Кніга Прамудрасць Божая (Скарына)
Кніга Прамудрасць Божая («Премудрости Божией книга») — пражскае выданне Скарыны, якое выйшла ў свет 19 студзеня 1518 года.
Змест кнігі
[правіць | правіць зыходнік]На тытульным лісце змешчана гравюра і пашыраная назва кнігі («Зуполне выложена на руский языкъ докторомъ Франъцискомъ Скорининымъ сыномъ из славнаго града Полоцька»). На першым аркушы даецца «Предословие доктора Франциска Скорины в книгу Пермудрости Божией». На 3-30 аркушах выдадзены тэкст 19 раздзелаў кнігі. На 31 аркушы змешчана «Молитва Манасии царя Иудина его же молящеся къ Господу Богу поименый в неволи Вавилонъской». Гэтая малітва была ўключана ў склад «Азбукі» І. Фёдарава, надрукаванай у Львове ў 1574 годзе. На апошнім аркушы даецца пасляслоўе.
Друкарскія асаблівасці выдання
[правіць | правіць зыходнік]Кніга выдадзена на царкоўна-славянскай мове беларускай рэдакцыі. Фармат выдання — у чвэрць аркуша, аб'ём — 32 аркушы, якія сабраны ў 4 сшыткаў. Набор выкананы пражскім шрыфтам Скарыны — у 10 радкоў вышынёй 75 мм. Сігнатура адсутнічае. Фаліяцыя змешчана на адваротным баку аркуша ўверсе справа, гэта адзінае выданне з такім тыпам фаліцыяціі ў Скарыны. Выданне ўпрыгожана ілюстрацыяй «Добраславенне» (тытульны ліст), 2 застаўкамі і 22 ініцыяламі. Перад асноўным тэкстам змешчана застаўка, на якой выяўлены шчыт з зацьменнем сонца, які трымаюць аголеныя дзеці. На апошнім аркушы даецца застаўка з выявай дзікіх людзей, якія апіраюцца на незапоўненыя гербавыя шчыты, а паміж імі шчыт з «зацьменнем сонца». Такая самая застаўка сустракаецца яшчэ ў 5 пражскіх выданнях Скарыны.
Захавалася 10 экзэмпляраў выдання, з іх 6 поўныя.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед./ Беларус. Сав. Энцыклапедыя; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 608 с.: іл. ISBN 5-85700-003-3