Перайсці да зместу

Касмічная праграма Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларуская касмічная праграма пачата ў 2007 годзе. У яе рамках першы спадарожнік быў запушчаны ў 2012 годзе.

Выканаўчы орган — Беларускае касмічнае агенцтва (з 2015). Раней работу курыравала Акадэмія навук.

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Першыя работы над касмічным апаратам у Рэспубліцы Беларусь пачаліся ў 2003 годзе ў супрацоўніцтве з расійскімі ЗАТ «ЦНИИМАШ-Экспорт» і РКК «Энергия» (спадарожнік «БелКА»). Праект быў беларускім, але спадарожнік створаны на расійскіх вытворчых магутнасцях. Запуск адбыўся 26 ліпеня 2006 года, але ён апынуўся няўдалым з-за ракеты-носьбіта, і апарат быў разбураны[1].

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта 14 чэрвеня 2007 года, зацверджаным пастановай Савета Міністраў 14 кастрычніка 2008 года, сфарміравана Беларуская касмічная праграма[2].

Першы этап (2008—2012)

[правіць | правіць зыходнік]

У перыяд 2008—2012 гадоў рэалізоўваліся навуковыя даследаванні, навукова-тэхнічныя распрацоўкі, арганізацыйныя, кадравыя і іншыя мерапрыемствы. Каардынатарам усёй дзейнасці стала Акадэмія навук Беларусі. Ажыццяўлялася работа над 11 падпраграмі. Сярод іх[2]:

  • распрацоўка функцыянальна поўнай Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі (ДЗЗ), якая ўключае Беларускі касмічны апарат (БКА) і наземны комплекс кіравання (выконвалася на базе УП «Геаінфармацыйныя сістэмы НАН Беларусі»);
  • праектаванне авіяцыйнай сістэмы маніторынгу і апрацоўкі даных ДЗЗ (АВІС, ДНТП «Касмічныя сістэмы і тэхналогіі»);
  • падрыхтоўка базы для вырабу мэтавай апаратуры ДЗЗ высокага дазволу (Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт на ААТ «Пеленг»);
  • стварэнне базавай інфраструктуры сістэмы прафесійнай аэракасмічнай адукацыі (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт);
  • распрацоўка комплексу ацэнкі і прагназавання стану прыродных і антрапагенных геасістэм з выкарыстаннем аэракасмічнай інфармацыі (Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя);
  • праграмны комплекс для маніторынгу дзяржаўных тапаграфічных карт і планаў населеных пунктаў па даных ДЗЗ (Дзяржаўны камітэт па маёмасці);
  • распрацоўка тэхналогій для кантролю стану меліярацыйных зямель;
  • падрыхтоўка тэхналогіі комплекснай апрацоўкі даных ДЗЗ для вырашэння задач лясной гаспадаркі (Міністэрства лясной гаспадаркі);
  • для вырашэння задач МНС пачалася распрацоўка праграмнага комплексу «Маніторынг-НС»: аэракасмічны маніторынг паводак і прыродных пажараў.

З запускам спадарожніка БКА 22 ліпеня 2012 года Беларусь увайшла ў лік касмічных дзяржаў[3]. 1 лістапада 2013 года Генеральная Асамблея ААН прыняла краіну ў Камітэт ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах[1].

Другі этап (2013—2017)

[правіць | правіць зыходнік]

Другі этап ставіцца да 2013—2017 гадоў. Яго канцэпцыю распрацавала НАН Беларусі сумесна з зацікаўленымі органамі дзяржкіравання і арганізацыямі. Работы праводзіліся зыходзячы з аналізу атрыманага і наяўнага навукова-тэхнічнага патэнцыялу краіны, а таксама на падставе вынікаў выканання першага этапу праграмы. Разглядаліся прапановы, на падставе якіх былі выпрацаваны 4 асноўныя напрамкі[2]:

  1. Развіццё сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Тут патрабавалася эксплуатацыя і мадэрнізацыя ўжо створанай Беларускай касмічнай сістэмы ДЗЗ. Для яго развіцця запланавана стварэнне шматузроўневага комплексу ДЗЗ з увязкай авіяцыйнай і касмічнай здымкі, а таксама новыя касмічныя сродкі і ўзоры вырабаў, якія маглі б устойліва працаваць ва ўмовах уздзеяння негатыўных фактараў касмічнай прасторы.
  2. Стварэнне на базе геастацыянарнага спадарожніка нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання з наступным абслугоўваннем айчынных і замежных спажыўцоў.
  3. Пабудова адзінай сістэмы навігацыйна-часовага забеспячэння для інтэграцыі і аптымізацыі існуючых і перспектыўных комплексаў і сродкаў.
  4. Падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў для касмічнай галіны і для навуковых даследаванняў.

Фінансаванне другога этапу праводзілася на сродкі рэспубліканскага бюджэту (інавацыйных фондаў органаў дзяржкіравання і Нацыянальнай акадэміі навук), а таксама бюджэту Саюзнай дзяржавы. Не выключалася прыцягненне пазабюджэтных сродкаў, выкарыстанне крэдытаў банкаў і прамых замежных інвестыцый[2].

У студзені 2016 года пачаў сваю працу ў космасе беларускі тэлекамунікацыйны спадарожнік «Белінтэрсат-1», разлічаны на забеспячэнне доступу ў Інтэрнэт, а таксама перадачу тэлевізійных і радыёсігналаў. «Белінтэрсат-1» быў запушчаны з кітайскага касмадрома Січан[1].

Наступнае развіццё

[правіць | правіць зыходнік]

У верасні 2018 года Беларусь прыняла 31-ы Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў[1].

У пачатку 2020 года было абвешчана аб планах запуску другога беларускага спадарожніка ў 2021 годзе. 31 жніўня 2020 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб запуску спадарожніка. Яго распрацоўка і стварэнне вядзецца супрацоўнікамі, студэнтамі і аспірантамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта[4][5].

  1. а б в г Белорусская космическая программа: настоящее и перспективы(недаступная спасылка). Ритм Евразии. Праверана 4 жніўня 2020.
  2. а б в г Буткин Геннадий, Тузиков Александр Национальная космическая программа и перспективы космической деятельности в Беларуси // Наука и инновации. — 2013. — В. 123. — Т. 5. — ISSN 1818-9857.
  3. Беларусь открывает новые космические горизонты (руск.). www.tvr.by. Архівавана з першакрыніцы 4 верасня 2020. Праверана 4 жніўня 2020.
  4. Российско-белорусский спутник планируют запустить в 2021 году (руск.). www.belta.by (21 студзеня 2020). Архівавана з першакрыніцы 3 верасня 2020. Праверана 4 верасня 2020.
  5. Виктория Логовик. Второй космический спутник БГУ запустят в 2021 г. (руск.). «Минск-Новости» (31 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 27 верасня 2020. Праверана 4 верасня 2020.