, якія дасылалі свае рэпартажы. Пачалася праца рэдакцыйнага сайту. 

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

З 2010 г. Беларускай рэдакцыяй Ватыканскага радыё кіруе кс. Аляксандр Амяльчэня. У гэты перыяд быў ініцыяваны шэраг перамен, накіраваных на тое, каб перадачы адпавядалі сучасным стандартам радыёвяшчання: была зменена структура праграм, робіцца ўхіл на актуальнасць і своечасовасць перадачы навін, а таксама даступнасць падачы інфармацыі. Вялікая ўвага даецца прысутнасці Беларускай рэдакцыі ў інтэрнэце: штодзённа абнаўляецца рэдакцыйны сайт і старонка ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук». Адзін раз на тыдзень рэдакцыя рыхтуе выніковы выпуск навін, які перадаецца на хвалях Першай праграмы Беларускага радыё.

Структура праграмы[правіць | правіць зыходнік]

Штодзённа супрацоўнікі Беларускай праграмы Ватыканскага радыё рыхтуюць да радыёэфіру 19-хвілінны выпуск. У яго першую частку ўваходзіць блок актуальных навін, а ў другую — тэматычная рубрыка.

Магчымасць слухаць праграмы[правіць | правіць зыходнік]

Штодзённыя выпускі выходзяць а 19.00 па італьянскім часе на кароткіх хвалях у дыяпазоне 49 метраў на частаце 6185 кілагерцаў (пры пераходзе на зімовы час) або 25 метраў на частаце 11715 кілагерцаў (пры пераходзе на летні час). Праграмы паўтараюцца а 11.20 па італьянскім часе ў ФМ-дыяпазоне на хвалі 93.3 на тэрыторыі Рыма.

Кожную нядзелю ў 8.55 на хвалях Першай праграмы Беларускага радыё ў ФМ-дыяпазоне на ўсёй тэрыторыі Беларусі выходзіць пяціхвілінны выніковы выпуск навін з Ватыкана, падрыхтаваны Беларускай рэдакцыяй Ватыканскага радыё.

На спадарожніку Эўтэлсат Хотбёрд 13 усходняй даўгаты ў дыяпазоне 12476 мегагерц гарызантальнай палярызацыі (на канале RADIO VATICANA TELEPACE) праграмы Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё можна слухаць а 19.00 і 5.20 паводле італьянскага часу.

У інтэрнэце перадачы Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё можна слухаць на сайце www.vatican.by у раздзеле «аўдыё» або на афіцыйным сайце Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі www.catholic.by у раздзеле «Ватыкан». 

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]