Котакавярня

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кот на стале ў котакавярні «Kačių Kavinė» ў Вільні

Котакавярня (котакафэ, кацінае кафэ) — тэматычная кавярня або прастора, галоўнай атракцыяй якой з'яўляюцца кошкі, што жывуць там. Наведнікі могуць за імі назіраць і з імі гуляць[1]. Кліенты звычайна плацяць за час, праведзены ў кавярні, паводле прынцыпу антыкафэ (тайм-кафэ), але ёсць і котакавярні, бліжэйшыя да традыцыйных кавярняў. Часта ў котакавярні пускаюць наведнікаў ад пэўнага ўзросту, напрыклад, дзяцей ад 6 ці ад 10 гадоў, калі дзіця ўжо навучана, як паводзіць сябе з жывёлай.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першая ў свеце котакавярня «Cat Flower Garden», адкрылася ў Тайбэі (Тайвань) у 1998 годзе і з часам стала сусветным турыстычным напрамкам[2][3]. Канцэпцыя асабліва прыжылася ў Японіі[2], дзе першая котакавярня пад назвай «Neko no Jikan» («Кошчын час») адкрылася ў Осацы ў 2004 годзе[4]. З-за вялікай шчыльнасці насельніцтва многія японцы жывуць у невялікіх кватэрах або кандамініюмах, у якіх забаронены хатнія жывёлы. Першае ў Токіа котакафэ пад назвай «Neko no mise» («Каціная крама») адкрылася ў 2005 годзе. Пасля гэтага ў Японіі пачаўся бум папулярнасці котакавярняў. З 2005 па 2010 год па ўсёй краіне адкрылася 79 каціных кафэ[5].

Аднак мясцовая легенда ў Вене кажа, што першая ў свеце котакавярня адкрылася менавіта там у 1912 годзе і працавала каля двух гадоў.

Котакавярні ў Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Першым беларускім котакафэ можна лічыць «Музей ката» ў Мінску[6], які адкрыўся ў 2015 годзе ў мікрараёне Грушаўка, а ў 2017 годзе пераехаў у цэнтр Мінска на вуліцу Інтэрнацыянальную[7]. У музей бяруць жыць бяздомных катоў, лечаць іх, стэрылізуюць, а пазней іх могуць забраць дадому наведнікі. У музеі адбываюцца тэматычныя выставы, прысвечаныя катам, у інтэр'еры выкарыстоўваюцца выявы катоў. У музеі працуе зона, якая называецца котакафэ і ў якой можна пачаставацца кавай, гарбатай і салодкім[8].

Котакавярня «Краіна вялікіх катоў», якая спецыялізавалася на кошках пароды мэйн-кун, адкрылася ў Магілёве ў 2018 годзе[9]. Яна працавала ў фармаце антыкавярні, бо паводле беларускіх санітарных нормаў у кавярні нельга трымаць жывёлаў. У цану ўваходзіў не толькі час праведзены з катамі, але і пачастунак – гарбата ці кава з печывам. У котакавярні жыло 11 катоў, яна закрылася вясной 2020 года з-за невялікай запатрабаванасці[10].

У Гродне першая котакавярня адкрылася ў 2022 годзе ў гістарычнай камяніцы на вуліцы Віленскай, а восенню 2023 года пачала пераезд у новае, большае памерам памяшканне. У гэтым кафэ жывуць каты, якіх знайшлі на вуліцы або якіх перадалі валанцёры. Для наведнікаў праводзяць 1,5-гадзінную экскурсію, у час якой расказваюць пра праект і лёс жывёлаў. Таксама можна выпіць гарбаты альбо кавы. Наведаць кавярню можна толькі паводле папярэдняга запісу групай не больш за пяць чалавек[11].

Першае котакафэ ў Гомельскай вобласці адкрылася ў Жлобіне ў 2022 годзе. Гэта перадусім сацыяльны праекта: там жывуць былыя бяздомныя каты, а галоўная мэта ўстановы - знаходзіць новы дом для гэтых жывёлаў[12].

Котакавярні ў свеце[правіць | правіць зыходнік]

Nekokaigi, маленькая котакавярня ў Кіёта

Японія[правіць | правіць зыходнік]

У Японіі ёсць розныя віды котакафэ. У некаторых прадстаўлены толькі пэўныя катэгорыі катоў, такія як чорныя кошкі, тоўстыя кошкі, кошкі рэдкіх парод або былыя бяздомныя кошкі. Каціныя кафэ ў Японіі павінны атрымаць ліцэнзію і выконваць нацыянальны Закон аб абыходжанні з жывёламі і іх абароне[13].

У японскіх котакавярнях прытрымліваюцца строгіх правілаў забеспячэння чысціні і дабрабыту жывёл, у прыватнасці імкнучыся пераканацца, што кошкам не перашкаджае празмерная і непажаданая ўвага, напрыклад, маленькія дзеці. Кавярні таксама імкнуцца павысіць свядомасць гараджан аб праблемах, напрыклад, бадзяжных жывёл. Многія часта маюць у сябе катоў з мясцовых прытулкаў для жывёл, каб дапамагчы ім пазбавіцца страху перад людзьмі і рэкламаваць, каб ямы маглі знайсці новы дом.

Кот на стале ў котакавярні «Kačių Kavinė» ў Вільні

Літва[правіць | правіць зыходнік]

Котакавярня «Kačių kavinė» адкрылася ў Вільні ў кастрычніку 2014 года. Яна знаходзіцца ў цэнтры на праспекце Гедыміна, 5. Гэта адно з самых вялікіх кафэ з катамі ў свеце. Там жыве адначасова 15 катоў - усе яны ўзятыя з прытулкаў. У 2015 годзе віленская котакавярня атрымала тытул «Самай гасціннай кавярні» ў горадзе, у 2016 - патрапіла ў сусветны TOP-25 кавярняў з кошкамі[14].

Віленскую котакавярню адкрылі сумесна беларусы і літоўцы. Гэта паўнавартасны аб'ект грамадскага харчавання, дзе можна з'есці абед. Пачаткова стварыць кафэ з жывёламі не дазваляла літоўскае заканадаўства, але пытанне вырашылася дзякуючы мэру Вільні. Галоўнае патрабаванне, якое кавярня выканала, гэта раздзяленне зоны падрыхтоўкі ежы ад зоны з жывёламі[15].

Котакавярня ў Любляне, Славенія

Аўстрыя[правіць | правіць зыходнік]

Паводле мясцовай легенды, першая ў свеце котакавярня адкрылася ў Вене летам 1912 года і спыніла працу прыкладна праз два гады. Кажуць, што Уладзімір Ленін быў яе пастаянным наведвальнікам на працягу 1913 года. Вядома, што кавярня спыніла працу неўзабаве пасля пачатку Першай сусветнай вайны. Часткай легенды з'яўляецца гісторыя аб тым, што кавярня закрылася, бо яе патрыятычна настроены ўладальнік ахвяраваў усіх катоў фабрыцы па вырабе футравых ботаў на патрэбу вайны[16]. У 2012 годзе ў Вене адкрылася кацінае кафэ Neko.

Польшча[правіць | правіць зыходнік]

«Kociarnia», першая ў Польшчы котакавярня, адкрылася ў Кракаве ў чэрвені 2015 года, пазней пад гэтай назвай пачалі працаваць дзве котакавярні[17].

У студзені 2016 года ў Варшаве адкрылася кавярня «Miau Café»[18]. Гэта спалучэнне класічнай кавярні і прытулка для бяздомных катоў. У меню для кліентаў ёсць веганскія прадукты[19]. «Miau Café» змагло адкрыцца дзякуючы краўдфандынгавай кампаніі, якую падтрымала 1700 жыхароў Варшавы[20].

Шыльда кавярні Mrau, Люблін, Польшча

У 2016 годзе ў Любліне котакавярню праз суткі пасля адкрыцця закрылі санітарныя інспектары. Гэта стала прадметам шматлікіх спрэчак у мясцовых СМІ[21]. У рэшце рэшт канфлікт быў уладжаны, і кавярня застаецца адкрытай[22].

З 2022 года котакавярня Kocie Cafe працуе ў Беластоку. У ёй жывуць бяздомныя каты, якія такім чынам сацыялізуюцца і прывыкаюць да людзей, каб потым прасцей прайшоў працэс іх адаптацыі, калі яны знойдуць сабе дом і гаспадара[23].

Расія[правіць | правіць зыходнік]

У 2011 годзе ў цэнтры Санкт-Пецярбурга адкрылася першае ў Еўропе і ў Расіі котакафэ «Республика Кошек», дзе жывуць 25 катоў. У 2016 годзе адкрылася другое кафэ сеткі «Республика Котов», дзе можа адначасова жыць да 40 жывёл. Гэта самая вялікая котакавярня ў Еўропе[24].

Сярод іншых каціных кафэ ў Расіі — «Котики и люди»[25] у Маскве, «Мурчым» у Ніжнім Ноўгарадзе і іншыя ў Екацярынбургу, Краснаянску, Самары, Варонежы, Саратаве, Новасібірску і іншых буйных гарадах.

Украіна[правіць | правіць зыходнік]

Першае ва Украіне кацінае кафэ было адкрыта ў Чаркасах у 2015 годзе[26]. Пасля гэтага каціныя кавярні адкрыліся ў Львове, Чаркасах і Харкаве[27][28][29].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. cat café Meaning in the Cambridge English Dictionary (англ.). dictionary.cambridge.org. Праверана 10 чэрвеня 2018.
  2. а б Galloway. BBC - Travel - Feline fun in Japan's cat cafes. Праверана 7 January 2016.
  3. A Brief History of the Cat Café. Mental Floss (4 чэрвеня 2014). Праверана 7 January 2016.
  4. 【今回のお題】話題の「猫カフェ」に来るお客さんってどんな人たち? - 日経トレンディネット. web.archive.org (4 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2018. Праверана 26 верасня 2023.
  5. Kosuga. Meow Meow Meow. VICE (3 лютага 2010). Праверана 7 January 2016.
  6. МУЗЕЙ КОТА. catmuseum.by. Праверана 26 верасня 2023.
  7. «Черные коты — не исчадие ада, они приносят удачу». Куратор «Музея кота» о переезде в центр и клубе «Черный кот» (руск.). Blizko.by (16 мая 2017). Праверана 26 верасня 2023.
  8. КОТОКАФЕ. catcafe.by. Праверана 26 верасня 2023.
  9. Першая ў Беларусі котакавярня «Краіна вялікіх катоў» чакае гасцей . naviny.belsat.eu. Праверана 26 верасня 2023.
  10. Закрылось единственное в Могилеве котокафе, все мейн-куны обрели новых хозяев(недаступная спасылка). mogilevnews.by (3 красавіка 2020). Архівавана з першакрыніцы 25 верасня 2020. Праверана 26 верасня 2023.
  11. Гродзенскае котакафэ пераязджае. А вы наогул ведалі пра яго існаванне? . Hrodna.life (15 верасня 2023). Праверана 26 верасня 2023.
  12. "Котокафе" в Жлобине: прибыльный бизнес или социальный проект? (руск.). Информационный портал. Праверана 26 верасня 2023.
  13. Iwata, Mamiko, All About : Article on 7 March 2010 Архівавана 18 красавіка 2010 года. (яп.)
  14. Cat Cafe Vilnius – Kačių kavinė(нявызн.). Праверана 25 верасня 2023.
  15. Как белорусы открыли котокафе в Вильнюсе и почему его нет в Минске . charter97.org. Праверана 26 верасня 2023.
  16. PressReader.com - Digital Newspaper & Magazine Subscriptions. www.pressreader.com. Праверана 26 верасня 2023.
  17. Kocia Kawiarnia Kociarnia Kraków. www.kociakawiarniakrakow.pl. Праверана 26 верасня 2023.
  18. Miau Cafe. Warsaw Insider (3 лютага 2016). Праверана 17 June 2016.
  19. Miau Cafe. HappyCow. Праверана 17 June 2016.
  20. WHEN ARE YOU GOING FOR A COFFEE WITH CATS ? - CAT CAFE WARSAW (11 ліпеня 2016). Праверана 16 November 2016.
  21. "Wojna Sanepidu z Mrau Cafe trwa. Żadna ze stron nie poddaje się". Lublin112.pl Wiadomości z Lublina i regionu. Lublin, Lubelskie, Lubelszczyzna [польская]. 2016-01-07.
  22. lokalny, Portal. Kocia kawiarnia w Lublinie - Mrau Cafe, czyli gratka dla każdego kociarza (польск.). Lublin24.pl - Najszybszy portal w mieście (3 студзеня 2023). Праверана 26 верасня 2023.
  23. W Białymstoku powstała Kocia Kawiarnia. Sprawdź zasady funkcjonowania Kociego Cafe | Kobiecy Białystok. www.kobiecybialystok.pl. Праверана 26 верасня 2023.
  24. Республика кошек и котов | Первое котокафе Европы в Санкт-Петербурге (руск.). catsrepublic. Праверана 26 верасня 2023.
  25. Kotokafe "Cats and People". Kotokafe. Праверана 28 March 2023.
  26. CatCafe in Cherkasy. CatCafe. Праверана 28 March 2023.
  27. In Cherkassy, you can drink coffee and calm your nerves in the company of a cat. ukraine.segodnya.ua. Праверана 28 March 2023.
  28. КИЦІ ТА КАВА.
  29. Anders, Caitlin Jill. Ukrainian Cat Cafe Stays Open To Care For Its 20 Residents Even During The War (англ.). The Dodo (28 лютага 2022). Праверана 26 верасня 2023.