Керма

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Сучасны выгляд


Керма (араб. كرمة‎‎) — археалагічны помнік на месцы старажытнага горада, цэнтра аднайменнай дзяржавы ў Афрыцы. Знаходзіцца ў даліне Ніла на поўначы Судана.

Археалогія[правіць | правіць зыходнік]

Месцазнаходжанне Кермы было выяўлена ў 1820 г. Археалагічныя раскопкі пачаліся амерыканскімі даследчыкамі ў 1913 г. і актыўна вяліся імі да 1936 г. Амерыканскі егіптолаг Дж. А. Рэйснер першапачаткова палічыў, што знайшоў старажытнаегіпецкую гандлёвую калонію ў Нубіі. Гэты пункт гледжання захоўваўся ў навуцы некалькі дзесяцігоддзяў, пакуль у 1977 г. раскопкі не былі ўзноўлены швейцарскай археалагічнай экспедыцыяй. Да 2002 г. ёю было выяўлена 6 культурных пластоў 4 - 2 тысячагоддзяў да н. э. Швейцарскія даследчыкі паказалі, што Керма была буйным горадам, цэнтрам вялікай самастойнай дзяржавы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Керма як месца паселішча земляробаў і жывёлагадоўцаў узнікла каля 3500 г. да н. э. Першапачаткова складалася з 40 цагляных круглявых хацін дыяметрам ад 4 м да 7 м. Тры капітальных будынкі, якія як лічаць, маглі мець рэлігійную і адміністрацыйную функцыі, узведзены ў форме правільных чатырохкутнікаў. Знешняя частка паселішча была добра ўмацавана. Знойдзены месцы ўтрымання свойскай жывёлы і каля 500 ямін для захавання збожжа. Хуткаму росту Кермы ў 4 - 3 тысячагоддзях да н. э. садзейнічалі кліматычныя змены. Паступовае высыханне навакольнай саванны вымушала мясцовыя плямёны перасяляцца ў даліну Ніла.

Каля 2450 г. да н. э. Керма ператварылася ў буйны горад, цэнтр аднайменнай дзяржавы. Археолагі вылучаюць тры асноўныя перыяды яго развіцця:

  • Старажытны (да 2050 г. да н. э.)
  • Сярэдні (2050 — 1750 гг. да н. э.)
  • Класічны (1750 — 1480 гг. да н. э.)

Класічны перыяд — час росквіту горада. Каля Ніла быў пабудаваны вялікі партовы раён. У раёне Кермы меўся багаты некропаль з пахаваннямі валадароў і іх набліжаных, каля яго — 2 храмы дыяметрам 40 м. Насельніцтва горада працягвала займацца земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем, аднак важнымі заняткамі сталі рамяство і гандаль. Керма з'яўлялася галоўным пасрэднікам у гандлі паміж трапічнымі рэгіёнамі Афрыкі і краінамі Міжземнага мора. Вакол населенай часткі былі ўзведзены новыя ваенныя ўмацаванні. У класічны перыяд уладары Кермы кантралявалі не толькі ўсю тэрыторыю Нубіі, аднак і землі паўднёвага Егіпта. Але з ростам горада павялічвалася апустыньванне навакольных зямель.

У 1480 - 1450 гг. да н. э. адбылося заваяванне Кермы з боку егіпцян. Дакладны час вызначыць складана, бо яна магла некалькі разоў пераходзіць з рук у рукі. Характэрна, што нубійцы часцяком спальвалі свае паселішчы перад прыходам ворага. Егіпецкае заваяванне прывяло да поўнага заняпаду.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]