Кошыцкі залаты скарб

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кошыцкі залаты скарб

Ко́шыцкі залаты́ скарб — камплект з 2920 залатых манет, трох залатых медалёў і залатога рэнесанснага ланцуга, выяўлены пры раскопцы падмуркаў фінансавае ўправы на Галоўнай вуліцы, д.68 у Кошыцах у 1935 годзе. Унікальная калекцыя XV—XVII стагоддзяў захавалася непашкоджанай і з'яўляецца адным з найбольшых знойдзеных скарбаў у свеце.

Змесціва[правіць | правіць зыходнік]

Скарб захоўваўся ў рэнесанснай медзяной пасудзіне ў форме буханкі, якая складалася з дзвьюх укладваных адна ў другую місаў. Верхняя частка аздобленая гравюрай на паляўнічую тэму.

Масіўны рэнесансны ланцуг мае даўжыню 2,14 метры і масу 590 грам. На двух з трох залатых медалёў, датаваных 1526 і 1544 годамі, выяўлены кароль Людавіт II. Трэці, найкаштоўнейшы, датаваны 1541, выраблены Крыштафам Фусам і з'яўляецца кавалерыйскім медалём караля Фердынанда I.

Сярод манет вылучаецца адна, адрозная ад усіх астатніх. Найбольш праўдападобна, што гэта антычная фракійская манета, аднак не выключаецца версія пра імітацыю кельцкай. Частка манет як мясцовага (Каралеўства Венгрыя, Сяміграддзе), так і замежнага паходжання (Нідэрланды, Багемія, Сілезія, аўстрыйскія краі, Германія, Польшча, Італія, Швецыя і Іспанія) аж з васьмідзесяці еўрапейскіх манетных двароў.

Склад манет паводле асобных тэрыторый:

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Наймаладзейшая манета ў скрабе паходзіць з Крэмніцкага манетнага двара і датаваная 1679 годам. Паводле гэтай інфармацыі, а таксама паводле тага палітычнай сітуацыі ў Кошыцах, дату захавання скарбу можна прыкладна датаваць 16801682 гадамі. Гэта быў час размаху куруцкага паўстання ў Верхняй Венгрыі, правадыр якога Імрэ Цёкелі намерваўся захапіць Кошыцы, што і здолеў здзейсніць у 1682. Паводле складу скарбу можна меркаваць, што яго ўласнік быў асобай заможнай — прыхільнікам Габсбургаў. Пра гэта сведчыць месца захавання ад паўстанцаў — адміністрацыйны будынак Спішскай камеры на Галоўнай вуліцы (цяпер нумар 68), галоўная фінансавая ўстанова ў Верхняй Венгрыі. Уласнік схаваў скарб пад падлогу склепу.

Лёс скарбу[правіць | правіць зыходнік]

У 1935 годзе барочны будынак Спішскай камеры быў знесены, каб вызваліць месца для новай фінансавай установы. Працаўнікі, што знайшлі скарб, спярша намерваліся яго прысвоіць і прадаць. Аднак іх намеры былі спынены, і знаходка ў некранутым стане была перададзена ў Генеральнае фінансавае казначэйства ў Браціславе, а пасля ў Цэнтральнае дзяржаўнае казначэйства ў Празе. Падчас Другой сусветнай вайны цікавасць да яго выказвалі ажно некалькі краін (Першая славацкая рэспубліка, Каралеўства Венгрыя, Трэці рэйх), але ў 1941—1942 нумізматка Эмануэла Нагейлава-Пратрава схавала скарб у Нацыянальным музеі ў Празе, а ў 1943 ён быў перахаваны ў двух надзейных месцах па-за Прагай.

У Кошыцы скарб вярнуўся на выставу 1956 года, пасля яшчэ раз у 1967, аднак у месцы не было адпаведнага памяшкання для яго сталага захавання. Таму ў 1969 у скляпеннях Усходнеславацкага музея было пабудавана бяспечнае сховішча, у якім скарб выстаўлены для прагляду з 1970 года.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]