Карная аперацыя «Веснавое свята»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Веснавое свята (ням.: Frühlinfest) — кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і мясцовага насельніцтва Полацка-Лепельскай партызанскай зоны (Докшыцкі, Лепельскі, Полацкі, Ушацкі раёны) 17 красавіка — 5 мая 1944 года.

Праводзілася сіламі 12 палкоў СС і паліцыі, часцей 6-й асобнай авіяпалявой, 5 пяхотных, 20-й ахоўнай і запасной дывізій, асобнага батальёна СС Дырлевангера, 501-га танкавага палка, 2 палкоў брыгады Камінскага — каля 60 000 чалавек, 137 танкаў, 235 гармат, каля 70 самалётаў, 2 бронецягнікі. Кіравалі аперацыяй камандуючы 3-й танкавай арміі генерал-палкоўнік Рэйнгарт і генеральны камісар генеральнай акругі Беларусь групэнфюрэр войск СС і генерал-лейтэнант паліцыі Готберг.

У блакіраваным нямецкімі войскамі раёне дзейнічалі 16 партызанскіх брыгад, больш за 17 000 чалавек, на ўзбраенні якіх было 9344 вінтоўкі, 1544 аўтаматы, 721 кулямёт, 151 процітанкавае ружжо, 143 мінамёты, 21 гармата. Кіравала і каардынавала баявыя дзеянні брыгад аператыўная група ЦК КП(б)Б і БШПР на чале з У. Е. Лабанком. Гітлераўцы планавалі прыціснуць партызан да чыгункі МаладзечнаПолацк, уздоўж якой сканцэнтравалі свае войскі з 2 бронецягнікамі. Галоўны ўдар наносіўся на паўднёвым участку абароны, дзе наступалі часці 2 дывізій і 2 палкоў. Дапамогу партызанам аказвалі БШПР і ваенны савет 1-га Прыбалтыйскага фронту. Авіяцыя фронту зрабіла 354 вылеты, нанесла бомбавыя ўдары па скопішчах праціўніка, пераправіла больш за 250 тон грузаў, вывезла каля 1500 параненых і хворых. Адначасова войскі пачалі наступленне на полацкім напрамку. Адцягваючыя ўдары нанеслі брыгады Сенненска-Аршанскай і Барысаўска-Бягомльскай партызанскіх зон і партызаны Вілейскай вобласці. Да канца красавіка гітлераўцам удалося звузіць кальцо акружэння да 20 км вакол Ушачаў, але дасягнуць сваіх мэт акупанты не змаглі: у ноч на 5 мая блакада была прарвана, усе брыгады выйшлі з акружэння і вывелі 15 000 мясцовага насельніцтва. Пад выглядам барацьбы з партызанамі было загублена 7011 чалавек, захоплена для вывазу у Германію 11 000 чалавек, спалены шэраг вёсак.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Р. Р. Кручок. Веснавое свята // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 120. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.