Караль Прозар

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Караль Прозар
Karal Prozar. Караль Прозар.jpg
Караль Прозар
POL-COA-Prozor.png
Уласны герб «Прозар»
Вялікі абозны літоўскі
1787 — 1794
Папярэднік: Міхал Ян Борх
Пераемнік: Аляксандр Міхал Пацей
 
Дзейнасць: інжынер у грамадзянскім будаўніцтве
Нараджэнне: 1759(1759)
Смерць: 1 лістапада 1841(1841-11-01)
Пахаванне:
Род: Прозары
Бацька: Юзаф Прозар
Маці: Феліцыяна Шчытаўна
Жонка: Людвіка Канстанцыя з Шуйскіх
Дзеці: Юзэфа, Марыяна, Юзаф, Станіслаў, Уладзіслаў
 
Узнагароды:
Ордэн Белага арла
Ордэн Святога Станіслава
Кавалер ордэна Ганаровага легіёна

Караль Прозар (17591 лістапада 1841, Хойнікі) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Абозны вялікі літоўскі (17871794), тытулаваў сябе графам на Хойніках і Астраглядавічах (Оўруцкі павет у Рэчы Паспалітай, Рэчыцкі павет у Расійскай імперыі).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Прадстаўнік шляхецкага роду Прозараў гербу ўласнага, сын Юзафа, ваяводы віцебскага.

Караль Прозар. Невядомы мастак

Атрымаў выдатную адукацыю, актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці краіны. Займаў пасаду маршалака Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага (1787)[1], потым быў абозным (генерал-кватармайстрам). Ухваляў Канстытуцыю 3 мая 1791[2].

Пры падрыхтоўцы паўстання (1794) сабраў на яго падтрымку каля мільёна злотых, прадаўшы пры гэтым частку сваіх уладанняў. Атрымаў ад Т. Касцюшкі прызначэнне на генерал-маёра, начальніка ўзброеных сіл на Украіне, Палессі, Падоллі і частцы Літвы, што адыйшла раней да Расійскай імперыі. Аднак з прычыны недасведчанасці ў ваеннай справе не здолеў разгарнуць ваенных дзеянняў, выехаў у Варшаву.

18 ліпеня 1794 атрымаў ад Т. Касцюшкі прызначэнне на пасаду намесніка радцы Найвышэйшай нацыянальнай рады і паўнамоцнага прадстаўніка пры ўсіх дывізіях войска Вялікага Княства Літоўскага (яму падпаракоўвалася Цэнтральная дэпутацыя Вялікага Княства Літоўскага). Выехаў у Вільню, па здушэнні паўстання ў эміграцыі.

Па атрыманні амністыі вярнуўся ў Хойнікі (1802). У 1812 падтрымаў Напалеона, увайшоў у Часовы ўрад Вялікага Княства Літоўскага (старшыня Скарбовага камітэта). Да 1814 у эміграцыі.

3 1821 у Патрыятычным таварыстве, член правінцыйнага камітэта Літвы. У 1826 расійскія ўлады арыштавалі К. Прозара ў справе дзекабрыстаў і змясцілі ў Петрапаўлаўскую крэпасць, аднак у 1829 вызвалілі як «не належнага да справы»[3].

Падчас гэтага зняволення памерла жонка К. Прозара Людвіка (1828), якая ў пошуках мужа выехала ў Брэст. Нябожчыцу перавезлі на радзіму і пахавалі ва ўніяцкай бажніцы ў вёсцы Вялікі Бор, пазней перапахавалі ў Хойніках, у кургане каля капліцы на местачковых могілках.

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

  • Тадэвуш Касцюшка называў Караля Прозара «рэдкім грамадзянінам», а расійская імператрыца Кацярына II прылічыла яго да «злостнейших бунтовщиков»[4].

Зноскі

  1. Уладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта. Прозары // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 465.
  2. Л. Д. Клок. Тайна хойніцкага пергаменту // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Хойніцкага раёна. — Мн., 1993.
  3. Уладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта. Прозары // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 466.
  4. Сяргей Бельскі. Абозны Вялікага Княства // «Культура» № 36 (956), 4 верасня 2010.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]