Кніга прарока Данііла (Скарына)
Кніга прарока Данііла («Книги светого пророка Божия Даниила починаються») — недатаванае пражскае выданне Скарыны, якое выйшла ў свет каля 1519 года.
Змест кнігі
[правіць | правіць зыходнік]На тытульным лісце змешчана гравюра і пашыраная назва кнігі («Зуполне выложены на русъкий языкъ доктором Франъциском Скориною изъ славнаго града Полоцька напредъ Богу ко чти и людем посполитым к науце»). На першым аркушы даецца «Предословие доктора Франъциска Скорины с Полоцька въ книги Даниила пророка». На 5-34 аркушах выдадзены тэкст 12 раздзелаў кананічнага тэксту, пасля кароткае пасляслоўе. На аркушах 34-40 апублікаваныя раздзелы 13-14, якія лічацца апакрыфічнымі, перад гэтымі раздзеламі змешчаны загаловак: «Речи же ниже и положеные во книгах Данила пророка знашолъ есмъ в писме греческом выкладу Феотосиева и во книгах латинъских Ерасимовыхъ и выложих на руский языкъ». На апошнім аркушы даецца пасляслоўе.
Друкарскія асаблівасці выдання
[правіць | правіць зыходнік]Кніга выдадзена на царкоўна-славянскай мове беларускай рэдакцыі. Фармат выдання — у чвэрць аркуша, аб'ём — 40 аркушаў, якія сабраны ў 5 сшыткаў. Набор выкананы пражскім шрыфтам Скарыны — у 10 радкоў вышынёй 75 мм. Сігнатура адсутнічае. Фаліяцыя змешчана на верхнем баку аркуша ўверсе справа. Выданне ўпрыгожана ілюстрацыяй «Данііл з львамі» (тытульны ліст), 3 застаўкамі і 20 ініцыяламі. Перад асноўным тэкстам змешчана застаўка, на якой выяўлены шчыт з зацьменнем сонца і аголеных сірэн з рыбінымі хвастамі; такая ж застаўка маецца ў яшчэ 7 другіх пражскіх выданнях. Перад раздзеламі 13-14 маецца віньетка. Ініцыялы папярэднічаюць тэкстам раздзелаў, тытульнага ліста і прадмовы.
Захавалася 8 экзэмпляраў выдання, з іх 5 — поўныя.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед./ Беларус. Сав. Энцыклапедыя; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 608 с.: іл. ISBN 5-85700-003-3