Саюзная Дзяржава

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Саюзная Дзяржава
Дзяржаўны гімн
Афіцыйныя мовы руская і беларуская
Сталіца
Форма кіравання
'
Валюта беларускі рубель[d] і
Тэлефонны код +375 і +7
Часавыя паясы UTC+2, UTC+03:00, UTC+04:00, UTC+5, UTC+6, UTC+7, UTC+8, UTC+9, UTC+10, UTC+11, UTC+12 і ECG
Паштовая марка Беларусі

Саю́зная дзяржа́ва — саюз Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь з патэнцыйна адзінай палітычнай, эканамічнай, ваеннай, мытнай, валютнай, юрыдычнай, гуманітарнай, культурнай прасторай.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

Пасля распаду СССР і стварэння СНД з 1992 года ўнутры гэтай арганізацыі ішоў павольны працэс узмацнення двухбаковых сувязей Расіі і Беларусі, які стрымліваў расійскі бок. Уплывовы эканамічны істэблішмент Расіі на чале з Я. Гайдарам і С. Шахраем разглядаў цеснае супрацоўніцтва з Беларуссю як лішні цяжар для Расіі. Справа ў тым, што эканоміка Беларусі не ведала сучасных рыначных пераўтварэнняў, а архаічная эканамічная сістэма цалкам залежала толькі ад датацый. Аднак расійскі бок быў зацікаўлены ў захаванні палітычнага і ваеннага кантролю над тэрыторыяй Беларусі. 20 ліпеня 1992 года прэм’ер-міністр Беларусі В. Кебіч падпісаў з в. а. прэм’ер-міністра Расіі Я. Гайдарам шэраг ваенных дамоў, згодна з умовамі якіх вярталася цеснае ваеннае супрацоўніцтва, якое, на думку старшыні Вярхоўнага Савета С. Шушкевіча, моцна абмяжоўвала суверэнітэт Беларусі. Інтэграцыйнаму працэсу дзвюх дзяржаў не спрыялі таксама ўнутрыпалітычныя працэсы: кастрычніцкія падзеі 1993 года ў Расіі і наменклатурна-парламенцкая барацьба ў Беларусі (С. Шушкевіч падтрымаў прэзідэнта Б. Ельцына, а парламенцкая большасць — ягоных праціўнікаў А. Руцкога і Р. Хасбулатава)[1].

Пасля таго, як у снежні 1995 года левыя партыі — у асноўным камуністы і аграрыі — атрымалі ў новай Дзяржаўнай думе Расійскай Федэрацыі больш за сорак працэнтаў месцаў, 14 сакавіка 1996 года Савет Дзяржаўнай думы ўнёс у парадак дня пленарнага пасяджэння падрыхтаваны фракцыяй КПРФ, Аграрнай групай і групай «Народаўладдзе» праект пастановы «пра паглыбленне інтэграцыі народаў, якія аб’ядноўваліся ў Саюз ССР, і адмене пастановы Вярхоўнага Савета РСФСР ад 12 снежня 1991 года аб дэнансацыі Дамовы аб утварэнні СССР»[2]. На наступны дзень Дзяржаўная дума прыняла гэтую пастанову, а таксама пастанову «Аб юрыдычнай сіле для Расійскай Федэрацыі — Расіі вынікаў рэферэндуму СССР 17 сакавіка 1991 года па пытанні аб захаванні Саюза ССР»[3]. Рэальных палітычных наступстваў гэтыя рашэнні не мелі[4][5], але спрыялі развіццю інтэграцыйных працэсаў паміж Расіяй і Беларуссю.

Ад Супольнасці да Саюзнай Дзяржавы[правіць | правіць зыходнік]

Урачыстая цырымонія падпісання Дагавора аб Саюзе Беларусі і Расіі 2 красавіка 1997 г.

21 лютага 1995 года падчас афіцыйнага візіту Б. Ельцына ў Рэспубліку Беларусь у Мінску адбылося падпісанне Дагавора аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй.

2 красавіка 1996 года паміж дзвюма дзяржавамі была дасягнутая дамоўленасць аб стварэнні Супольнасці Незалежных Дзяржаў Расіі і Беларусі[6][7]. У адпаведнасці з Дагаворам аб утварэнні супольнасці Беларусі і Расіі было вырашана стварыць палітычна і эканамічна інтэграваную супольнасць у мэтах аб’яднання матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялу дзвюх дзяржаў. Дагаворам аб стварэнні Супольнасці Беларусі і Расіі было прадугледжана стварэнне прадстаўнічага органа.

29 красавіка 1996 года ў Санкт-Пецярбургу кіраўнікі парламентаў дзвюх краін падпісалі пагадненне аб Парламенцкім Сходзе, а ўжо 22 чэрвеня ў Брэсце адбылося паседжанне Вышэйшага Савета Супольнасці Расіі і Беларусі на чале з Б. Ельцыным і А. Лукашэнка. Галоўнай мэтай Саюза, паводле Статута, з’яўлялася далейшае ўмацаванне дружбы, братэрства і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай, ваеннай, навуковай, культурнай і іншых галінах[8].

2 красавіка 1997 года[9] ў Маскве прэзідэнты Беларусі і Расіі падпісалі Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. З тых часоў 2 красавіка адзначаецца як Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.

23 мая 1997 года адбылося падпісанне Статута Саюза Беларусі і Расіі.

У адпаведнасці са Статутам Саюза Беларусі і Расіі ў 1997 годзе былі ўтвораны Вышэйшы савет і Выканаўчы камітэт Саюза Беларусі і Расіі.

Парламенцкі Сход Супольнасці быў ператвораны ў Парламенцкі Сход Саюза Беларусі і Расіі.

У 19971998 гадах адбываецца фарміраванне выканаўчых органаў Саюза, агульнага бюджэту, ажыццяўляецца распрацоўка і рэалізацыя першых саюзных праграм. Ўтвораны Памежны і Мытны камітэты, Камітэт па пытаннях бяспекі.

У студзені 1998 года быў падпісаны Дагавор аб сумеснай Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюза Беларусі і Расіі.

25 снежня 1998 года прэзідэнты падпісалі Дэкларацыю аб далейшым яднанні Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, Дагавор аб роўных правах грамадзян, а таксама Пагадненне аб стварэнні роўных умоў суб’ектам гаспадарання. У дакументах выказваўся намер «працягваць паэтапны рух да добраахвотнага аб’яднання ў саюзную дзяржаву пры захаванні нацыянальнага суверэнітэту дзяржаў-удзельніц Саюза»[10].

8 снежня 1999 года ў Маскве адбылося падпісанне Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, і была прынята Праграма дзеянняў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

26 студзеня 2000 года, пасля ратыфікацыі Дагавора парламентамі дзвюх краін, ён уступіў у сілу.

Паглыбленне інтэграцыі[правіць | правіць зыходнік]

Пратэст супраць паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расіі. 8 снежня 2019 года, каля пасольства Расіі ў Беларусі

Падштурхоўванне Беларусі да больш шчыльнага саюзу пачалося з прыняццем у Расіі т. зв. «падаткавага манеўра» 24 ліпеня 2018 года. Згодна з законам аб змене падаткаабкладання нафтавай галіны, прадугледжваецца да 2024 года зніжэнне экспартнага мыта на нафту і нафтапрадукты да нуля. Дагэтуль Беларусь атрымлівала ад Расіі нафту без мыта і залічвала спагнанае мыта ад экспарту нафтапрадуктаў у свой бюджэт. У адміністрацыі А. Лукашэнкі сцвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў долараў ЗША, а за наступныя 4 гады недаатрымае 11 мільярдаў пры найгоршым развіцці падзей[11]. 13 снежня 2018 г. віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што на перамовах у жніўні—лістападзе Беларусь разлічвала на кампенсацыю каля 310—315 мільёнаў долараў ЗША[12]. Аднак расійскі бок у выніку заняў «крайнюю пазіцыю» і адмовіўся ад абмеркавання гэтага пытання да «прыняцця прынцыповых рашэнняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расіі і Беларусі ў рамках саюзнай дзяржавы»[13]. Прэм’ер-міністр Д. Мядзведзеў акрэсліў патрабаванні да інтэграцыі: агульныя валюта, суд, мытня і падліковая палата[14]. Ён падкрэсліў, што «Расія гатова праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэння толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагаднення аб саюзнай дзяржаве 1999 года». 14 снежня 2018 года прэзідэнт А. Лукашэнка заявіў, што «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расіі. Гэтага не будзе ніколі».

15 чэрвеня 2019 года міністр эканамічнага развіцця Расіі М. Арэшкін заявіў, што нібыта «Расія і Беларусь узгаднілі каля 90 % праграмы інтэграцыі дзвюх краін». 19 лістапада 2019 года кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расіі Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў пачалі чарговы раўнд перамоў наконт праграмы далейшай інтэграцыі, якую прэзідэнты абедзвюх краін планавалі падпісаць 8 снежня 2019 года.

10 верасня 2021 года на сустрэчы А. Лукашэнкі і У. Пуціна скончылася канчатковае ўзгадненне ўсіх 28 дарожных карт па інтэграцыі Беларусі і Расіі. У той жа час, кіраўніца Цэнтрабанка Расіі заявіла, што гаварыць пра стварэнне ці ўвядзенне адзінай валюты Беларусі і Расіі заўчасна.

Асновы СДРБ[правіць | правіць зыходнік]

У паўнамоцтвы Саюзнай дзяржавы ўваходзяць знешняя палітыка, абарона і бяспека, бюджэтная, грашова-крэдытная і падатковая сістэмы, мытныя пытанні, сістэмы энергетыкі, транспарту і сувязі. Кожная дзяржава захоўвае суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, дзяржаўны лад, Канстытуцыю, дзяржаўны сцяг, герб.

Вышэйшы орган Саюзнай дзяржавы — Вышэйшы Дзяржаўны Савет, у склад якога ўваходзяць кіраўнікі дзяржаў, кіраўнікі ўрадаў, кіраўнікі палат парламентаў дзяржаў-удзельніц.

Выканаўчы орган Саюзнай дзяржавы — Савет Міністраў. У яго ўваходзяць Старшыня Савета Міністраў, кіраўнікі ўрадаў, Дзяржаўны сакратар (на правах намесніка Старшыні Савета Міністраў), міністры замежных спраў, эканомікі і фінансаў дзяржаў-удзельніц, кіраўнікі асноўных галіновых і функцыянальных органаў кіравання Саюзнай дзяржавы.

Прадстаўнічы і заканадаўчы орган — Парламент.

У рамках сумеснай камісіі на чале з кіраўнікамі ніжніх палат парламентаў дзвюх краін вядзецца падрыхтоўка Канстытуцыйнага Акта Саюзнай дзяржавы, у якім павінен знайсці адлюстраванне палітычны лад створанага інтэграцыйнага міждзяржаўнага аб’яднання. Як асноўныя прынцыпы ў ім мяркуецца зафіксаваць захаванне суверэнітэту, раўнапраўя і міжнародную правасуб’ектнасць «суб’ектаў Саюзнай дзяржавы».

Па дамове 1999 таксама павінны быць створаны Суд Саюзнай дзяржавы і Падліковая палата для ажыццяўлення кантролю за фінансамі Саюзнай дзяржавы.

Бюджэт СДРБ[правіць | правіць зыходнік]

З 2000 года пачаў фармавацца саюзны бюджэт. У 2008 годзе на выкананне ўсіх запланаваных праграм патрабавалася не менш за 6 млрд расійскіх рублёў. Планавалася, што ў 2008 годзе будзе першы дэфіцытны бюджэт пасля перыяду няпоўнага асваення бюджэтных сродкаў[15]. Бюджэт 2010 года, зацверджаны Дэкрэтам № 3 ад 10.12.2009, складаў 4 млрд 872 млн расійскіх рублёў па даходах і расходах. Адлічэнні з бюджэту РФ — 3,167 млрд руб., з бюджэту РБ — 1,705 млрд руб.

Сімволіка[правіць | правіць зыходнік]

Праект магчымага сцяга Саюзнай Дзяржавы

Пункт 1 артыкула 10 Дагавора аб стварэнні Саюзнай Дзяржавы абвяшчае: «Саюзная дзяржава мае свой герб, сцяг, гімн і іншыя атрыбуты дзяржаўнасці». Пасля ўтварэння Саюза Расіі і Беларусі ў 1997 годзе афіцыйна не быў прыняты ні агульны сцяг, ні агульны герб. Было прапанавана некалькі праектаў сцягоў і гербаў. Для сцяга было два варыянты. У абодвух выпадках яны з’яўляюцца мадыфікацыямі да сцяга Савецкага Саюза, у абодвух выпадках дзве залатыя зоркі змяшчаюцца ў кантон чырвонага сцяга, каб прадстаўляць дзве дзяржавы Саюза.

Прапанаваны праект герба — гэта мадыфікацыя двухгаловага арла з гербамі Расіі і Беларусі[16].

Ініцыятывы па далучэнні да Саюзнай дзяржавы[правіць | правіць зыходнік]

18 красавіка 1999 года кіраўнік фракцыі Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расійскай Федэрацыі ў Дзяржаўнай Думе Расійскай Федэрацыі У. В. Жырыноўскі звярнуўся да прэзідэнта Б. Ельцына з заклікам падпісаць трохбаковую дамову аб утварэнні саюзнай дзяржавы з Саюзнай Рэспублікай Югаславія.[17]

Зноскі

  1. Латышонак, А., Мірановіч, Я. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку XXI ст.: [пераклад] / Алег Латышонак, Яўген Мірановіч; [навуковы рэдактар А. Пашкевіч]. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — 368 с.: іл., партр., факсім. — С. 304. — ISBN 978-83-60456-07-1.
  2. протокол заседания Совета ГД (14 марта 1996) Архівавана 4 студзеня 2017.
  3. Постановление Государственной Думы Федерального Собрания Российской Федерации от 15 марта 1996 г. № 157-II ГД «О юридической силе для Российской Федерации — России результатов референдума СССР 17 марта 1991 г. по вопросу о сохранении Союза ССР»
  4. О стабильности правовой системы Российской Федерации Архівавана 1 снежня 2016.
  5. ГД ФС РФ II созыва (1995—1999): «Беловежский» вопрос
  6. Веревкина Ю. И. ИНТЕГРАЦИОННЫЕ ТЕНДЕНЦИИ В БЕЛОРУССКО-РОССИЙСКИХ ОТНОШЕНИЯХ
  7. Документы о подписании Договора о Сообществе России и Беларуси (тексты выступлений президента РФ Б. Н. Ельцина по случаю подписания договора и в честь президента Беларуси А. Г. Лукашенко) // Архив Президентского центра Б. Н. Ельцина. — Ф. 1. — Оп. 1. — Д. 2230. — Л. 1 — 17.
  8. Артемова, В. Н., Мариков, О. П. Союз Беларуси и России: правовая природа и правосубъектность / Редкол.: В. Г. Гавриленко и др. — Минск: Б.и., 1998. — 62 с. — С. 43. — ISBN 985-6194-99-7. — ISBN 985-442-023-X.
  9. Договор о союзе Беларуси и России: колосс на рахитичных ножках? | РИА Новости
  10. Вестник Министерства иностранных дел. — 1999. — № 1. — С. 18.
  11. У адміністрацыі Лукашэнкі агучылі страты Беларусі ад падатковага манэўру Расеі. Радыё Свабода (8 снежня 2018). Праверана 20 лістапада 2019.
  12. Віцэ-прэм’ер распавёў, на якую кампэнсацыю ад Расеі разьлічвала Беларусь. Радыё Свабода (14 снежня 2018). Праверана 20 лістапада 2019.
  13. Ляшенко: правительство России отказалось обсуждать компенсацию Минску за налоговый маневр (руск.)(недаступная спасылка). Интерфакс-Запад (14 снежня 2018). Архівавана з першакрыніцы 24 верасня 2019. Праверана 20 лістапада 2019.
  14. Медведев заявил о готовности РФ к созданию единого с Беларусью эмиссионного центра, а также суда и таможни (руск.)(недаступная спасылка). Интерфакс-Запад (14 снежня 2018). Архівавана з першакрыніцы 10 снежня 2019. Праверана 20 лістапада 2019.
  15. Союзный бюджет РФ и Белоруссии оказался дефицитным, top.rbc.ru, 27 марта 2008
  16. Символика Союзного государства(недаступная спасылка)
  17. Ельцин, Б. Н. Президентский марафон: [Размышления, воспоминания, впечатления] / [Фото Донского Д. и др.] — М.: АСТ, 2000. — 426 с., [48] л. ил. — С. 207. — ISBN 5-17-004456-9.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]