Керма (дзяржава)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Керма
2450 да н.э. — 1450 да н.э.



Nubia be.png
Сталіца Керма
Форма кіравання манархія

Керма (араб. كرمة‎‎) — умоўная назва старажытнай афрыканскай дзяржавы з цэнтрам у горадзе Керма (24501450 гг. да н. э.)

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Керма ўзнікла на тэрыторыі Нубіі, старажытнай зямлі, дзе земляробства і жывёлагадоўля ўзніклі ў той жа час, што і ва Урадлівым паўмесяцы. У 4 тысячагоддзі да н. э. паступовае пахаладанне клімата прывяло да апустыньвання навакольнай саванны і міграцыі насельніцтва ў даліну Ніла. У сярэдзіне 4 тысячагоддзя да н. э. на поўдзень ад трэцяга парога Ніла ўзнікла буйное і добра ўмацаванае паселішча Керма. Каля 2450 г. да н. э. яно ператварылася ў магутны цэнтр Верхняй Нубіі.

Росквіт дзяржавы Керма прыйшоўся на перыяд 17501480 гг. да н. э. Манархі Кермы здолелі падпарадкаваць Ніжнюю Нубію, якая раней знаходзілася пад уплывам Старажытнага Егіпта. Каля 1650 г. да н. э. у дэльце Ніла ўзнікла дзяржава гіксосаў. Паміж Кермай і гіксосамі сфарміраваўся ваенны саюз супраць Егіпта. Улада кермітаў на некаторы час распаўсюдзілася на паўднёваегіпецкія землі.

Пасля 1550 г. да н. э. фараон Яхмас I нанёс некалькі паражэнняў гіксосам і пачаў заваяванне Нубіі. У мясцовасці Хентхенафер ён разграміў нубійскае войска, слыннае сваімі лучнікамі. Аднак паўстанне ў самім Егіпце вымусіла яго вярнуцца. Большасць егіптолагаў лічаць, што Яхмас здолеў прасунуць межы Егіпта толькі да другога парога. Але археолагі адзначаюць хуткі заняпад Кермы, якая перастала існаваць як самастойная дзяржава да 1450 г. да н. э.

Спрэчныя пытанні[правіць | правіць зыходнік]

Статуі ўладароў, знойдзеныя ў Керме

Керма была першапачаткова даследавана амерыканскімі археолагамі ў 19131936 гг. Амерыканскі егіптолаг Дж. А. Рэйснер палічыў, што Керма з'яўлялася старажытнаегіпецкай гандлёвай калоніяй ў Нубіі. Гэты погляд захоўваўся некалькі дзесяцігоддзяў. Раскопкі 19772002 гг., арганізаваныя швейцарскай навуковай экспедыцыяй, паказалі, што Керма была буйным цэнтрам нубійскай цывілізацыі, якая ўзнікла і развівалася самастойна ад Старажытнага Егіпта. Мясцовыя кераміка, пахаванні, многія рамесныя вырабы адрозніваюцца ад егіпецкіх.

Галоўная праблема ў вывучэнні гісторыі і ўнутранага ладу Кермы заключана ў недастатковай колькасці пісьмовых крыніц. Усе вядомыя пісьмовыя крыніцы маюць егіпецкае паходжанне. Археолагамі даследавана адносна невялікая плошча, пераважна гарадскі цэнтр Кермы. Дзяржава Керма доўгі час заставалася важным гандлёвым партнёрам Егіпта, паколькі адсюль вывозіліся золата, што здабывалася на паўднёвым усходзе Нубіі, і дарагія тавары з трапічнай Афрыкіслановая косць, яйкі страусаў, рабы і г. д. У Керме быў пабудаваны рачны порт.

Нубійскія землі ўзгадваюцца ў егіпецкіх надпісах з 2300 г. да н. э. Аднак у іх сустракаюцца розныя назвы нубійскіх дзяржаў, што вымушае лічыць, што да канца 3 тысячагоддзя да н. э. Керма з'яўлялася толькі адным з палітычных цэнтраў Верхняй Нубіі. Узвышэнне Кермы можа быць растлумачана егіпецкай экспансіяй з пачатку 2 тысячагоддзя да н. э., якая прывяла да заняпаду палітычных цэнтраў Ніжняй Нубіі. Аднак егіпецкія паходы на поўдзень і пагаршэнне сітуацыі на егіпецка-нубійскай мяжы ў сваю чаргу могуць быць наступствамі не экспансіі Егіпта, а адказам фараонаў на пашырэнне дзяржавы Керма.

Пісьмовыя і археалагічныя крыніцы сведчаць пра тое, што ўлада ў дзяржаве Керма была манархічнай. Захавалася некалькі вялікіх магільняў уладароў, каля якіх пабудаваны храмы. У егіпецкіх дакументах узгадваюцца імёны ўладароў — Авава, Утатрэрсэс, Неджэх. Яны кіравалі ў першай палове 2 тысячагоддзя да н. э. Так, каля 1650 г. да н. э. Неджэх захапіў егіпецкія ўмацаванні ў Ніжняй Нубіі. У Керме таксама меўся шырокі пласт высакародных асоб або дзяржаўных чыноўнікаў. Яны валодалі большымі па памерах дамамі, чым простае насельніцтва, адказвалі за сховішчы збожжа і іншага харчу.

Археолагі адзначаюць высокую ступень развіцця сельскай гаспадаркі ў дзяржаве Керма. Саванны вакол даліны Ніла з'яўляліся натуральнай пашай для свойскай жывёлы. Земляробы вырошчвалі пшаніцу і ячмень, будавалі каналы для абрашэння палеткаў. Аднак у 2 тысячагоддзі да н. э. клімат працягваў змяняцца і суправаджаўся засухамі. Гэта вяло да скарачэння плошчы пашаў і больш інтэнсіўнай эксплуатацыі земляробчых надзелаў. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што заняпад Кермы быў абумоўлены не толькі ўзвышэннем Егіпта, але таксама неспрыяльным станам мясцовай экалогіі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]