Куш (Біблія)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Куш, або Хуш (іўр.: כּוּשׁ, літаральна «цёмны, цемра»[1]) — імя асабістае і назва краіны ў Старым Запавеце Бібліі.

У кнізе Быцця Куш узгадваецца як краіна[2], якую абцякае рака Гіхон, што пачынаецца ў раі, і як асабістае імя сына Хама, унука Ноя[3]. У Псаломе 7 таксама аднойчы названы Куш з Веніямінава пакалення[4]. У Старым Запавеце часцяком сустракаюцца назва краіны Куш або кушытаў.

Паводле кнігі Быцця Куш быў братам Міцраіма, Фута і Ханана, якія адпавядалі Егіпту, Лівіі і вобласці Ханаан. Лічыцца, што імя Куша запазычана ад назвы егіпецкага паўднёвага намесніцтва Куш[5], якое ў 1070 г. да н. э. набыло незалежнасць і нават некаторы час кантралявала сам Егіпет. Езэкііль паведамляе пра Куш як пра мяжу Егіпта[6]. У Старым Запавеце кушыты звычайна апісваюцца як людзі з адметнай скурай. Напрыклад, Ерамія задаецца пытаннем, ці можа кушыт «перамяніць скуру сваю»[7]. Майсей, які пачаў сваю прароцкую дзейнасць у Егіпце, меў жонку-кушытку[8].

У перакладзе Септуагінты словы іўр.: כּוּשׁ, כושים былі зменены на грэч.: Aethiopia, αιθιοπείς. Такім чынам, краіна Куш (акрамя ўзгадкі ў кнізе Быцця) пачала атаесамляцца з Эфіопіяй, а кушыты з эфіопамі. Такое атаесамленне захавалася ў многіх пазнейшых перакладах на еўрапейскія мовы, у тым ліку ў рускім «сінадальным» перакладзе 1876 г. і беларускім Беларускага Біблейскага таварыства (выданне 2012 г.). У Эфіопіі гэта стала часткай мясцовай рэлігійнай міфалогіі[9].

У навуцы і тэалогіі рабіліся спробы адасаблення краіны Куш, узгаданай у кнізе Быцця, ад пазнейшых яе узгадак. Франц Дэліч і Роберт Кольдэвей лічылі, што Куш, які абцякае рака Гіхон, можа быць Вавілонам[10]. Джордж Роўлінсан атаесамляў Куш з Хузестанам[11].

Зноскі