Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Радашковічы, стары)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
54°09′18″ пн. ш. 27°14′26″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія каталіцтва
Архітэктурны стыль архітэктура барока[d]
Заснавальнік Пётр Сенька Гедыгольдавіч
Будаўніцтва 17341736 гады
Дата скасавання 1855
Стан не існуе
Map

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — колішні драўляны касцёл у Радашковічах, які існаваў у 1736—1855 гадах.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню Радашковічы ўзгадваюцца ў гістарычных дакументах у 1447 г., калі намеснік смаленскі і кашталян віленскі Пётра Сенка Гедыголдавіч (+1451) і ягоная жонка Багуміла фундавалі тут першы драўляны касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы.

У 1734—1736 гг. у Радашковічах быў узведзены «руплівасцю кс. Сымона Мхоўскага, пісара Апостальскага, плябана Радашковіцкага пры дапамозе розных дабрадзеяў» новы касцёл, які ў 1740 г. кансэкравалі пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы і Стэфана Пакутніка.

Пры касцёле Найсвяцейшай Тройцы дзейнічалі школа і шпіталь, былі заснаваныя тры брацтвы — св. Ганны з 1703 г., Найсвяцейшай Тройцы з 1738 г. і Імя Найсвяцейшай Марыі Панны з 1750 г. Радашковіцкую парафію, у якой на канец XVIII ст. налічвалася больш за 2300 чалавек, абслугоўвалі таксама дзве капліцы — у Новым Двары (сёння Рагоўскі с/с Мінскага раёна) і ў Сычавічах, якая была пабудаваная ў апошнія 15 гадоў ХVIII ст. «асобна ад панскага дома, пры гасцінцы, па тыпу касцёла». Драўляны касцёл з абразом Найсвяцейшай Марыі Панны ў алтары дзейнічаў да сярэдзіны ХІХ ст., калі згарэў у пажары. У 1859 годзе завершана будаўніцтва новага мураванага касцёла ў стылі позняга класіцызму.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Уяўляў сабой драўляны, крыжова-купальны, пакрыты гонтай і ашалёваны храм, які купал над сяродкрыжжам, 2 вялікія вежы пры ўваходным фасадзе, 2 меншыя вежы каля купала (магчыма, над крыламі трансепта) і яшчэ адна маленькая (сігнатурка) над прэзбітэрыем. Святыня мела 42 сажані ў даўжыню і 15 у шырыню (каля 80х32 м). Уваход у касцёл быў пазначаны гранёным тамбурам-барбаканам — «крухтай акруглай». Прэзбітэрый фланкавалі 2 закрыстыі. Усяго ў касцёле налічвалася 7 алтароў. Пяць з іх, 2-ярусных і разьбяных, упрыгожвалі аб’ём санктуарыя. Галоўны алтар — Найсвяцейшай Тройцы — уяўляў сабой 6-калонную барокавую кампазіцію з фігурамі апосталаў Пятра і Паўла, Яна і Тадэвуша. Бакавыя алтары — Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Марыі Панны і Св. Ганны. Асабліва прыгожымі лічыліся алтары ў капліцах (у крылах трансепта паміж вокнамі), упрыгожаныя залатымі і срэбнымі дэталямі — Св. Тадэвуша і Св. Антонія. Яшчэ 2 алтары знаходзіліся ў капліцах, зробленых «пры дзвярах бабінца» (магчыма, у першым ярусе вежаў пры галоўным фасадзе) — Езуса Назарэтаніна і Св. Яна Непамука. Партрэты фундатараў — Пятра і Багумілы Гедыголдавічаў — былі вывешаныя ў прэзбітэрыі каля дзвярэй у закрыстыю. На хорах мясціліся арганы на 10 галасоў. Пад касцёлам былі зробленыя 2 мураваныя склепы. Купал і сцены касцёла былі распісаныя на біблейскія сюжэты.

Побач з касцёлам стаяла драўляная званіца.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Ч. 1. Будслаўскі, Вілейскі і Мінскі дэканаты. / Тэкст і фота А. Яроменкі. Уводзіны Ул. Трацэўскага, — Мн.: ВУП «Выд-ва „Про Хрысто“». — 2003. — 256 с. ISBN 985-6628-37-7.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]