Крыніца Валожынская

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Крыніца Валожынская — гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння ў Беларусі, размешчана за 0,1 км на паўночны ўсход ад г. Валожына Валожынскага раёна Мінскай вобласці, у канцы вуліцы Кірава. Ахоўны статус нададзены 16 кастрычніка 2008 года.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Крыніца Валожынская ўяўляе сабой групу крыніц — 2 выхады падземных вод на дзённую паверхню. Абодва выхады каптаваны. Паводле марфалогіі месца выхаду падземных вод на дзённую паверхню крыніца адносіцца да крыніц тыпу рэакрэн. Выхады падземных вод знаходзяцца ў ніжняй частцы канцова-марэннага ўзгорка. Паводле кірунку руху падземных вод да іх выхаду на паверхню зямлі крыніца з’яўляецца сыходнай. Паводле характару рэжыму яна адносіцца да пастаянна дзеючых крыніц. Агульны аб’ём падземных вод крыніцы, што паступаюць на дзённую паверхню, досыць высокі, складае 0,1 л/с.

Паводле хімічнага саставу вада крыніцы адносіцца да гідракарбанатнага класа кальцыевай групы. Агульная мінералізацыя вады ў крыніцы складае 411,5 мг/куб.дм. Актыўная рэакцыя вады паводле вадароднага паказчыка слабашчолачная, бліжэй да нейтральнай pH 7,4. Тэмпература вады крыніцы — 8,8 С°. Колькасць забруджвальных мікраэлементаў (нітрытаў і нітратаў) у вадзе крыніцы ніжэй за гранічна дапушчальную канцэнтрацыю (ГДК) для пітной вады.

Расліннае покрыва на тэрыторыі помніка прыроды «Крыніца Валожынская» прадстаўленая лугавой, сінантропнай, каляводнай і воднай расліннасцю. На тэрыторыі помніка прыроды выяўлены ахоўны від, уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (3 выданне), званочак шыракалісты (Campanula latifolia), а таксама растуць віды, якія нячаста сустракаюцца ў Беларусі, частка з якіх у рэспубліцы расце каля граніц іх натуральнага распаўсюджвання.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]