Канстытуцыя Мэйдзі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
канстытуцыя
«Канстытуцыя Вялікай Японскай Імперыі»
яп.: 大日本帝國憲法
Галіна права: канстытуцыйнае права
Дзяржава: Японская імперыя
Падпісанне: імператарам Мэйдзі 11 лютага 1889
Уступ у сілу: 29 лістапада 1890
Першая публікацыя: «Кампо[en]», 11 лютага 1889[1]
Страта сілы: 3 мая 1947
Месца захоўвання: Нацыянальны архіў Японіі
Поўны тэкст у Вікікрыніцы?.
1 старонка. Імператарскі прывілей.
2 старонка. Імператарскі прывілей.
3 старонка. Адбітак імператарскай пячаткі і подпісы міністраў.
4 старонка. Пачатак асноўнага тэксту.

Канстыту́ція Вялі́кай Япо́нскай Імпе́рыі (яп.: 大日本帝国憲法, だいにほんていこくけんぽう, Dai-Nippon Teikoku Kenpō) — асноўны закон Японскай імперыі. Была абвешчана 11 лютага 1889 года. Дзейнічала з 29 лістапада 1890 года. Страціла сілу пасля 2 мая 1947 года ў сувязі з прыняццем новай Канстытуцыі Японіі 1947 года.

Працэс прыняцця[правіць | правіць зыходнік]

Пасля рэстаўрацыі Мэйдзі ў 1868 годзе Імператарскі ўрад Японіі, які паспяхова ліквідаваў папярэднюю сістэму ўлады сёгуната Такугава, апынуўся пад ціскам грамадскага Руху за свабоду і народныя правы, а таму пачаў схіляцца да стварэння агульнаяпонскай канстытуцыі. У 1876 годзе Палаце Старэйшын было даручана распрацаваць чарнавы праект асноўнага закона. Яна сфарміравала Камітэт даследавання Канстытуцыі, пазнаёмілася з асноўнымі законамі замежных дзяржаў і ў кастрычніку 1876 года прадставіла ўраду першы праект канстытуцыі, а ў 1878 годзе — другі. Абодва праекты былі распрацаваны пад уплывам дэмакратычнай канстытуцыі Бельгіі 1831 года і выклікалі жорсткую крытыку лідара японскай арыстакратыі Івакуры Тамомі. У 1880 годзе спецыялісты Палаты Старэйшын распрацавалі трэці праект японскай канстытуцыі, але і ён не быў ухвалены.

У канстытуцыйным працэсе прынялі таксама актыўны ўдзел звычайныя японцы, якія сталі складаць публічныя праекты асноўнага закона[2] і прадстаўляць іх ураду. Сярод такіх прац асаблівым радыкалізмам адзначыўся «Праект дзяржаўнай канстытуцыі Усходнеазійскай Вялікай Японіі»[3] аўтарства Уэкі Эморы, які прымусіў японскіх чыноўнікаў паскорыць прыняцце канстытуцыі і паабяцаць грамадскім дзеячам склікаць Усеяпонскі парламент пасля яе зацвярджэння.

У такіх умовах быў падрыхтаваны новы ўрадавы праект Асноўнага закона 1888 года. Яго аўтарам стаў першы прэм’ер-міністр Японіі Іта Хірабумі. Гэты палітык праходзіў стажыроўку ў Прусіі пад кіраўніцтвам юрыстаў Рудольфа фон Гнейста і Гюнтэра Штэйна і лічыў прускую мадэль канстытуцыйнай манархіі найбольш прыдатнай для японскай сістэмы ўлады. Пасля вяртання на радзіму, Іта, разам з Іноўе Кавасі і Канэка Кентара, падрыхтаваў у 1880 годзе першы канстытуцыйны праект, а ў 1888 годзе — заключны. Падрабязнасці напісання і рэдагавання гэтых прац не раскрываліся грамадскасці. Канчатковы праект Іта абмяркоўваўся ў Тайным савеце і быў зацверджаны Імператарам Японіі 11 лютага 1889 года як «Канстытуцыя Вялікай Японскай імперыі». Яна набыла моц з 29 лістапада 1890 года і дзейнічала без змяненняў да прыняцця новай Канстытуцыі Японіі ў 1947 годзе.

Структура і асаблівасці[правіць | правіць зыходнік]

Па змесце Канстытуцыя падзяляецца на ўласна Канстытуцыю Вялікай Японскай імперыі і Закон аб Імператарскім доме. Яна складаецца з Імператарскага прывілея, 7 параграфаў і 76 артыкулаў. Тэкст Канстытуцыі просты, невыразны і сітуатыўны, што дазваляла японскаму ўраду інтэрпрэтаваць яго па сваім меркаванні, у залежнасці ад абставін. Як і ў прускай мадэлі канстытуцыйнай манархіі, японская Канстытуцыя спалучала ў сабе ліберальна-дэмакратычныя каштоўнасці з абсалютнай уладай манарха, але таксама змяшчала арыгінальныя палажэнні аб боскасці прыроды Імператарскай улады, адлюстраваныя ў артыкулах 1 і 4, што надавала асноўнаму закону Японіі адценне тэакратычнасці.

Сярод дэмакратычных новаўвядзенняў Канстытуцыі былі скліканне Парламента для кантролю над урадам, увядзенне сістэмы міністраў-саветнікаў для прадухілення манархічнага аўтарытарызму, абвяшчэнне незалежнасці судовай улады і вызначэнне асноўных правоў грамадзян. У выніку Руху падтрымкі Канстытуцыі 19121913 гадоў, які ставіў на мэце абарону і захаванне гэтых палажэнняў, у міжваеннай Японіі атрымалі развіццё дэмакратычныя пераўтварэнні ў перыяд Тайсё, а таксама з’явіліся першыя шматпартыйныя Кабінеты міністраў.

Разам з гэтым носьбітам суверэнітэту Японіі і наглядчыкам, які меў права кіравання ўсімі сферамі жыцця краіны, абвяшчаўся Імператар Японіі. Выдадзеныя ім распараджэнні мелі сілу закона без адабрэння Парламента. Пры імператары былі створаны дарадчыя органы Тайны савет і Палата арыстакратыі, члены якіх удзельнічалі ў вырашэнні палітычных пытанняў, але не паддаваліся кантролю грамадзян Японіі. Кіраванне войскам таксама ўваходзіла ў фармальную кампетэнцыю Імператара, але фактычна было незалежным. Гэтыя палажэнні абумовілі недаразвітасць дэмакратычных інстытутаў Японіі і прывялі да ўзнікнення тэакратычна-мілітарысцкай дыктатуры ў 1930-я гады.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]