Судан
| |||||
Дэвіз: «Перамога наша (an-Nasru la-naa)» | |||||
Гімн: «Мы — войска Алаха, войска айчыны (Nahnu jundu l-Laahi, jundu l-watan)» | |||||
Дата незалежнасці | 1 студзеня 1956 (ад Вялікабрытаніі і Егіпта) | ||||
Афіцыйная мова | арабская | ||||
Сталіца | Хартум | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Амдурман | ||||
Форма кіравання | Рэспубліка | ||||
Кіраўнік дзяржавы Прэм’ер-міністр |
Абдэль Фатах аль-Бурхан Абдала Хамдок | ||||
Дзярж. рэлігія | іслам (суніцкага толку) | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
16-я ў свеце 1,886,068 км² 0 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2008) • Шчыльнасць |
30,894,000 чал. (38-я) 16,4 чал./км² | ||||
ІРЧП (2007) | ▼ 0.531 (150-ы) | ||||
Валюта | Суданскі фунт (SDP) | ||||
Інтэрнэт-дамен | .sd | ||||
Код ISO (Alpha-2) | SD | ||||
Код ISO (Alpha-3) | SDN | ||||
Код МАК | SUD | ||||
Тэлефонны код | +249 | ||||
Часавыя паясы | +3 |
Суда́н[1] (араб. السودان), афіцыйна Рэспубліка Суда́н[1] (араб. جمهورية السودان) — краіна, якая знаходзіцца ў Паўночна-Усходняй Афрыцы. З’яўляецца трэцяй краінай Афрыкі па плошчы (пасля Алжыра і ДР Конга) і трэцяй краінай арабскага свету (пасля Алжыра і Саудаўскай Аравіі). Па дадзеных перапісу 2015 года насельніцтва Судана перавышае 40 млн жыхароў. Хартум — сталіца, а таксама палітычны, культурны і гандлёвы цэнтр краіны, Амдурман — другі па велічыні горад.
Назва краіны паходзіць ад арабскага слова Bilad-al-sudan, літаральна — «краіна чорных».
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Судан быў домам для многіх старажытных цывілізацый, такіх як царства Куш, Керма, Набадыя, Алодыя, Макурыя, Мероэ і іншыя, большасць з якіх рассяляліся ўздоўж Ніла. Падчас дадынастычнага перыяду Нубія (сённяшнія тэрыторыі паўднёвага Егіпта і паўночнага Судана) і Верхні Егіпет былі амаль культурна ідэнтычнымі, і сістэма кіравання фараонаў адначасова развілася там да 33 стагоддзя да н.э. З-за сваёй блізкасці да Егіпта Судан прымаў удзел у больш шырокай гісторыі Блізкага Усходу, быў хрысціянізаваны ў 6 стагоддзі і ісламізаваны ў 15 стагоддзі. У выніку хрысціянізацыі старажытнанубійская мова стала самай ранняй з запісаных ніла-сахарскіх моў (раннія запісы адносяцца да 9 стагоддзя).
У 19 стагоддзі Судан знаходзіўся пад кантролем Егіпта, пасля чаго ў 1899 годзе быў заснаваны Англа-Егіпецкі Судан, які з’яўляўся кандамініумам Вялікабрытаніі і Егіпта, але фактычна кіраваўся як Брытанская калонія. У 1956 годзе дзяржава атрымала незалежнасць, але рэлігійныя і этнічныя канфлікты паміж араба-мусульманскім насельніцтвам паўночнай часткі Судана і анімістычным насельніцтвам поўдня прывялі да першай грамадзянскай вайны (1955—1972), у выніку якой паўднёвы Судан стаў аўтаномным рэгіёнам, а пазней да другой грамадзянскай вайны (1983—2005). У сувязі з палітычным і ваенным дысбалансам у 1989 годзе быў здзейснены дзяржаўны пераварот на чале з палкоўнікам Амарам аль-Башырам, які абвясціў сябе прэзідэнтам у 1993 годзе і ўтрымлівае ўладу па сённяшні дзень. Другая грамадзянская вайна скончылася Найвашскім пагадненнем 2005 года, якое прывяла да рэферэндуму 2011 года і аддзялення Паўднёвага Судана ад паўночнай часткі краіны, якая да гэтага была найбуйнейшай дзяржавай Афрыкі па плошчы.
Неаліт
[правіць | правіць зыходнік]Гісторыя Судана вядома з эпохі неаліту, калі даліна ракі Ніл пачала засяляцца сталымі жыхарамі, якія займаліся рыбалоўствам і збіральніцтвам, будавалі хаціны з сырцовай цэглы. Кліматычныя змены 5 тысячагоддзя на н. э. спарадзілі новую хвалю міграцыі з Сахары. У яе выніку склаўся эканамічны комплекс, заснаваны на развіцці земляробства і жывёлагадоўлі. Сведчаннямі багатай культурнай гісторыі той эпохі з’яўляюцца знаходкі неалітычных пахаванняў у раёне Данголы, дзе знойдзены інгумацыі з укладаннем керамікі, упрыгожванняў са слановай косці і марскіх ракавін, а таксама петрогліфы Сабу-Джадзі.
Старажытныя дзяржавы
[правіць | правіць зыходнік]Вобласць Нубія на мяжы сучасных Судана і Егіпта — адно з найстаражытнейшых месцаў фарміравання дзяржаўных утварэнняў. Тут у сярэдзіне 4 тысячагоддзя на Ніле ўзнікла паселішча Керма, якое хутка расло і да 2 тысячагоддзя да н. э. ператварылася ў буйны горад, цэнтр аднайменнай дзяржавы, роўны па плошчы з тагачаснымі сталіцамі Старажытнага Егіпта. У пачатку 2 тысячагоддзя да н. э. ніжняя Нубія трапіла пад уплыў егіпцян. Аднак Керма захавала сваю самабытнасць. У XVIII—XVI стст. да н. э., калі паўночны Егіпет быў захоплены гіксосамі, яе ўладары пашырылі свой кантроль на верхнюю Нубію і паўднёвы Егіпет.
У сярэдзіне 2 тысячагоддзя Яхмас I перамог гіксосаў і нубійцаў. Да 1450 годзе да н. э. Керма прыйшла ў заняпад. У Нубіі некалькі стагоддзяў дзейнічала егіпецкая дзяржаўная адміністрацыя. Але ў канцы 2 тысячагоддзя да н. э. тут узнікла самастойная дзяржава Куш, для якой было характэрна спалучэнне мясцовых і егіпецкіх культурных традыцый. Яе першасным цэнтрам была Напата, пазней — Мероэ. У першай палове 1 тысячагоддзя да н. э. экалагічны крызіс выклікаў хвалю міграцыі кушыцкага насельніцтва ўглыб Афрыкі. У 330 годзе Мероэ быў зруйнаваны войскам Аксума.
Сярэднявечча
[правіць | правіць зыходнік]У сярэднявеччы ў Нубіі існавалі дзяржавы Набадыя, Макурыя і Алодыя, насельніцтва якіх спавядала хрысціянства.
У XVI стагоддзі значная частка сучаснага Судана ўвайшла ў склад мусульманскай дзяржавы Фундж з цэнтрам у Сенары. Да пачатку XIX ст. большасць насельніцтва Судана была ісламізавана.
Судан у складзе Асманскай імперыі. Махдзісцкі Судан
[правіць | правіць зыходнік]У 1821 годзе Судан заваяваны правіцелем Егіпта Мухамедам Алі. У 1881 годзе прапаведнік Мухамед Ахмед абвясціў сябе махдзі і ўзначаліў паўстанне махдзістаў, якое паклала канец турэцка-егіпецкаму панаванню і стварыла ў Судане тэакратычную незалежную дзяржаву. Паўстанне ў 1898—1899 гадоў задушылі англічане.
Англа-Егіпецкі Судан
[правіць | правіць зыходнік]У 1899—1955 гадах Судан — калонія Вялікабрытаніі (да 1951 года фармальна лічыўся англа-егіпецкім кандамініумам). У 1940-я гады склаліся партыі аль-Ума (стаяла за незалежнасць Судана) і нацыянал-юніянісцкая (НЮП; стаяла за саюз з Егіптам).
Незалежны Судан
[правіць | правіць зыходнік]1 студзеня 1956 года абвешчана незалежнасць Судана. З 1958 годзе ўсталяваўся рэжым ваеннай дыктатуры генерала І. Абуда, які скінуты ў 1964 годзе. Аднак і новыя ўрады 1964 і 1965 гадах не здолелі вырашыць наспелыя праблемы. У 1969 годзе ваенныя на чале з Дж. Німейры ажыццявілі дзяржаўны пераварот; краіна атрымала назву Дэмакратычная Рэспубліка Судан; яе прэзідэнтам з 1971 года стаў Німейры. У 1972 годзе падпісана пагадненне з прадстаўнікамі паўстанцаў паўднёвых правінцый Судана аб пашырэнні самакіравання. У 1973 годзе прынята канстытуцыя, якая дазваляла толькі адну палітычную партыю — Суданскі сацыялістычны саюз (ССС). Увядзенне ў 1983 годзе ісламскага заканадаўства выклікала незадаволенасць немусульманскага насельніцтва поўдня, дзе аднавіла ўзброенную барацьбу Суданская нацыянал-вызваленчая армія. У 1985 грдзе ваенныя на чале з генералам С. ад-Дагабам скінулі Німейры, ССС распушчаны, адноўлена дзейнасць іншых палітычных партый; краіна перайменавана ў Рэспубліку Судан. Па выніках парламенцкіх выбараў у 1986 годзе створаны кааліцыйны ўрад на чале з лідарам партыі аль-Ума С. аль-Махдзі. Няздольны вырашыць складаныя эканамічныя праблемы краіны, гэты ўрад скінуты 30 чэрвеня 1989 года ў выніку ваеннага перавароту з удзелам ісламскіх фундаменталістаў; дзейнасць канстытуцыі і палітычных партый прыпынена. Улада перайшла да Савета камандавання рэвалюцыяй на чале з генералам Амарам аль-Башыра (з 1998 года — прэзідэнт Судана). Значны ўплыў на ўрад мае ісламская фундаменталісцкая арганізацыя Нацыянальны ісламскі фронт.
Сучаснасць
[правіць | правіць зыходнік]З снежня 2018 года ў Судане пачаліся пратэсты супраць рэзкага павышэння цэнаў на хлеб, але неўзабаве пратэстны рух накіраваўся супраць аўтарытарнага кіраўніка краіны А. Х. аль-Башыра. З пачатку пратэстаў загінулі як мінімум 32 актывіста. У лютым 2019 года аль-Башыр абвесціў у краіне надзвычайнае становішча, абмежаваў свабоду сходаў, распусціў Кабмін і ўвёў у краіне рэжым надзвычайнага становішча на год. 6 красавіка тысячы актывістаў выйшлі на вуліцы сталіцы Судана Хартума з патрабаваннямі адстаўкі прэзідэнта. Пратэстоўцаў адагналі ад прэзідэнцкага палаца пры дапамозе слёзацечнага газу[2].
11 красавіка 2019 года армія Судана здзейсніла ў краіне пераварот. Вайскоўцы вырашылі зняць з усіх пасадаў прэзідэнта Амара аль-Башыра, які кіраваў краінай 25 гадоў, і разагнаць урад[3]. Міністр абароны краіны генерал-лейтэнант Авад Мухамед Ахмед ібн Ауф аб’явіў аб арышце Амара аль-Башыра, роспуску парламента і дзеючых органаў улады. Акрамя таго, было аб’яўлена аб прыпыненні дзеяння Канстытуцыі і ўвядзенні надзвычайнага становішча ў краіне на тры месяцы[4].
Ваенны савет, што захапіў уладу ў краіне, узначаліў Авад Мухамед Ахмед ібн Ауф, які перад гэтым некалькі месяцаў займаў пасаду першага віцэ-прэзідэнта[5]. Але 12 красавіка ён падаў у адстаўку дзеля захавання адзінства ўзброеных сілаў, назваўшы сваім пераемнікам генерала Абдэль Фатаха Бурхана[6]. Адстаўка адбылася на фоне масавых пратэстаў з патрабаваннем найхутчэйшых палітычных пераўтварэнняў[7].
Апазіцыя заклікала да найхутчэйшага стварэння пераходнага ўраду і распачала страйк каля міністэрства абароны ў Хартуме. 3 чэрвеня суданская армія пачала разгон лагера пратэстоўцаў. Вайскоўцы ўжылі зброю. Каля 100 чалавек загінулі, целы 40 чалавек былі знойдзены ў рацэ Ніл[8].
Апазіцыя і ваенны савет Судана 5 ліпеня дасягнулі пагаднення аб раздзяленні ўлады ў пераходны перыяд да правядзення выбараў. Бакі дамовіліся стварыць суверэнны савет з пяці ваенных і пяці грамадзянскіх асоб, які будзе дзейнічаць як мінімум тры гады. 17 ліпеня Пераходны ваенны савет Судана і апазіцыйны альянс «Сілы за свабоду і перамены» падпісалі ў Хартуме ў прысутнасці пасрэднікаў з Эфіопіі і Афрыканскага саюза палітычнае пагадненне, прызначанае пракласці шлях да дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне[9].
Дзяржаўны лад і палітыка
[правіць | правіць зыходнік]Нягледзячы на тое, што афіцыйна дзяржава пазіцыянуе сябе як прэзідэнцкая прадстаўніча-дэмакратычная федэратыўная рэспубліка, на міжнародным узроўні суданская палітыка разглядаецца як аўтарытарны рэжым з-за кантролю, які партыя Нацыянальны кангрэс Судана на чале з аль-Башырам ажыццяўляе над выканаўчай, заканадаўчай і судовай галінамі ўлады з моманту свайго заснавання ў 1996 годзе. Суданскі ўрад падтрымліваў выкарыстанне арабскіх апалчэнцаў Джанджавід падчас Дарфурскага канфлікту, у выніку чаго тысячы людзей былі дэпартаваныя і забітыя, а патрэба ў гуманітарнай дапамозе ў Дарфуры прыцягнула да сябе ўвагу міжнароднай супольнасці. У 2009 і 2010 гадах Міжнародны крымінальны суд выдаў два ордэры на арышт Амара аль-Башыра, які абвінавачваецца ў здзяйсненні генацыду, злачынствах супраць чалавечнасці і ваенных злачынствах.
Дзейнічае часовая канстытуцыя 2005 года.
11—15 красавіка 2010 года прайшлі першыя дэмакратычныя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары з удзелам розных палітычных партый. Галоўны апазіцыйны кандыдат, Ясір Арман з партыі НАВС, зняў сваю кандыдатуру за некалькі дзён перад выбарамі. Пераможцам прэзідэнцкіх выбараў аб’яўлены Амар Хасан аль-Башыр (68,24 %). Па выніках парламенцкіх выбараў больш за ўсё галасоў набрала партыя Нацыянальны кангрэс Судана.
Судан з’яўляецца членам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Афрыканскага саюза, Лігі арабскіх дзяржаў, Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва і Руху недалучэння, а таксама назіральнікам у Сусветнай гандлёвай арганізацыі.
Выканаўчая ўлада
[правіць | правіць зыходнік]Кіраўнік дзяржавы, урада і галоўнакамандуючы — прэзідэнт.
Заканадаўчая ўлада
[правіць | правіць зыходнік]Парламент двухпалатны — Савет правінцый (50 месцаў, абіраецца органамі кіравання правінцый на 6-гадовы тэрмін) і Нацыянальная асамблея (450 месцаў, у 2005 годзе былі прызначаныя прэзідэнтам — запоўнена 360 месцаў: 355 ад прэзідэнцкай партыі Нацыянальны кангрэс і 5 беспартыйных).
Судовая ўлада
[правіць | правіць зыходнік]Судовая сістэма незалежная, на чале з Канстытуцыйным Судом Судана. Прававая сістэма грунтуецца на законе шарыяту.
Дзяржаўная сімволіка
[правіць | правіць зыходнік]Сцяг Судана ўяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з трох гарызантальных палос аднолькавай шырыні (чырвонага, белага і чорнага колераў) і зялёнага трохкутніка, накладзенага па-над імі злева. Ён заснаваны на сцягу арабскага вызвалення і з’яўляецца падобным на сцягі Егіпта, Ірака, Сірыі і Емена, якія таксама выкарыстоўваюць стандартныя панарабскія колеры, сярод якіх зялёны з’яўляецца менш значным. Чырвоны, белы, чорны і зялёны колеры гістарычна звязаны з арабскім народам і ісламскай рэлігіяй на працягу многіх стагоддзяў і сімвалізуюць арабскае адзінства і незалежнасць. Да ваеннага перавароту Джафара Німейры ў 1969 годзе ў краіне выкарыстоўваўся трыкалор з блакітна-жоўта-зялёны трыкалор, які быў абраны як нейтральны паміж рознымі этнічнымі групамі і палітычнымі партыямі і сімвалізаваў раку Ніл (блакітны), пустэльню Сахару (жоўты) і сельскагаспадарчыя землі (зялёны).
Цяперашні сцяг быў прыняты 20 мая 1970 года. Чырвоная паласа на ім сімвалізуе барацьбу Судана за незалежнасць, а таксама ахвяры многіх пакутнікаў краіны. Белая паласа сімвалізуе мір, святло і аптымізм, а таксама звязана з Лігай белага сцяга, нацыяналістычнай арганізацыяй, якая паўстала супраць каланіяльнага панавання ў 1924 годзе. Чорны колер сімвалізуе саму назву краіны: у перакладзе з арабскай мовы «судан» азначае «чорны». Ён таксама ўяўляе сабой чорны сцяг нацыяналістаў, якія ваявалі супраць каланістаў падчас Махдысцкай вайны ў канцы 19 стагоддзя. Зялёны колер сімвалізуе іслам, сельскую гаспадарку і росквіт зямлі.
Сучасны нацыянальны герб Судана быў прыняты ў 1985 годзе. Ён уяўляе сабой птушку-сакратара, якая нясе шчыт часоў Мухамада Ахмада, самаабвешчанага Махдзі, які кароткі час кіраваў Суданам у 19 стагоддзі. Апроч таго, на гербе змешчаныя два скруткі: верхні з нацыянальным дэвізам, «النصر لنا» («Перамога за Намі»), і ніжэй з назвай дзяржавы, «جمهورية السودان» («Рэспубліка Судан»). Птушка-сакратар была абраная як суданскі варыянт Арла Саладзіна і Ястраба Куарэша, якія прысутнічаюць у эмблемах некаторых арабскіх дзяржаў і звязаны з арабскім нацыяналізмам. Выява нацыянальнага герба таксама з’яўляецца прэзідэнцкай пячаткай і размяшчаецца ў залатым колеры на сцягу прэзідэнта дзяржавы і на транспартных сродках прэзідэнцкай рэзідэнцыі. Да 1970 года выкарыстоўваўся герб з выявай насарога і дзвюх пальм і аліўкавых галін па баках, а таксама са скруткай з назвай дзяржавы, «جمهورية السودان» («Рэспубліка Судан»), размешчанай ніжэй.
Нацыянальны гімн Судана, «Мы — войска Алаха, войска айчыны» (араб. «السلام الجمهوري: نحن جند الله جند الوطن»), быў прыняты адразу пасля абвяшчэння незалежнасці краіны. Да гэтага ён з’яўляўся гімнам Сілаў абароны Судана.
Узброеныя сілы
[правіць | правіць зыходнік]Ваенная арганізацыя Рэспублікі Судан, прызначаная для абароны свабоды, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы, складаецца з сухапутных войскаў, ваенна-марскіх сіл, паветраных сіл і сіл народнай абароны.
Адміністрацыйны падзел
[правіць | правіць зыходнік]№ | Штат | Плошча, км² | Насельніцтва | |
---|---|---|---|---|
1[ап 1] | Белы Ніл | 30,411 | 1,730,588 | |
2 | Блакітны Ніл | 45,844 | 832,112 | |
3 | Гедарэф | 75,263 | 1,348,378 | |
4 | Заходні Дарфур | 23,000 | 754,710 | |
5 | Заходні Кардафан | 111,373 | 1,419,983 | |
6 | Касала | 36,710 | 1,789,806 | |
7 | Паўднёвы Дарфур | 72,000 | 2,879,810 | |
8 | Паўднёвы Кардафан | 79,470 | 867,918 | |
9 | Паўночны Дарфур | 320,000 | 2,113,626 | |
10 | Паўночны Кардафан | 185,302 | 2,039,495 | |
11 | Паўночны штат | 348,765 | 699,065 | |
12 | Рака Ніл | 122,123 | 1,120,441 | |
13 | Сенар | 37,844 | 1,285,058 | |
14 | Усходні Дарфур | 55,000 | 1,213,784 | |
15 | Хартум | 22,142 | 5,274,321 | |
16 | Цэнтральны Дарфур | 34,000 | 553,515 | |
17 | Чырвонае мора | 218,887 | 1,396,110 | |
18 | Эль-Гезіра | 23,373 | 3,575,280 |
- ↑ Нумары абшчын адпавядаюць нумарам дадзеных перыферый на карце справа.
Фізіка-геаграфічная характарыстыка
[правіць | правіць зыходнік]Геаграфічнае становішча
[правіць | правіць зыходнік]Судан мае сухапутныя межы з Егіптам на поўначы, Эрытрэяй і Эфіопіяй на ўсходзе, Паўднёвым Суданам на поўдні, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікай на паўднёвым захадзе, Чадам на захадзе і Лівіяй на паўночным захадзе. На ўсходзе краіна абмываецца Чырвоным морам. Рака Ніл дзеліць краіну на заходнюю і ўсходнюю часткі.
Большую частку тэрыторыі Судана займае плато (вышыні 300—1000 метраў), якое з поўдня на поўнач перасякае даліна ракі Ніл, утваранай зліццём Белага і Блакітнага Ніла. У раёне зліцця знаходзіцца сталіца краіны, горад Хартум. Усе рэкі адносяцца да басейна Ніла.
На поўначы краіны — Лівійская і Нубійская пустыні, амаль пазбаўленыя расліннасці (у тых пустынях ёсць: сухія травы і злакі, рэдкія дрэвы, паўпустыні і аазісы). У цэнтры і на поўдні краіны — саванны і рэдкалессі. На ўсходзе і захадзе — горы.
На поўдні клімат субэкватарыяльны, на поўначы — спякотны пустынны. Асноўныя экалагічныя праблемы — эрозія глебы і апустыньванне. Каля 10 % тэрыторыі займаюць лясы.
З жывёл захаваліся: антылопа орыкс, газель, жырафа, слон, леапард, леў, бегемот, страус, дрофы, марабу, цацаркі, птушка-сакратар, пітоны, кракадзілы, дваякадыхальны пратаптэрус, многапёр, сом, нільскі акунь, тыгровая рыба, тэрміты, муха цэцэ і інш[10].
Маючымі гістарычныя і этнічныя асаблівасці і адрозненні буйнымі рэгіёнамі краіны з’яўляюцца Дарфур, Кардафан, Сеннар, Беджа.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Па ацэнцы на ліпень 2015 года насельніцтва Судана складае 40 234 882 чалавекі[11];на ліпень 2010 года — 30,89 мільёна чалавек (не ўключаючы Паўднёвы Судан). Гадавы прырост знаходзіцца на ўзроўні 2,15 %. Сумарны каэфіцыент нараджальнасці — каля 4,4 нараджэнняў на жанчыну. Дзіцячая смяротнасць — 78 на 1000. Сярэдняя працягласць жыцця складае 54,2 года ў мужчын, 56,7 гадоў у жанчын. Гарадское насельніцтва — 43 %. Узровень пісьменнасці складае 71 % сярод мужчын і 50 % сярод жанчын (па ацэнцы 2003 году).
Гарады
[правіць | правіць зыходнік]Нацыянальны склад
[правіць | правіць зыходнік]Арабы складаюць 70 % насельніцтва[12], беджа (кушыты) — 6 %, іншыя 3 %.
Мовы
[правіць | правіць зыходнік]Па меншай меры 70 моў з’яўляюцца роднымі для жыхароў Судана. Найважнейшыя мовы — арабская, нілоцкія мовы, нубійская, беджа. Афіцыйнымі мовамі з’яўляюцца арабская і англійская.
Рэлігійны склад
[правіць | правіць зыходнік]Рэлігія ў Судане[13] | ||||
---|---|---|---|---|
рэлігія | адсоткаў | |||
Іслам | 97% | |||
Афрыканскія традыцыйныя вераванні | 1.5% | |||
Хрысціянства | 1.5% | |||
Пасля аддзялення Паўднёвага Судана ў 2011 годзе больш за 97 % насельніцтва краіны прытрымліваюцца ісламу. Большасць мусульман з’яўляюцца членамі дзвюх ісламскіх груп: суфізму і салафізму. Большасць насельніцтва Паўночнага Судана вызнае іслам суніцкага толку (95 %), хрысціянства — 1 %, абарыгенныя культы — 4 %.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Судан належыць да групы самых бедных і найменш эканамічна развітых дзяржаў свету. Адна з самых бедных сярод арабскіх краін (разам з Маўрытаніяй і Чадам уваходзіць у т.зв. судан-сахарскі «пояс беднасці»).
Асноўныя даходы краіне прыносіць сельская гаспадарка, а таксама здабыча нафты.
Да другой паловы 2008 года эканоміка Судана хутка расла (рост ВУП больш за 10 % у 2006 і 2007 гадах) — дзякуючы павелічэнню здабычы нафты (пры высокіх цэнах на нафту) і буйным замежным інвестыцыям. Судан пачаў экспартаваць нафту з канца 1999 года.
ВУП на душу насельніцтва ў 2009 годзе — 2,3 тыс. дал (181-е месца ў свеце). Ніжэй за ўзровень беднасці — 40 % насельніцтва (у 2004 годзе). Узровень беспрацоўя — 18,7 % (у 2002 годзе). Інфляцыя — 14,3 % (у 2008 годзе).
Грашовая адзінка — суданскі фунт.
Прамысловасць
[правіць | правіць зыходнік]Прамысловасць развітая слаба. Асноўныя — здабыча і перапрацоўка нафты, апрацоўка бавоўны, тэкстыль, апрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі, абутак, зборка аўтамабіляў.
Сельская гаспадарка
[правіць | правіць зыходнік]Сельская гаспадарка застаецца значным сектарам эканомікі Судана — 80 % працуючых і амаль трэць валавага ўнутранага прадукта.
Сельская гаспадарка — бавоўна, арахіс, сорга, проса, пшаніца, гуміарабік, цукровы трыснёг, касава (тапіёка), манга, папая, бананы, батат; разводзяцца авечкі, каровы, козы; рыбалоўства.
Энергетыка
[правіць | правіць зыходнік]Краіна адчувае сур’ёзны недахоп электраэнергіі. 80 % патрэб у паліве і электраэнергіі пакрываецца за кошт драўніны і драўнянага вугалю, а таксама адходаў сельскагаспадарчай вытворчасці — прэсаванай лупіны арахісу і сцябла бавоўніку. Працуюць 11 цеплаэлектрастанцый (каля сталіцы — самая буйная, у гарадах Касала, Косці, Хартум, Шандзі і інш.) і 3 ГЭС. Больш за 80 % электраэнергіі выпрацоўваецца на электрастанцыях, размешчаных у цэнтральнай частцы краіны.
З лютага 2018 да красавіка 2019 года ў краіне адбылося 5 адключэнняў электрычнасці[14].
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Жазэфіна Бакіта (1868—1947) — каталіцкая святая, манахіня.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б БелЭн 2002.
- ↑ У Судане працягваюцца пратэсты: тысячы людзей патрабуюць адстаўкі прэзідэнта . Новы час (7 красавіка 2019).
- ↑ nashaniva.by
- ↑ blr.belta.by Архівавана 15 красавіка 2019.
- ↑ nashaniva.by
- ↑ Глава Военного совета Судана ушел в отставку
- ↑ belsat.eu
- ↑ svaboda.org
- ↑ blr.belta.by Архівавана 8 жніўня 2019.
- ↑ Судан (государство) // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
- ↑ Ацэнка (прагноз) Дэпартамента па эканамічным і сацыяльным пытанням ААН на 1 ліпеня 2015 года: Total Population — Both Sexes. De facto population in a country, area or region as of 1 July of the year indicated. Figures are presented in thousands. (Medium fertility, 2015—2100).xls // Population Division Download Files
- ↑ Africa :: Sudan Архівавана 5 лютага 2019.
- ↑ The World Factbook(недаступная спасылка). cia.gov. Архівавана з першакрыніцы 3 сакавіка 2016. Праверана 6 жніўня 2016.
- ↑ Reuters: на всей территории Судана отключили электричество (руск.). ТАСС (7 красавіка 2019).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Афнагель І. Я. (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Кошалеў У. С. (гісторыя). Суда́н, Рэспубліка Судан // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 247—249. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Поспелов Е. М. Географические названия мира. Топонимический словарь: Ок. 5000 единиц / отв. ред. Р. А. Агеева. — 2-е изд. — М.: Русские словари; Астрель; АСТ, 2002. — С. 399. — 512 с. — 5000 экз. — ISBN 5-17-002938-1, ISBN 5-271-00446-5, ISBN 5-93259-014-9, ISBN 5-17-001389-2. (руск.)
- Суда́н // Советская историческая энциклопедия. В. 16 т. — Том 13. Славяноведение — Ся Чен. — М.: Государственное научное издательство «Советская энциклопедия», 1971. Стлб. 920—931. — 1124 стлб. с илл. и картами; 8 л. карт и илл. — 57 800 экз. (руск.)
- Суда́н // Энциклопедический географический словарь. — М.: РИПОЛ классик, 2011. С. 641—643. — 800 с.: ил. 5000 экз. — (Словари нового века) — ISBN 978-5-386-03063-6. (руск.)