Кляштар марыявітак (Мінск)
Кляштар марыявітак — колішні рымска-каталіцкі сакральны комплекс у Мінску. Дзейнічаў у 1771—1850. Знаходзіўся на Францысканскай вуліцы.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
26 чэрвеня 1771 жонка старосты паройскага Кунегунда Рушчыц (з Матушэвічаў) заснавала ў Мінску кляштар каталіцкага манаскага ордэна марыявітак і ахвяравала яму пляц на Францысканскай вуліцы. У канцы XVIII ст. Мінск заставаўся ледзве не адзіным горадам, у якім інтэнсіўна пашыралася дзейнасць сясцёр-марыявітак. Гэты каталіцкі ордэн не патрабаваў пажыццёвай адмовы ад свецкага жыцця і аб’ядноўваў набожных жанчынаў, якія жадалі прысвяціць сябе пропаведзі хрысціянства ў асяроддзі іўдзеяў.
Паводле візітацый пачатку XIX ст., на тэрыторыі кляштара знаходзіўся вялікі драўляны жылы дом на мураваным падмурку, які законніцы здавалі ў арэнду, драўляная афіцына (узведзеная ў 1817), дзе яны жылі, стайня і вазоўня, хлеў, іншыя гаспадарчыя пабудовы і невялікі гарод. Тэрыторыю кляштара аддзяляў ад Францысканскай вуліцы драўляны паркан з брамай, завершанай каванай манаграмай Імя Дзевы Марыі[1].
Пры кляштары працавала школа, у якой выхаванак навучалі мовам, дамаводству і арыфметыцы. Існавала невялікая бібліятэка, у якой налічвалася 26 кніг. У кляштары стала знаходзіліся 3—4 законніцы, якія не мелі капліцы і хадзілі на набажэнствы ў касцёл езуітаў.
У 1850 улады Расійскай імперыі зачынілі кляштар марыявітак[2], а яго пляц разам з будынкамі прадалі пад забудову жылымі дамамі[3].
Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]
- У Мінску рэшту жыцця правёў заснавальнік ордэна марыявітак віленскі ксёндз Язэп Турчыновіч (памёр у 1773)[4]
- У шэрагу сучасных публікацый[5][4][6] сустракаецца памылковая лакалізацыя кляштара на Траецкай Гары, дзе насамрэч знаходзіўся касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і шпіталь сясцёр міласэрнасці
Зноскі
- ↑ Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Ч. 1. Будслаўскі, Вілейскі і Мінскі дэканаты. — Мн.: «Про Хрысто», 2003.
- ↑ Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 188.
- ↑ Дзянісаў У. Касцёлы г. Мінска ў XVI – пачатку XX стст. (паводле дакументаў НГАБ). Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Праверана 4 ліпеня 2012.
- ↑ 4,0 4,1 Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 52.
- ↑ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 553.
- ↑ Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 54.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Ч. 1. Будслаўскі, Вілейскі і Мінскі дэканаты / Тэкст і фота А. Яроменкі. Уводзіны Ул. Трацэўскага. — Мн.: «Про Хрысто», 2003. — 256 с.
- Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007— 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
|