Полацка-Лепельская партызанская зона

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Полацка-Лепельская партызанская зона — тэрыторыя Ушацкага, часткова Лепельскага, Ветрынскага, Бешанковіцкага і іншых раёнаў Віцебскай вобласці і Пліскага раёна Вілейскай вобласці, якую ў Айчынную вайну кантралявалі партызаны. Створана ўвосень 1942 года. У канцы 1943 года займала 3,2 тысячы км², дзе знаходзілася каля 1220 населеных пунктаў. Пад аховай партызан знаходзіліся больш за 73,5 тысячы савецкіх грамадзян, у тым ліку 7,5 тысяч бежанцаў з іншых раёнаў. Зона была пад кантролем партызан амаль да поўнага вызвалення тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкай акупацыі.

У канцы 1943 — пачатку 1944 гадоў зону трымалі 16 партызанскіх брыгад: імя Чапаева, 2-я Ушацкая імя Панамарэнкі, Лепельская імя Сталіна, Чашніцкая, «За Савецкую Беларусь», імя Кароткіна, Смаленскі партызанскі полк і іншыя. Са снежня 1943 года кіраўніцтва дзеяннямі партызанскіх брыгад у зоне і іх каардынацыю ажыццяўляла аператыўная група ЦК КП(б)Б І БШПР. Аператыўная група мела сталую сувязь з 1-м Прыбалтыйскім фронтам праз прадстаўніка БШПР і ЦК КП(б)Б і І. І. Рыжыкава, з партызанскімі злучэннямі суседніх зон.

У зоне была адноўлена савецкая ўлада, базіраваліся Ушацкі, Лепельскі, Ветрынскі, Докшыцкі, Пліскі, Бешанковіцкі, Сіроцінскі падпольныя райкамы партыі і камсамола. Падтрымлівалася двухбаковая сувязь з Вялікай Зямлёй; каля вёсак Сержаны, Двор Пліна дзейнічалі партызанскія аэрадромы; працавалі 2 шкіпінарна-дзягцярныя заводы, ганчарнае, 80 кавальска-слясарных, 54 гарбарныя, 48 сталярна-бандарных прадпрыемстваў, 3 электрастанцыі, 6 млыноў, 20 маслазаводаў.

Нямецкія акупацыйныя ўлады неаднойчы спрабавалі ліквідаваць зону, зімой 1943—1944 гадоў правялі 5 карных аперацый, найбуйнейшую «Веснавое свята» (ням.: Operation Frühlingsfest) — у красавіку — маі 1944 года.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]