Карная аперацыя «Паляванне на качак»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Паляванне на качак (ням.: Entenjagd) — кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і мясцовага насельніцтва ў Бялыніцкім, Круглянскім і Шклоўскім раёнах 16—19 кастрычніка 1943 года.

Праводзілася сіламі выведзенымі з аперацыі «Паляванне на зайцоў», узмоцненымі батальёнамі 638-га і 350-га палкоў, артылерыйскай групай і іншымі з мэтай «уціхамірвання» раёна ад Талачына да Круглага. Задума аперацыі заключалася ў тым, каб намнога большымі сіламі на паўночным усходзе ад вёскі Галоўчын Бялыніцкага раёна стварыць «кацёл» і ўдарамі з чатырох напрамкаў пры падтрымцы авіяцыі знішчыць партызан. Аднак гэтая аперацыя, як і аперацыя «Паляванне на зайцоў», не мела поспеху. Партызаны выйшлі з «катла» на флангі і ў тылы карнікаў, працягваючы наносіць удары па камунікацыях 4-й арміі. 19 кастрычніка акупанты захапіўшы каля 300 мясцовых грамадзян для выкарыстання на будаўніцтве ўмацаванняў і вывазу ў Германію, абрабаваўшы вёскі, пачалі адыход з раёна аперацыі. Нямецкае камандаванне вымушана было часова адмовіцца ад правядзення буйнамаштабных карных аперацый. У другой палове кастрычніка гітлераўцы правялі ў раёне аховы тылу 4-й арміі 418 патрульных акцый, 183 засады на партызан, 64 аперацыі па размініраванню дарог і, як і раней, былі вымушаны пастаянна выкарыстоўваць 106 ахоўных каманд для суправаджэння транспартаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • У. С. Пасэ. Паляванне на качак // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 394. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.