Кнігавыдавецкая дзейнасць Францыска Скарыны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Францыск Скарына — выдатны дзеяч беларускай культуры XVI стагоддзя. З яго імем звязана з’яўленне і развіццё кнігавыдання ва ўсходнеславянскіх землях. Сваёй дзейнасцю першадрукар шмат у чым прадвызначыў асноўныя шляхі развіцця прагрэсіўнай беларускай літаратуры XVI і XVII стагоддзяў. Скарына вядомы за межамі нашай радзімы, а літаратура аб ім у выглядзе асобных даследаванняў, шматлікіх артыкулаў і некалькіх мастацкіх твораў прадстаўлены на многіх мовах свету: беларускай, рускай, украінскай, чэшскай, польскай, нямецкай, французскай і іншых. Яго кнігавыдавецкая дзейнасць адказвала патрабаванням і часу, і шырокіх слаёў беларускага насельніцтва, і, разам з тым, выказвала глыбокае арганічнае адзінства ўсёй ўсходнеславянскай культуры, якая была неад’емнай часткай духоўнай скарбніцы ўсіх еўрапейскіх народаў[1]. Вучоны, пісьменнік, перакладчык, мастак, доктар філасофіі і медыцыны, гуманіст і асветнік Францыск Скарына ўчыніў значны ўплыў на развіццё многіх сфер беларускай культуры. Ён з’яўляецца нацыянальнай гордасцю беларускага народа і разам з тым гонарам ўсіх славян[2].

Кнігавыдавецкая справа Скарыны пачалася ў Празе[3]. У канцы XVIII і пачатку XIX стагоддзя чэшскі вучоны Даброўскі ў шэрагу сваіх работ зрабіў спробу растлумачыць некаторыя пытанні, звязаныя з выдавецкай дзейнасцю Скарыны. У прыватнасці, закранаючы пытанне, чаму Скарына выбраў месцам кнігадрукавання Прагу, ён выказаў такое меркаванне, што будучы, магчыма, па веравызнанню католікам і карыстаючыся сімпатыяй польскага караля Сігізмунда I, Cкарына мог суправаджаць яго ў 1515 годзе на з'езд у Вену, адкуль мог быць пасланы каралём у Венецыю разам з пасламі, якія ехалі туды для перагавораў аб міры з туркамі. Там, у Венецыі, па меркаваннях Даброўскага, і набыў шрыфт для сваіх выданняў. Затым, вяртаючыся назад, ён спыніўся ў Празе і заснаваў тут сваю друкарню. Скарына мог поўнасцю разлічваць на поспех свайго намеру ў Празе, бо ў чэхаў у гэты час быў ужо гатовы пераклад бібліі, выданай ў Венецыі ў 1506 годзе, а ў самым горадзе былі вопытныя, праслаўленыя майстры кнігадрукарскай справы. Важна мець на ўвазе таксама тую акалічнасць, што Чэхія тады знаходзілася пад апекай Сігізмунда I у сувязі з малалецтвам чэшскага караля Людовіка. Калі ж Чэхія выйшла з-пад апекі караля польскага, Скарына пакінуў Прагу і пераехаў у Літву, дзе працягваў сваю дзейнасць па перакладу і выданню кніг. Да гэтага меркавання пазней далучыліся С. Б. Ліндэ і некаторыя іншыя даследчыкі[1].

З 1512 па 1517 год дзейнасць Францыска Скарыны невядома. Існуе думка, што на працягу гэтых пяці год ён займаўся медыцынскай дзейнасцю, вывучаў справу кнігадрукавання і падрыхтоўваў адкрыццё сваёй друкарні ў Празе. Яму патрэбна было прарабіць вялікую работу, каб дастаць старыя рукапісныя царкоўнаславянскія тэксты, зрабіць «русскія» шрыфты, знайсці людзей, якія валодалі тэхнікай кнігадрукавання[4].

Яго імя адшукаецца на старонках старой друкаванай кнігі. 6 жніўня 1517 года ў Празе выйшла ў свет славянская «Псалтыр», у прадмове да якой сказана: «... Я Франциск Скорина сын с Полоцка, в лекарских науках доктор, повелел есми Псалтырю тиснути русскими словами, а словенским языком...». Так пачалася кнігавыдавецкая дзейнасць Скарыны. Мэты і задачы выдавецкай яго дзейнасці — служэнне грамадскай справе — «посполитому доброму»[1]. У 1517 годзе ў Празе (чэшскай) Скарына развівае шырокую дзейнасць па перакладу і выданню бібліі на «русскую мову». Да нас дайшлі 23 біблейскія кнігі з яго прадмовамі, пасляслоўямі і тлумачэннямі. Выходзілі яны ў такім парадку: «Псалтирь»[5], «Иов  (руск.)», «Притчи», «Иисус сирахов» былі выданы ў 1517 годзе і склалі 646 старонак. У наступным 1518 годзе восем кніг зышлі з станка Скарыны: «Екклесиаст», «Песнь песней», «Премудрость», чатыры кнігі Царстваў[6] — надрукаваны ў 1519 годзе з аб’ёмам 1052 старонак[7]. Агульны загаловак паданы на тытульным лісце «Бытия»[8]. «Библия руска, — пісаў ён, — выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцка, богу ко чти и людем посполитым к доброму научению»[1].

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што друкарня Скарыны ў Празе не была зарэгістравана: архівы Пражскага магістрата не далі ніякіх пэўных звестак аб яго выдавецкай дзейнасці тут у перыяд 1517—1519 гадоў. Таму дапушчальна меркаванне, што выданні Скарыны друкаваліся нелегальна. Але ў такім выпадку выказаная Даброўскім думка аб сувязі Скарыны з польскім каралём Сігізмундам, дзякуючы чаму ён нібыта сумеў арганізаваць кніжнае прадпрыемства ў Празе, не можа быць даказана.

Пасля 1519 года (паводле меркавання Л. В. Уладзімірава  (руск.), у 1520 годзе) Ф. Скарына пераязджае з Прагі ў «столечное место» Вільна, дзе адкрывае друкарню ў доме віленскага бургамістра Якуба Бабіча. У 1525 годзе Скарына выдае «Апостол»[9] і прыкладна ў гэты час (згодна сцвярджэнню Ст. Естрэйкера, у 1526—1527 гадах)[1] «Малую подорожную книжицу» — зборнік рэлігійных і свецкіх твораў ад «Псалтыра» да «Соборника». У ёй былі адзначаны вясновае і восеньскае раўнадзенства, зімовае і летняе сонцастаянне, вылічаныя велікодныя святы, даты зацьменняў Сонца і Месяца. Кніга была адрасавана людзям духоўнага і грамадзянскага саслоўяў, якія па родзе сваёй дзейнасці павінны былі часта вандраваць і ў дарозе атрымліваць канфесійную і астранамічную інфармацыю, а пры неабходнасці прыгадаць і словы малітваў і псалмоў; «Апостал» (1525 год) — яго апошняя кніга[3]. У склад апошняй уваходзілі:

  1. «Псалтирь зупольная з прадмовай да яе»;
  2. «Часословец имея нощную и дневную службу по уставу ерусалимское церкви и прочих восточных обитателей»;
  3. «Акафисты (с канонами) на всу неделю»;
  4. «Шестодневец краткий на всу неделю ночении от субботы, по обычаю всех восточных церквий»;
  5. «Последование церковного собрания вселетного от месяца септевриа до месяца августа по вставну ерусалимское церкви».

Пасля напісання гэтых кніг Францыск Скарына імкнуўся завязаць зносіны з Масквой, але няўдала.

У Вільна Скарына выдаў усяго толькі дзве кнігі, на якіх, мяркуюць, і спынілася яго выдавецкая і літаратурная дзейнасць. У чым жа справа? Чаму ў Вільна Скарына не мог развіць такую інтэнсіўную работу па перакладу і выданню кніг, як гэта раней было ў Празе? Прабуючы адказаць на гэтае пытанне, некаторыя даследчыкі выказвалі свае меркаванні, што ў Вільна Скарына быў заняты галоўным чынам падрыхтоўкай да друку новых рукапісаў, але выдаць ён іх не мог, бо ў 1530 годзе тут адбыўся вялікі пажар, у агні якога нібыта згарэла і скарынаўская друкарня разам з падрыхтаванымі да друку рукапіснымі тэкстамі. У Вільна ўмовы для выдавецкай дзейнасці складваліся вельмі неспрыяльна. Магчымасці яго былі абмежаваны ў многіх адносінах, і перш за ўсё, яго працы перашкаджалі няспынныя судовыя праследаванні, якія прыносілі шмат клопатаў, непрыемнасцей. Па-другое, вядома, што Скарына выдаваў кнігі на сродкі сваіх мецэнатаў, у прыватнасці на сродкі двух заможных і ўплывовых членаў Віленскага гарадскога самакіравання. Аб гэтым сведчаць зробленыя Скарынаю прыпіскі да «Псалтири», «Иова», «Екклесиаста». Гэтыя асобы наўрад ці разумелі як след сапраўды вялікую і па масштабах і па свайму значэнню культурную дзейнасць Скарыны на карысць свайго народа. Хутчэй за ўсё яны ўзычалі яму матэрыяльную падтрымку ў першы час, зыходзячы з пэўных камерцыйных разлікаў. Але ў XVI стагоддзі кніжная справа яшчэ не прыносіла колькі-небудзь значных даходаў. Зацікаўленыя асобы маглі змяніць свае адносіны да першадрукара, пазбавіць яго матэрыяльнай дапамогі і абароны, без чаго ён не мог самастойна весці кніжную справу. Можа быць, менавіта таму ён і пакідае назаўсёды Вільна, пераязджае зноў ў Прагу[1].

У 1530 годзе ён быў запрошаны на працу ў Кенігсберг, але друкарская дзейнасць яго там не вызначана. За 2,5 гады пераведзена, адрэгавана, надрукавана звыш 2400 старонак тэксту, да таго ж упрыгожанага 49 гравюрамі і сотнямі заставак, загалоўных літар, літарак і іншых кніжных упрыгожванняў [10][4].

На тытульным лісце Бібліі адлюстравана, як лічаць даследчыкі, пячатка (герб) Скарыны як доктара медыцыны. Асноўны змест гэтай выявы «Месяц Сонечная» — атрыманне ведаў, фізічнае і духоўнае лячэнне чалавека. Выява месяца адлюстроўвае профіль самога першадрукара. Побач з гербам знаходзіцца знак «вагі», які ўтвараецца літарай «Т», што азначае «мікракосмас, чалавек», і трохвугольнікам «дэльта» (Δ), які сімвалізуе вучонага і ўваход у Царства ведаў. Унікальнасць першай беларускай Бібліі таксама ў тым, што выдавец і каментатар змясціў у кнігах складаны па кампазіцыі і сімвалічнага сэнсу свой партрэт. Імкнучыся палегчыць простым людзям чытанне і засваенне выданняў, Скарына некалькі спрасціў алфавіт і ўніфіцыраваў яго графіку. У алфавіце яго выданняў адсутнічаюць такія рэдка ўжываемыя літары царкоўнаславянскага алфавіту як «зело», «юс большой», «омега», «оу», такія як «кси, пси» — ужывае рэдка. У стараславянскай пісьменнасці вельмі шырока выкарыстоўваліся розныя надрадковыя знакі «титла», якія паказваюць на скарочанае напісанне слова, «паерки», якія абазначаюць пропуск літар «ь, ъ», спецыяльныя надрадковыя знакі, якія паказваюць на мяккасць зычных. Гэта ўскладняла чытанне кніг. У скарынаўскіх кнігах іх лік некалькі менш (не больш пяці), радзей ўжываецца «титла» нават там, дзе гэтага патрабуюць традыцыя і правілы. Важнай асаблівасцю яго кніг з’яўляецца адсутнасць «лігатур», якія былі шырока распаўсюджаныя ў Маскоўскай рукапіснай кнізе таго часу, што таксама палягчае чытанне. Скарына шырока прымяняе прабельны матэрыял, што палягчае чытанне кніг. У мастацкім афармленні ён любіць прастату і мэтазгоднасць, пазбягае пустой дэкаратыўнасці[7].

Выпушчаныя ім кнігі з’яўляюцца арыгінальнымі выданнямі і сведчаць аб самастойнасці выдаўца, аб яго ўласнай творчай ініцыятыве. Скарына быў арганізатарам і кіраўніком работы сваіх друкаванняў як у Празе, так і ў Вільні, забяспечваў іх вопытнымі майстрамі, мастакамі. Кнігавыдавецкая дзейнасць Скарыны мела выключна важнае значэнне ў гісторыі беларускай культуры[3].

Зноскі

  1. а б в г д е Алексютовіч & 1958 145.
  2. Голенченко, Г. Я., 1990 & 287-288.
  3. а б в Фpанциск Скорина и его время & 1990 631.
  4. а б Галенчанка, Г. Я. & 1993 280.
  5. Псалтирь.
  6. чатыры кнігі Царстваў.
  7. а б Владимировас, 1975 & 64.
  8. Бытие(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 22 жніўня 2016.
  9. Апостол.
  10. Галенчанка, Г. & 2001 310.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  1. Алексютовіч, М. А. Скарына, яго дзейнасць і светапогляд / М. А. Алексютовіч. — Мінск: Інстытут філасофіі і акадэміі навук БССР, 1958. — 145 с.
  2. Владимировас, Л. Франциск Скорина — первопечатник вильнюсский / Л. Владимировас. — Вильнюс, 1975. — 64 ил. с.
  3. Владимиров П. Доктор Франциск Скорина. Его переводы, печатные издания и язык. — СПб.: Тип. Императорской акад. наук, 1888.
  4. Галенчанка, Г. Скарына Францыск / Г. Галенчанка. — Мінск: Гісторыя Беларусі : энцыклапедыя, 2001. — Т. 6 ч.1. — С. 310—311.
  5. Галенчанка, Г. Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар / Г. Я. Галенчанка. — Мінск: Навука і тэхніка, 1993. — 280 іл. с.
  6. Голенченко, Г. Я. Время рождения и смерти Ф. Скорины / Г. Я. Голенченко. — Мінск: Франциск Скорина и его время : энцикл. справочник, 1990. — С. 287—288.
  7. Франциск Скорина и Вильнюс : сб. материалов Республиканской научной конференции (1990) / сост. Л. В. Судавичена. — Вильнюс, 1991. — 146 с.
  8. Фpанциск Скорина и его время : энцикл. справочник / редкол. И. Р. Шамякин и др.. — Минск: Белорус. Сов. Энциклопедия, 1990. — 631 ил. с.