Перайсці да зместу

Жлобін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Горад
Жлобін
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Заснаваны
Першая згадка
Ранейшыя назвы
Злобін
Плошча
  • 38,4108 км²[1]
Вышыня цэнтра
140 ± 1 м і 140 м[2]
Водныя аб’екты
Насельніцтва
  • 76 304 чал. (1 студзеня 2025)[3]
Нацыянальны склад
беларусы — 79,8%; рускія — 15,1%; украінцы — 2,8%; іншыя — 2,3%
Канфесійны склад
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2334
Паштовыя індэксы
246172, 247191, 247192, 247194–247200, 247205–247208, 247210 і 247239
Аўтамабільны код
3
СААТА
3218501000
Афіцыйны сайт
Жлобін (Беларусь)
Жлобін
Жлобін
Жлобін (Гомельская вобласць)
Жлобін
Жлобін

Жло́бін[4] (трансліт.: Žlobin) — горад раённага падпарадкавання ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр раёна. Трэці па колькасці насельніцтва горад у вобласці (пасля Гомеля і Мазыра). Размешчаны на раўніне Гомельскае Палессе, за 93 км ад Гомеля, 215 км ад Мінска. Прыстань на Дняпры. Буйны чыгуначны вузел (кірункі на Мінск, Магілёў, Гомель, Калінкавічы); аўтадарогі на Бабруйск, Гомель, Рагачоў, Светлагорск.

У беларускай антрапаніміі вядомыя прозвішчы Жлоба, Жлобіч[5]. З прозвішчам Жлоба звязваў назву Жлобіна географ Вадзім Жучкевіч[6].

З іншага боку, ёсць гідронім Жлобін, так называецца возера каля Баранавічаў (цяпер у складзе горада).

Паходжанне назвы

[правіць | правіць зыходнік]

Ёсць некалькі версій паходжання назвы «Жлобін», у тым ліку адкінутыя, легендарныя, тапанімічныя і лінгвістычныя.

Працяглы час у літаратуры сцвярджалася, што старая назва Жлобіна — «Хлепень», нібыта згаданая ў 1492 годзе ў сувязі з вайной Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім. Аднак сучасныя даследаванні паказалі, што гаворка ішла пра іншае паселішча — вёску Хлепень каля Сычова ў сучаснай Смаленскай вобласці Расіі. Атаясненне Хлепеня і Жлобіна прызнана памылковым[7].

Патранімічная і народна-легендарная

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле народнай легенды, назва Жлобін паходзіць ад імя легендарнага заснавальніка Злобіна — ваяра, які нібыта выратаваў людзей ад цмока. Паселішча было названа ў ягоны гонар, а з часам назва змянілася на «Жлобін». Версія падмацоўваецца мясцовымі паданнямі і тыповай практыкай утварэння назваў ад імёнаў першапасяленцаў[7].

Легенда пра цмока

[правіць | правіць зыходнік]

Яшчэ адна легенда сцвярджае, што ў балотах каля сучаснага Жлобіна жыў дванаццацігаловы цмок, які патрабаваў даніну людзьмі. Малады асілак Пятрок забіў цмока, але загінуў у баі. На месцы яго пахавання паставілі крыж, а пазней быў заснаваны замак Злобін. Назву нібыта далі ад слова «злоба» або ад крыку плытагонаў «Злоообін!» у небяспечным месцы на павароце Дняпра[7].

Назва можа паходзіць ад мясцовых геаграфічных умоў — узгоркаў над Дняпром, на якіх не даставала паводкавая вада. У гэтым выпадку «злобак», «злобень» азначалі ўзвышша, сухое месца ў забалочанай мясцовасці. Версія падтрымліваецца шэрагам беларускіх тапанімістаў, уключаючы Ю. Татарынава[7].

Апублікаваная ў выданні «Жлобінскі край: ад мінулага да сучаснасці. Гісторыка-краязнаўчы даведнік» (2025) балцкая версія[8] была цалкам скапіравана з артыкула «Жлобін» Беларускай Вікіпедыі (версіі паміж 1 мая 2023 і 16 мая 2025), але гэтыя звесткі на праўдзе не пацверджаліся крыніцамі, хоць зноскі на іх стаялі, таму з вікіпедыйнага артыкула іх выдалілі 16 мая 2025 года.

Разглядаецца таксама магчымасць паходжання ад фіна-угорскіх або іранскіх кораняў, звязаных са значэннямі «вільготнае месца», «талая вада» ці «рака» (камскі, таджыцкі, персідскі адпаведнікі). У такім выпадку «Жлобін» мог значыць «паселішча на вільготным месцы»[7].

Афіцыйны герб Жлобіна — сярэбраная ладдзя з разгорнутым ветразем на блакітным полі іспанскага шчыта. Зацверджаны 25 студзеня 2002 года рашэннем гарвыканкама № 962 і ўнесены ў Гербавы матрыкул Рэспублікі Беларусь пад № 80[9][10].

Выява ладдзі адсылае да значэння Дняпра як гандлёвага і культурнага шляху, які спрыяў фармаванню Жлобіна. Сімвалізуе падарожжа і накіраванасць у будучыню.

Падчас публічнага абмеркавання герба разглядаліся і іншыя варыянты, у тым ліку — грыфон з мячом як сімвал рода Хадкевічаў[11]. Аднак перамог праект з ладдзёй, падтрыманы большасцю ўдзельнікаў конкурсу.

Старажытнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Вынікі археалагічных даследаванняў паказваюць, што першыя пасяленні людзей на тэрыторыі сучаснага горада ўзніклі ў першабытнаабшчынны час, задоўга да заснавання Жлобіна. На ўзбярэжжы Дняпра ў межах горада знойдзены рэшткі паселішча перыяду бронзавага веку (II — пачатак I тысячагоддзя да н.э.). На тэрыторыі гарадскога парку культуры і адпачынку «Прыдняпроўскі» выяўлены сляды пасялення перыяду жалезнага веку[12], якое існавала ў канцы I тысячагоддзя да н. э. — пачатку I тыс. н.э.[13].

У Рэчы Паспалітай

[правіць | правіць зыходнік]

Падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў казацкі гетман Іван Залатарэнка, які ваяваў на баку Маскоўскай дзяржавы, у сваім лісце ад 15 ліпеня 1654 года паведаміў, што яго войскі спалілі «замак Злобін» (разам з замкамі Рэчыца, Стрэшын, Рагачоў і Горваль). Больш позніх звестак пра гэты замак не маецца[14].

Паводле археалагічных даных, Жлобінскі замак існаваў у XV—XVII стагоддзях ля ўпадання ручая Чорначка ў раку Дняпро, побач з сучасным гарадскім паркам «Прыдняпроўскі». Абарончыя ўмацаванні складаліся з 2-х частак: замка і падзамка. Пляцоўка замка ўзвышаецца над нізінай на 3—4 м (цяпер тут знаходзіцца сучасны будынак — спартыўная школа). Пляцоўка падзамка, якая выцягнута з поўначы на поўдзень, узвышаецца над нізінай на 2 — 3 м (стадыён спартыўнай школы). Побач знаходзіцца і першапачатковае неўмацаванае сярэдневяковае селішча[15]. На ім размясціўся парк «Прыдняпроўскі»[16]. Пры археалагічных абследаваннях знойдзены матэрыял XIV—XVIII стагоддзяў[13].

Герб Хадкевічаў.

У XV—XVI стагоддзях гэта мясцовасць знаходзілася ва ўладаннях Хадкевічаў, у Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага (якое 1 ліпеня 1569 года аб’ядналася з Польскім Каралеўствам у Рэч Паспалітую).

У публікацыях сустракаецца меркаванне аб тым, што першая пісьмовая згадка аб Жлобіне пад назвай Хлепень адносіцца да 1492 года, але гэта памылка[17]. Імаверна, яна ўзнікла ў выніку таго, што з беларускім горадам Рагачоў (паблізу Жлобіна) блыталі сяло, якое ў XV стагоддзі знаходзілася на сумежжы Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы — Рагачова[ru] (у сучасным Дмітраўскім раёне Маскоўскай вобласці), а непадалёк ад яго ёсць в. Хляпень (Сычоўскі раён Смаленскай вобласці)[18]. Дакументаў пра тое, што ў Жлобіна была назва Хлепень, няма.

З 1509 года ў складзе Рагачоўскай воласці, ва ўладанні каралевы Боны Сфорцы, з 1556 года ў складзе скарбовага Рагачоўскага маёнтка. З 1563 года ва ўладанні полацкага шляхціца[19].

У 1790 годзе кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі выдаў прывілей на штотыднёвыя таргі і 4 гадавыя кірмашы ў Жлобіне, які тады належаў І. Халецкаму. Былі прыстань і паромная пераправа, вялося будаўніцтва рачных суднаў. З 1792 года дзейнічала Крыжаўздвіжанская царква.

У Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

З 1793 года, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, Жлобін у Расійскай імперыі, мястэчка Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Падчас вайны паміж Францыяй і Расіяй 1812 года французскія войскі 20 ліпеня 1812 года занялі Жлобін, але ў хуткім часе адступілі. Паводле рэвізіі 1816 года ў Жлобіне 189 двароў.

З 1818 года Жлобін стаў мястэчкам. Паводле інвентару 1847 года меў 965 жыхароў. У 1860 годзе меліся царква, паштовая станцыя (24 камплекты коней), прыстань і пераправа.

У 1863 годзе шляхта Жлобіншчыны далучылася да паўстання 1863—1864 гадоў у Польшчы, Літве і Беларусі супраць уладаў Расійскай імперыі. Гл. таксама: Паўстанне 1863–1864 гадоў на тэрыторыі Рагачоўскага павета

У 1863 годзе замест састарэлага ўзведзены новы будынак царквы, дзейнічалі народнае вучылішча (у 1864 годзе 15 вучняў, у 1889 годзе 92 вучні), хлебазапасны магазін. З 1876 года працаваў дрожджавы завод, з 1868 года — крупарушка. Праз мястэчка праходзіла дарога з Магілёва на поўдзень Беларусі.

16 лістапада 1873 года была адкрыта чыгунка Асіповічы — Гомель і чыгуначная станцыя Жлобін 2-га класа. За 1 км на захад ад мястэчка было збудавана паравознае дэпо, вагонныя майстэрні, памяшканні для пасажыраў. Пазней быў узведзены аднапавярховы драўляны вакзал.

13 мая 1880 года ў пажары згарэла 159 дамоў, царква, усе 5 яўрэйскіх малітоўных дамоў, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, 65 лавак і складоў з таварамі. Адбудоўвалася мястэчка паводле новага плана. У 1880 годзе 164 двары, 430 жыхароў, 6 лавак, цукровы завод. 16 мая 1889 года ў пажары згарэла 89 дамоў з надворнымі пабудовамі.

Паводле перапісу 1897 года ў в. Карпілаўка, якая пазней увайшла ў склад Жлобіна — 301 двор, 1307 жыхароў, капліца, яўрэйскі малітоўны дом, хлебазапасны магазін, чыгуначнае вучылішча, 8 крупарушак, 4 пастаялыя двары, 2 карчмы. Паблізу размяшчаўся казённы завод для прэсавання сена, якое накіроўвалася ў ваенныя акругі.

24 снежня 1902 года адкрыта чыгунка Віцебск — Жлобін, 2 лістапада 1915 года — чыгунка Жлобін — Калінкавічы. Пашыраўся гандаль, асабліва хлебам, лёнам, пянькой. Працавалі 2 вінакурні. З 22 снежня 1905 года да 2 студзеня 1906 года адбывалася забастоўка чыгуначнікаў. З 1908 года дзейнічала пазыкова-ашчадная каса. Мелася паштовае аддзяленне.

У 1909 годзе ў Жлобіне, які адносіўся да Лукаўскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, налічвалася 486 гаспадарак, 4270 жыхароў, 613 драўляных і 4 мураваныя будынкі. 27 красавіка 1910 года жыхары на беразе Дняпра сустракалі мошчы прападобнай Ефрасінні, якія на параходзе «Галавачоў» перавозіліся з Кіева ў Полацк. У 1911 годзе адкрыта прыватная гімназія з бібліятэкай пры ёй, у 1913 годзе — крэдытнае таварыства. У 1915 годзе на чыгуначнай станцыі адбылося хваляванне салдат, меліся сутыкненні з паліцыяй.

У час рэвалюцыйных падзей 1917 года Часовы ўрад Расіі вырашыў выкарыстаць для барацьбы з рэвалюцыйнымі выступленнямі рабочых польскія часці Ю. Доўбар-Мусніцкага. Корпус польскіх легіянераў знаходзіўся ў раёне Жлобіна. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Ю. Доўбар-Мусніцкі заявіў аб сваім нейтралітэце ў адносінах да савецкай улады, аднак у 12 студзеня 1918 года ён аб’явіў вайну Савецкай Расіі. Каля станцыі Жлобін упарты бой, аж да рукапашных стычак, працягваўся 6, а гарматны агонь — 30 гадзін; атрымаўшы перамогу ў гэтым баі, чырвонаармейскія атрады ўвайшлі ў Жлобін.

З 2 сакавіка да лістапада 1918 года акупаваны нямецкімі войскамі. Немцы пратрымаліся ў Жлобіне да 24 лістада 1918 года. 25 сакавіка 1918 года абвешчана аб прыналежнасці тэрыторыі да Беларускай Народнай Рэспублікі. 24 лістапада 1918 года ўладу ўзялі бальшавікі. З 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Жлобін увайшоў у склад Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня ЦК РКП(б) пастанавіў уключыць яго ў састаў Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі. У 1919 годзе Жлобін становіцца цэнтрам воласці. Да восені 1920 года пабудавана электрастанцыя магутнасцю 35 конскіх сіл. 9 мая 1923 года створана Жлобінская воласць.

У сакавіку 1924 года Рагачоўскі павет, у т. л. Жлобін, вернуты Беларускай ССР. З 17 ліпеня 1924 года Жлобін — адміністрацыйны цэнтр Жлобінскага раёна (да 26 ліпеня 1930 года ў Бабруйскай акрузе). У 1924 годзе на паўночнай ускраіне мястэчка заснавана метэастанцыя, працавала ветэрынарная лячэбніца. З 3 ліпеня 1925 года — горад.

У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны Жлобін». У 1927—1929 гадах пабудавана чыгуначная сярэдняя школа, у 1933 годзе — будынак сярэдняй школы № 2 (цяпер № 5). У 1934 годзе працавалі шпаларэзны завод, электрастанцыя, рамонтна-вагонны ўчастак, машынна-трактарная станцыя (з 1932 года) і майстэрня, дрэваапрацоўчы камбінат (145 рабочых), нафтавы млын і крупарушка, цагельня (56 рабочых), металаапрацоўчая, камвольная, кравецкая, абутковая майстэрні, мэблевая фабрыка, маслазавод, друкарня, кузня. З 5 чэрвеня 1931 года выдавалася раённая газета, а затым чыгуначная шматтыражная газета «Ударнік». У 1937 годзе ўзведзены будынак для яшчэ адной сярэдняй школы, у 1940 годзе — новы будынак для чыгуначнай школы. У 1938—1939 гадах на станцыі Жлобін-Паўночны пабудаваны новы будынак дэпо.

З 20 лютага 1938 года Жлобінскі раён — у Гомельскай вобласці. З 27 лістапада 1938 года Жлобін — горад раённага падпарадкавання.

У 1930-х гадах Жлобінскі раён моцна пацярпеў ад масавых савецкіх рэпрэсій. У кантэксце прымусовай калектывізацыі ўлады высялялі заможных сялян, канфіскоўвалі маёмасць, абвінавачвалі людзей у «контррэвалюцыйнай» дзейнасці[20]. У 1931 годзе з раёна было гвалтоўна пераселена 158 сямей (734 чалавекі) на Урал[20], а ў 1933 годзе каля 50 двароў вывезлі ў Адэскую вобласць у складзе 4 500 гаспадарак з БССР[20]. Да сакавіка 1936 года колькасць перасяленых з БССР складала 1779 чалавек пры плане 2000[20].

У кнізе «Памяць» названыя імёны каля 250 чалавек са Жлобіншчыны, асуджаных або рэпрэсаваных як «шпіёны» ці «ворагі народа». Фіксаваліся выпадкі супраціву: падпалы калгасаў, адмова ад галасавання за Сталіна, агітацыя за іншых кандыдатаў[21]. Мелі месца масавыя арышт і дэпартацыі сярэднякоў і нават беднякоў[22].

Больш падрабязна: «Савецкія рэпрэсіі ў Жлобінскім раёне».

Ужо 27 чэрвеня 1941 года, праз пяць дзён пасля пачатку вайны, Люфтвафэ нанеслі бомбавы ўдар па Жлобінскім чыгуначным вузле[23]. У гэты ж дзень быў сфармаваны Жлобінскі знішчальны батальён з больш як 100 чалавек — супрацоўнікаў НКУС, партыйных, савецкіх і камсамольскіх актывістаў. Ён узначальваўся А. Міронавым, А. Ярашавым і М. Шапірам. Батальён удзельнічаў у баях і эвакуацыі[24].

4 ліпеня 1941 года нямецкія войскі захапілі Жлобін. Савецкія войскі 6 ліпеня 1941 года адбілі горад, але пад націскам намнога большых сіл праціўніка адступілі за Дняпро.

З 13 ліпеня па 17 жніўня 1941 года войскі 63-га стралковага корпуса пад камандаваннем Л. Пятроўскага правялі Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю, занялі Жлобін і пратрымалі яго да сярэдзіны жніўня. Гэта быў першы контрудар Чырвонай Арміі на фронце[25].

Падчас акупацыі (Жлобінскі гета існавала з верасня 1941 па красавік 1942) было забіта не менш за 2000 яўрэяў[26]. Усяго акупанты загубілі 2500 жыхароў Жлобіна, Стрэшына і іншых населеных пунктаў (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму за 9 км на поўдзень ад горада).

З восені 1941 года пачалі дзейнічаць першыя падпольныя групы на чале з Цітам Мінянковым, Паўлам Скварчэўскім і інш. Увосень 1942 года на Жлобіншчыну прыбылі дзве падрыхтаваныя групы — І. Крышнёва і Д. Шыбінскага — для стварэння партызанскіх атрадаў. Яны ўтварылі атрад «Смерць фашызму»[27] і «Жалязняк»[28].

У жніўні 1943 года партызаны з атрадаў «Смерць фашызму» і «Жалязняк» правялі аперацыю «Рэйкавая вайна», падарваўшы больш за 1200 рэек на Жлобінскім участку чыгункі[29].

У лютым 1944 года савецкія войскі выйшлі на левы бераг Дняпра насупраць Жлобіна, але да 6 чэрвеня 1944 года горад не быў вызвалены.

23 лютага 1944 года ў ходзе Рагачоўска-Жлобінскай наступальнай аперацыі савецкія войскі вызвалілі вёску Майскае, а 26-27 чэрвеня 1944 года Жлобін і навакольныя населеныя пункты былі канчаткова вызвалены падчас аперацыі «Баграціён»[30].

Падрабязней: Партызанскі атрад «Смерць фашызму», Партызанскі атрад «Жалязняк» (Жлобінскі раён)

Пасля вайны ў Жлобіне і раёне засталося крыху больш за 3 000 жыхароў, хоць напярэдадні вайны іх было звыш 19 000. Да 1959 года насельніцтва аднавілася — налічвалася ўжо 19 200 чалавек[31].

У 1963 годзе да Жлобіна далучаны пасёлак пеньказавода. Раней былі далучаны пасёлкі Ветка-Вір, Жлобін-Падольскі, Рабочы. З 17 сакавіка 1963 года — горад абласнога падпарадкавання. У 1975 годзе ў Жлобіне быў адкрыты мясакамбінат[32]. У 1977 годзе пачала працу новая навучальная ўстанова, сёння — тэхналагічны каледж[33]. 30 снежня 1978 года пабудаваны завод штучнага футра, а таксама каледж сферы абслугоўвання[34].

У канцы 1984 года — Беларускі металургічны завод. Пабудавалі яго з удзелам фірмаў «Фест-Альпіне» (Аўстрыя) і «Даніэлі» (Італія). Першы расплаў і разліўка сталі (СТАЛЬ 1 ГОСТ) адбыліся 15 кастрычніка 1984 года — гэта дата лічыцца днём заснавання завода. Яго першым дырэктарам стаў Дзярожант Акопаў[35].

Пасля распаду СССР Жлобін працягваў развівацца як важны прамысловы і культурны цэнтр рэгіёна. У 1993 годзе быў пабудаваны Палац культуры металургаў[36].

У 1995 годзе ўзведзены новы мураваны будынак Свята-Троіцкай царквы[19].

У 1996 годзе адкрыўся тэхнікум пры БМЗ (цяпер — металургічны каледж)[37].

4 студзеня 2002 года Жлобінскі раён і горад Жлобін аб’яднаны ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку — Жлобінскі раён з адміністрацыйным цэнтрам горад Жлобін[38].

У 2004 годзе быў узведзены новы будынак чыгуначнага вакзала[39], а ў 2006 годзе адкрыты Цэнтр алімпійскага рэзерву[40].

У 2007 годзе на БМЗ увялі ў эксплуатацыю трубную вытворчасць[41]. У Красным Беразе быў адкрыты мемарыял «Дзяцям — ахвярам вайны»[42]. У 2008 годзе ў Цэнтры алімпійскага рэзерву адкрыўся аквапарк[43].

У 2012 годзе хакейны клуб «Металург» стаў чэмпіёнам Беларусі[44]. У 2013 годзе горад прымаў рэспубліканскі фестываль «Дажынкі»[45]. У 2013—2021 гадах праводзілася электрыфікацыя чыгуначных участкаў[46]. У 2020 годзе быў адкрыты новы будынак Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея[47].

22 снежня 2014 года ў склад горада ўключаны большая частка вёскі Лебядзёўка Луцкага сельсавета і пасёлак Рубеж Малевіцкага сельсавета[48].

У жніўні 2020 года Жлобін стаў адным з гарадоў, дзе прайшлі масавыя акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. 17 жніўня забастоўка на БМЗ увайшла ў актыўную фазу: былі спынены ўсе тры мартэлі (электрадугавыя печы), з іх быў сліты метал, і завод спыніў працу[49][50]. Каля 2 000 рабочых падпісалі зварот з патрабаваннем перагляду вынікаў выбараў.

Некалькі працоўных — Яўген Говар, Аляксандр Баброў і Ігар Повараў — былі асуджаныя на рэальныя турэмныя тэрміны за нібыта «арганізацыю» страйку[51]. Асобны прысуд атрымаў супрацоўнік БМЗ Аляксандр Гашнікаў — 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за спробы стварэння незалежнага прафсаюзу і арганізацыю працоўнага руху ў краіне[51].

Пасля грамадска-палітычных падзей у Беларусі ў 2020 годзе і пачатку расійска-украінскай вайны ў 2022 годзе Беларускі металургічны завод сутыкнуўся з праблемамі на міжнародным рынку. Заводу стала цяжка прадаваць прадукцыю ў краіны Заходняй Еўропы і ЗША. 12 мая 2023 года санкцыі супраць БМЗ увяла Украіна, а ў жніўні таго ж года — Еўрапейскі саюз. Да санкцый далучыліся Швейцарыя, Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Албанія, Боснія і Герцагавіна, Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія. Таксама ў санкцыйны спіс ЗША трапілі сам завод, генеральны дырэктар Дзмітрый Корчык і звязаная з БМЗ кампанія BELKAPSTEEL[52].

Тым не менш, афіцыйнае кіраўніцтва заяўляе пра станоўчую дынаміку. У 2023 годзе, паводле слоў генеральнага дырэктара Дзмітрыя Корчыка, было выпушчана на 250 тысяч тон сталі больш, чым у папярэднім годзе (плюс 12 %), а экспарт пракату чорных металаў вырас да 1,6 млн тон (плюс 17 %). Доля інавацыйнай прадукцыі склала 41 %, а работнікам была выплачана 13-я зарплата[53].

Пасля падзей жніўня 2020 года ў Жлобінскім раёне адбыўся шырокі палітычны пераслед. Дзясяткі жыхароў былі асуджаныя за ўдзел у пратэстах, каментары ў інтэрнэце або за публічныя выказванні салідарнасці. Штрафы, «хатняя хімія», пазбаўленне волі — гэта найбольш тыповыя формы пакарання. Прысуды выносіліся паводле артыкулаў 342, 364, 369, 130 КК, а ў асобных выпадках — нават за нібыта «здраду дзяржаве».

У 2024 годзе Жлобін заняў першае месца сярод усіх раённых цэнтраў Гомельшчыны па колькасці палітычна матываваных крымінальных спраў — 168 зафіксаваных выпадкаў, што саступае толькі абласному цэнтру[54].

  • XIX стагоддзе: 1847 год — 965 чал.; 1880 год — 430 чал.; 1897 год — 1 307 чал. (перапіс)(2100 чал.[55])
  • XX стагоддзе: 1909 год — 4 270 чал.; 1939 год — 19,3 тыс. чал.[55]; 1959 год — 19,2 тыс. чал.[55]; 1970 год — 25 тыс. чал. (25,4 тыс. чал.[55]); 1995 год — 67,6 тыс. чал.[55]
  • XXI стагоддзе: 2013 год — 75 335 чал.; 2016 год — 75 956 чал.[56]; 2017 год — 76 068 чал.[57]

Прадпрыемствы лёгкай, металургічнай (Беларускі металургічны завод), харчовай, будматэрыялаў прамысловасці, фабрыка інкрустацыі.

Гасцініцы «Славянская», «Юбілейная».

Стары будынак храма Свяціцеля Васіля Вялікага.

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]

Дзеячы навукі, культуры, царквы

Архіепіскап Георгій (Данілаў).

Ваенныя

Спартсмены

С. Мацвейчык.

Іншыя вядомыя асобы

Цікавыя факты

[правіць | правіць зыходнік]

У 1955 годзе ў Жлобіне здымаўся мастацкі фільм «Зялёныя агні» (рэжысёры С. І. Сплашноў, І. А. Шульман, кінастудыя «Беларусьфільм»). Дзеянне адбываецца на адным з чыгуначных вузлоў Беларусі. Малады машыніст грузавога цягніка Сяргей Чобур на сваю рызыку здзяйсняе першы рэйс з перавышэннем вагавых нормаў. У шляху выяўляецца няспраўнасць машыны. Заняўшыся на хаду рамонтам, брыгада дапускае парушэнне правілаў эксплуатацыі, і Чобура здымаюць з працы. Вопыт Чобура ўдаецца паспяхова паўтарыць, і Сяргея вяртаюць на паравоз. Гэтаму больш за ўсё рады дзве дзяўчыны-чыгуначніцы — інжынер Людміла і дыспетчар Аксана… У масавых сцэнах удзельнічалі многія жыхары Жлобіна, у фільме ёсць прыгожыя здымкі чыгуначнай тэхнікі таго часу[59].

  1. а б О некоторых вопросах административно-территориального устройства Гомельской области
  2. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  3. Численность населения на 1 января 2025 г. и среднегодовая численность населения за 2024 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2025.
  4. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  5. М. В. Бірыла. Беларуская антрапанімія. Мінск, 1969. С. 146.
  6. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 124.
  7. а б в г д Жлобінскі край: ад мінулага да сучаснасці. Гісторыка-краязнаўчы даведнік. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2025. — С. 65—73.
  8. Жлобінскі край: ад мінулага да сучаснасці. Гісторыка-краязнаўчы даведнік. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2025. — С. 65—73.
  9. Герб Жлобіна — артыкул у беларускай Вікіпедыі
  10. Герб горада Жлобіна // Геральдыка Беларусі
  11. Адамушко В. І., Елінская М. М. «Гербы и флаги Беларуси». — Мінск: Беларусь, 2006. — С. 254.
  12. Цісецкая, К. Гліняны посуд жалезнага веку // Новы дзень. Жлобінская раённая газета. 2013, 23 красавіка.
  13. а б Маслюкоў, Т. В. Археалагічныя абследаванні ў Жлобіне // Археологические исследования в еврорегионе «Днепр» в 2012 году: междунар. сб. науч. ст. / междунар. редкол. : О. М. Демиденко (отв. ред.), Н. Н. Кривальцевич (зам. отв. ред.), О. М. Макушников (науч. ред.), Ю. В. Панков (отв. секр.) [и др.] ; Гом. обл. исполн. ком., Ин-т истории НАН Б, Гом. гос. ун-т им. Ф. Скорины [и др.]. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2013. — С. 63—66. ISBN 978-985-439-791-7.
  14. Ткачоў, М. А. Замкі і людзі. Мн., 1991, с. 152—153.
  15. Ткачов, М. А. Изучение средневековых памятников Белоруссии // Археологические открытия 1983 года. М., 1985, с. 407—408. (руск.)
  16. Бабин, В. Археологи изучают старый Жлобин // Нюанс-плюс. Еженедельная информационно-рекламная газета. 2013. № 27. С. 2. (руск.)
  17. Ткачоў, М. А. Замкі і людзі. Мн., 1991, с. 178 (гл. спасылку 164).
  18. Спорные вопросы истории Жлобина (историко-краеведческий очерк). (руск.)
  19. а б Гарады і вёскі Беларусі. Гомельская вобласць. Мн., 2004.
  20. а б в г Памяць: Жлобін, Жлобінскі раён. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2000. — С. 320—325.
  21. Газета «Звязда», 1936.
  22. Материалы ОГПУ о перегибах и искривлениях в процессе коллективизации и раскулачивания(нявызн.).
  23. Жлобінскі край: ад мінулага да сучаснасці. — С. 370.
  24. Жлобінскі край: ад мінулага да сучаснасці. — С. 372.
  25. Жлобінскі край: ад мінулага да сучаснасці. — С. 374.
  26. Жлобінскі край: ад мінулага да сучаснасці. — С. 376.
  27. Партызанскі атрад «Смерць фашызму»
  28. Партызанскі атрад «Жалязняк» (Жлобінскі раён)
  29. Жлобінскі край: ад мінулага да сучаснасці. — С. 382.
  30. Жлобінскі край: ад мінулага да сучаснасці. — С. 389—390.
  31. Жлобінскі край: ад мінулага да сучаснасці. Гісторыка-краязнаўчы даведнік. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2025. — С. 404. — [1]
  32. Там жа. — С. 406
  33. Там жа. — С. 406
  34. Там жа. — С. 407
  35. Там жа. — С. 408
  36. Жлобінскі край: ад мінулага да сучаснасці. Гісторыка-краязнаўчы даведнік. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2025. — С. 413. — [2]
  37. Там жа. — С. 413
  38. Указ Президента Республики Беларусь от 4 января 2002 года № 6 "Об объединении районов и городов областного подчинения Республики Беларусь, имеющих общий административный центр"(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 красавіка 2024.
  39. Там жа. — С. 414
  40. Там жа. — С. 414
  41. Там жа. — С. 414
  42. Там жа. — С. 414
  43. Там жа. — С. 415
  44. Там жа. — С. 415
  45. Там жа. — С. 415
  46. Там жа. — С. 415
  47. Там жа. — С. 416
  48. Решение Гомельского областного Совета депутатов от 22 декабря 2014 г. № 49 Об изменении границ города Жлобина, Лукского и Малевичского сельсоветов Жлобинского района Гомельской области
  49. OpenDemocracy.net
  50. Sputnik Беларусь
  51. а б Падрабязней пра палітычныя рэпрэсіі ў Жлобіне
  52. Беларускі металургічны завод. Афіцыйны сайт
  53. Беларускі металургічны завод. Афіцыйны сайт
  54. Гомельская Вясна: «Жлобін — самы пацярпелы ад рэпрэсіяў горад Гомельшчыны»
  55. а б в г д Беларусь 1995.
  56. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  57. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  58. https://catholic.by/3/news/belarus/2614-u-kastsjole-my-sustrakaemsya-z-tym-khto-josts-lyubouyu-u-zhlobine-asvechany-novy-kastsjol-abnoulena
  59. Информация о фильме «Зелёные огни» // Кино-Театр.ru. (руск.)