Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Антушы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі
53°00′03″ пн. ш. 29°48′16″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль класіцызм
Дата пабудовы XIX стагоддзе
Дата скасавання 1990-я
Map

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі — колішні каталіцкі храм у в. Антушы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці.

Знаходзіўся на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі. Быў пабудаваны ў пачатку XIX ст. з дрэва. У савецкі час выкарыстоўваўся медыцынскай установай. Зруйнаваны ў 1990-я гг.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першыя звесткі аб касцѐле ў Антушах адносяцца да пачатку ХІХ ст. і звязаны з іменем ксяндза Канстанціна Антушэвіча. Ён у 1800 г. фундаваў у Антушах касцѐл, які ў 1802 г. асвечаны пад тытулам Унебаўшэсця Пана.

Касцѐл у Антушах спачатку быў філіяльным у дачыненні да касцѐла ў мястэчку Карпілаўцы (цяпер Карпілаўка знаходзіцца ў межах г. Жлобіна).

У 1843 г. касцѐл у Антушах стаў парафіяльным. Гэта адбылося дзякуючы захадам пробашча Карпілаўскага касцѐла Марціна Вашкевіча. У 1839 г. Карпілаўскі касцѐл мусіў быць ліквідаваны, і Вашкевіч дамогся, каб парафіяльным касцѐлам стаў касцѐл у Антушах. Урадавы Сенат 12 красавіка 1838 г. даў міністру ўнутраных спраў такі дазвол.

У 1841 г. стары касцѐл у Антушах быў цалкам перабудаваны звонку, а ў 1843 г. і знутры. З таго часу касцѐл вядомы пад назваю Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Антушаўская парафія да 1882 г. уваходзіла ў Рагачоўска-Быхаўскі дэканат.

У 1910 г. святаром Аляксадрам Болтуцем быў капітальна адрамантаваны будынак касцѐла, а ў 1911 г. касцѐл як звонку, так і ўсярэдзіне пафарбаваны алейнымі фарбамі.

Касцѐл у Антушах не захаваўся. Пасля закрыцця ў ім быў дзіцячы дом, потым бальніца. Калі бальніцу перавялі ў вѐску Побалава, будынак аказаўся закінуты. У канцы 1980-х — пачатку 1990-х гг. яго разабралі. Захаваліся толькі прыступкі касцѐла.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Твор архітэктуры класіцызму. Быў вырашаны прамавугольнымі ў плане нефам і апсідай, аб’яднанымі агульным 2-схільным дахам з застрэшкамі ў месцы злучэння зрубаў. Па баках да апсіды далучаліся нізкія сакрысціі. Фасад быў атынкаваны і завершаны трохвугольным франтонам з трыгліфным фрызам. Вертыкальна ашаляваныя бакавыя фасады чляніліся 2 ярусамі прамавугольных аконных праёмаў з сандрыкамі і брусамі-сцяжкамі ў прасценках. Унутры пры ўваходзе над нартэксам знаходзіліся хоры.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Касцёл // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — С. 384-385. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.
  • Васькоў У. Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны: Гісторыя Гомельскага дэканата. — Мн., 2011. ISBN 978-985-6825-62-0