Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар бенедыкцінаў (Мінск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар бенедыкцінаў — рымска-каталіцкі кляштарны комплекс у Мінску. Дзейнічаў у кан. XVII — 1-я пал. XIX стст. Займаў дзялянку на Высокім Рынку плошчай 522 м²[1], на рагу Койданаўскай і Феліцыянаўскай вуліц.

У склад комплексу ўваходзілі драўляны будынак касцёла на мураваным падмурку, кляштарны дом з вялікімі мураванымі скляпамі[2], а таксама шэраг гаспадарчых пабудоў, сад і гарод. Тэрыторыю кляштара абкружаў драўляны паркан з брамамі, галоўная з якіх выходзіла на Койданаўскую вуліцу.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Верагодна, Мінскую рэзідэнцыю бенедыкцінаў заснавалі ў 1681 годзе, менавіта тады ордэну ахвяравалі пляц на Нямігскім завулку (пазней Феліцыянаўскай вуліцы). Першыя манахі пераехалі ў Мінск з Нясвіжскага кляштара Св. Крыжа.

У 1762 годзе Антоній і Марціна Багушэвічы далучылі да кляштара пляц на Койданаўскай вуліцы, што дало магчымасць збудаваць новую афіцыну і пякарню. У 1773 годзе намаганнямі абата Свідэрскага ўзвялі касцёл Св. Міхала Арханёла (у 1799 годзе яго грунтоўна адрамантавалі).

У XVIII ст. апекунамі кляштара былі харунжы Фларыян Быкоўскі, Соф'я Ваньковіч, Юзаф Габрыель Аскерка, Крыштаф Антоній Храпавіцкі, Русецкія і інш.

У 1797 годзе пробашчам рэзідэнцыі быў ксёндз Раман Варанец, які прыехаў сюды з Нясвіжскага кляштара бенедыкцінаў. Ён займаўся выхаваннем хлопчыкаў шляхецкага паходжання, якія страцілі бацькоў. Апроч таго, у кляштары быў яшчэ адзін манах.[3]

Паводле інвентара 1804 года кляштара належалі тры юрыдыкі. Апроч пляцаў і юрыдык, ва ўладанні манахаў знаходзіўся фальварак Басыялаўка (Басалаўка) за Татарскім канцом, які набыў для кляштара ксёндз М. Круковіч у 1703 годзе.[3]

Па задушэнні вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў расійскія ўлады ліквідавалі кляштар (1833), а ягоную маёмасць канфіскавалі. Будынак касцёла выкарыстоўваўся пад склад. Прыкладна да сяр. XIX ст. усе будынкі кляштара разбурылі, а колішнюю яго тэрыторыю паступова забудавалі жылымі дамамі.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл[правіць | правіць зыходнік]

Драўляны авальны ў плане будынак касцёла стаяў на мураваным падмурку. Галоўны паўднёвы фасад, што выходзіў на Койданаўскую вуліцу, фланкіравалі 2 вежы з жалезнымі крыжамі (на правай вежы меліся 2 невялікія званы). Паміж вежамі знаходзіўся шчыт, які закрываў тарэц гонтавага даху і быў завершаны крыжам. Перад уваходам быў драўляны ганак.

Інтэр'ер касцёла ўпрыгожвалі 5 маляўнічых аптычных алтароў, у галоўным з якіх знаходзіўся абраз Святога Міхаіла, а над ім вялікі драўляны крыж з фігурай Ісуса. У астатніх алтарах былі абразы Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Святога Бенедыкта, Святога Схаластыкі. Апошні алтар, які знаходзіўся ў капліцы меў абраз Ісуса Назарэтанскага. Над бабінцам узвышаліся хоры з невялікім арганам.

Кляштар[правіць | правіць зыходнік]

Будынак кляштару стаяў на рагу Койданаўскай і Феліцыянаўскай вуліц. Гэта быў вялікі двухпавярховы дом з алькежамі, накрыты гонтавым дахам. На першым паверсе ў ім меліся 2 вялікія пакоі з каморамі і гардэробам і сені са сходамі на другі паверх, дзе былі 2 пакоі з сенцамі і каморай.

Каля будынка кляштара на падмурку з цэглы стаяў драўляны флігель таксама з алькежамі.[4]

Зноскі

  1. Бенедиктинцы, цистерианцы, картузы // Слюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиций: Наследие архитектуры Беларуси / Рос. акад. архитектуры и строит. наук. — М.: Прогресс-Традиция, 2002. С. 188
  2. У. М. Дзянісаў. Кляштар бенедыкцінцаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 311
  3. 3,0 3,1 Уладзімір Дзянісаў. Мінскі кляштар бенедыкцінцаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 292
  4. У. М. Дзянісаў. Кляштар бенедыкцінцаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 311—312

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]