Кастусь Жук

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кастусь Жук
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 2 мая 1954(1954-05-02) (69 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі

Кастусь (Канстанцін Якаўлевіч) Жук (нар. 2 мая 1954, в. Затур’я, Нясвіжскі раён) — беларускі паэт.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 2 мая 1954 года ў в. Затур’я Нясвіжскага раёна[1].

Пасля заканчэння ў 1971 годзе Сейлавіцкай сярэдняй школы і курсаў шафёраў пры нясвіжскім аўтамотаклубе ДТСААФ служыў у Савецкай Арміі. У 1974—1979 гг. працаваў наладчыкам і электразваршчыкам на Мінскім трактарным заводзе і адначасова вучыўся на вячэрнім аддзяленні філалагічнага факультэта БДУ[2].

З канца 1970-х гг. займаўся літаратурнай працай: пісаў вершы, быў літсупрацоўнікам газеты «Чырвоная змена» (1979), карэспандэнтам шматтыражнай газеты мінскіх будаўнікоў «На стройках Минска» (1979—1981). У 1981 г. атрымаў дыплом аб вышэйшай адукацыі і быў прыняты на пасаду рэдактара Беларускага тэлебачання. У 1988—2004 гг. працаваў рэактарам, узначальваў аддзел у выдавецтве «Мастацкая літаратура»[2].

Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1988 года[2].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Першыя вершаваныя радкі Кастуся Жука з’явіліся у нясвіжскай раённай газеце «Чырвоны сцяг» у 1968 г. У 1979 г. у серыі «Першая кніга паэта» выйшаў калектыўны зборнік «Нашчадкі», дзе была змешчана і падборка вершаў К. Жука. Яго паэтычныя творы раз-пораз друкаваліся ў альманаху «Дзень паэзіі»[2].

Першая кніга паэта «Планета маёй душы» была надрукавана ў 1982 г. Пазней свет пабачылі кнігі «Зямная ноша» (1988), «Пладаносны агонь» (1991), «У найме сонца» (1992)[2].

У паэтычных творах К. Жука адной з вядучых з’яўляецца тэма Радзімы: шмат вершаў паэт прысвяціў трагічнай гісторыі Беларусі, самаахвярнасці і мужнасці яе народа. У 1997 г. выйшла наступная кніга паэзіі К. Жука «Галгофа». У зборнік увайшлі паэмы «Дванаццаць апосталаў», «Леснічоўка», «Галгофа», вершы. Глыбокае веданне жыцця з усімі яго праявамі дапамагло аўтару трапна і метафарычна адлюстраваць рэчаіснасць, раскрыць характары літаратурных герояў у іх змаганні з жорсткасцю жыццёвых выпрабаванняў[2].

Піша К. Жук і для дзяцей. Аўтар кніг вершаў, казак, скорагаворак і загадак «Шпак купіў магнітафон» (1996), «Бегемот без ботаў» (2004). Вершы паэта «Францыску Скарыну», «Матчыны словы» сталі хрэстаматыйнымі[2].

Творы Кастуся Жука будуюцца на філасофскім асэнсаванні дабра і зла, чалавечых набыткаў і страт, востра ставяцца ў яго паэзіі маральна-этычныя і сацыяльныя праблемы, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння. Паэт плённа працуе і сёння, шэраг яго твораў пераведзены на рускую і ўкраінскую мовы[2].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

У 1999 г. кніга вершаў «Галгофа» была адзначана Прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі[2].

Зноскі

  1. Жук Кастусь // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2012. — Т. 3. — 688 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0662-8.
  2. а б в г д е ё ж з Кастусь Жук на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]