Касцёл Спаслання Святога Духа (Бярозаўка)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Касцёл Спаслання Святога Духа
53°43′14″ пн. ш. 25°30′25″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія Каталіцызм
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Стан дзейнічае
Map

Касцёл Спаслання Святога Духа — рымска-каталіцкі храм у г. Бярозаўка Лідскага раёна Гродзенскай вобласці.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Каталіцкая капліца была пабудавана тут яшчэ ў 1924 годзе. Асобная ж парафія была заснавана ў Бярозаўцы ў 1928 годзе дэкрэтам ад 29 лютага за подпісам віленскага архібіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага.

Стары касцёл Спаслання Святога Духа (1935)

Касцёл, які змяніў капліцу, пачаў узводзіцца з дрэва ў стылі польскага міжваеннага неабарока на сродкі рабочых шклозавода і яго ўладальніка Юліуса Столе ў 1931 годзе ва ўсходняй частцы паселішча. Кансэкравалі святыню ў 1932 годзе пад тытулам Спаслання Святога Духа. Гэта быў аднавежавы храм, накрыты высокім двухсхільным гонтавым дахам з вальмамі над алтаром. Галоўны ўваход пазначала магутная чацверыковая трох’ярусная вежа-званіца пад высокім гонтавым шатром. Парафія на той час уваходзіла ў склад Лідскага дэканата Віленскай архідыяцэзіі і налічвала больш за 1200 вернікаў. У пасляваенны час касцёл быў зачынены, а ў 1954 годзе, згодна з рашэннем савецкіх улад, — знішчаны: храм разабралі «на хаты».

У 1991 годзе вернікі актыўна пачалі змагацца за права мець святыню. На старым месцы (сёння вул. Школьная) распачалося будаўніцтва новага касцёла. 7 чэрвеня 1992 года гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў вуглавы камень (з 13 мая ў яшчэ недабудаваным касцёле пачаліся штодзённыя набажэнствы). Нарэшце, 18 жніўня 2001 года дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Антоній Дзям’янка кансэкраваў новазбудаваны касцёл пад гістарычным тытулам Спаслання Святога Духа.

Сёння сама Бярозаўка з’яўляецца рэзідэнцыяй навагрудскага дзекана.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл пабудаваны з чырвонай вонкавай цэглы, трохнававы з трансептам і прамавугольным прэзбітэрыем. Да касцёла далучаны двухпавярховы парафіяльны цэнтр. Галоўны ўваход у святыню пазначаны высокай стромкай чацверыковай вежай пад медным купалам складанай гранёнай формы, вежа надбудавана над крухтай з нахіленымі сценамі. Аднак функцыю званіцы выконвае не вежа, а асобная каркасная драўляная канструкцыя злева ад кацёла. Накрыты касцёл керамічнай чарапіцай, дахі асобныя — двухсхільныя з вальмамі над тарцамі аб’ёмаў.

У інтэр’еры пад плоскімі бетоннымі перакрыццямі толькі адзін, галоўны і тытульны алтар — Спаслання Святога Духа. Капліцы ў крылах трансепта пакуль не маюць алтароў. Над уваходам змешчаны хоры. Касцёльны ўчастак абнесены карункавай металічнай агароджай на невысокіх цагляных слупках.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

slowo.grodnensis.by