Септуагінта

З пляцоўкі Вікіпедыя
Фрагмент Септуагінты: радок тэкста з Ездры

Септуагінта (стар.-грэч.: Ἡ μετάφρασις τῶν Ἑβδομήκοντα — «пераклад (тлумачэнне) сямідзесяці») — збор перакладаў Старога Запавету на старажытнагрэчаскую мову (грэчаскую мову кайнэ), зроблены ў III—II стагоддзях да н.э. у Александрыі.

Септуагінта адыграла важную ролю ў гісторыі хрысціянскай царквы, была, па сутнасці, канонам Святога Пісання на грэчаскай мове, з якога пасля былі зроблены пераклады на іншыя мовы, у тым ліку першы пераклад на царкоўнаславянскую.

Септуагінту не трэба блытаць з сямю і болей іншымі грэчаскімі версіямі Старога Запавету, большасць з якіх не захавалася, акрамя некалькіх фрагментаў.

Гісторыя перакладу[правіць | правіць зыходнік]

Старажытныя паданні[правіць | правіць зыходнік]

Паводле грэчаскага падання,

" Цар Пталамей II Філадэльф (285—246 гг. да н.э.) захацеў набыць Святое Пісанне іўдзеяў у грэчаскім перакладзе для сваёй знакамітай бібліятэкі ў Александрыі, для чаго ён звярнуўся да іўдзейскага першасвятара Элеазара. У адказ першасвятар паслаў да цара семдзесят двух навукоўцаў-перакладчыкаў (кніжнікаў). Гэтыя семдзесят два мужы — кожны самастойна, працуючы ў асобнай келлі, — і павінны былі перакласці пяць кніг Торы (Пяцікніжжа). Яны не толькі скончылі пераклады ў адзін час — усе атрыманыя тэксты гучалі абсалютна аднолькава. "

Пасля чаго пераклад і атрымаў сваю назву — Септуагінта ці «Пераклад сямідзесяці (перакладчыкаў)».

Гісторыя першага перакладу Торы на неяўрэйскую мову зафіксавана і ў Талмудзе. Прынцыповае адрозненне ад старажытнагрэчаскага падання ў тым, што:

" Цар Пталамей (званы на іўрыце, як Талмай) захацеў не купіць за грошы пераклад Торы, а захацеў займець тэкст, якім ганарыліся яўрэі, якія знаходзіліся пад яго ўладай, самым простым чынам — ён прымусіў яўрэйскіх рабінаў-паліглотаў перавесці Тору. Праз асцярогу папярэдняй змовы паміж 72 навукоўцамі-рабінамі, ён спачатку змясціў кожнага ў асобную камеру, і толькі затым вязням былі растлумачаны ўмовы таго, што адбываецца. "

Навуковыя даследаванні[правіць | правіць зыходнік]

Навукоўцы лічаць, што пераклад сапраўды быў зроблены ў сярэдзіне ІІІ ст. да н.э., у перыяд ўладарства Філадэльфа. Ёсць мноствам сведчанняў таго, што, пачынаючы з ІІІ ст. да н.э., Септуагінта была найбольш распаўсюджанай версіяй Святога Пісання ў супольнасцях старажытнаяўрэйскай дыяспары. За гэта сведчыць выкарыстанне ранняй грэчаскай кайнэ, цытаты з Септуагінты з’яўляюцца ўжо з 2-га ст. да н.э., гэтым часам датаваны і захаваныя раннія рукапісы Септуагінты.

Даследчыкі таксама вызначылі, што пераклад кніг Торы быў зроблены рознымі перакладчыкамі. Некаторыя з кніг, якія ўваходзяць у сучасныя выданні Септуагінты, захаваліся ў некалькіх варыянтах, іншыя рэдагаваліся на працягу многіх гадоў.

Спачатку была перакладзена Тора (Пяцікніжжа), іншыя кнігі перакладзены ў бліжэйшыя два-тры стагоддзі, некаторыя з іх маглі быць перакладзены двойчы ў розных версіях, а потым зведзены ў адну рэдакцыю. Такім чынам, пераклад пачаўся ў 3 ст. да н.э. і быў завершаны да 132 года да н.э.

Мова перакладу[правіць | правіць зыходнік]

Агулам, перакладчыкі імкнуліся перакладаць тэкст Торы дастаткова літаральна — настолькі, што сінтаксіс грэчаскай мовы Септуагінты, збольшага, не нармальны грэчаскі сінтаксіс, і ў вачах грэкаў выглядаў зусім варварскім і непісьменным[1].

Грэчаская мова кайнэ была распаўсюджана ў Егіпце і Усходнім Міжземнамор’і прыкладна ад смерці Аляксандра Македонскага ў 323 годзе да н.э. і да развіцця візантыйскай грэчаскай мовы каля 600 года.

Некаторыя раздзелы Септуагінты змяшчаюць ідыёмы і фразы на аснове семіцкіх моў, такіх як іўрыт і арамейская мова. У некаторых кнігах, як Данііла і Выслоўяў, бачны моцны грэчаскі ўплыў. Яўрэйская грэчаская кайнэ існуе ў першую чаргу як катэгорыя літаратуры, або культурная катэгорыя, і за выключэннем некаторых адметнасцяў рэлігійнай лексікі не адрозніваецца ад іншых разнавіднасцяў грэчаскай кайнэ, якая лічыцца асобным дыялектам грэчаскай мовы.

Септуагінта карысная для даследаванняў дамасарэцкага іўрыта. Многія ўласныя імёны ў грэчаскай Септуагінце пішуцца з галоснымі, тады як у яўрэйскіх тэкстах не было галосных. Аднак, даследчыкі лічаць, што не ўсе старажытныя гукі яўрэйскай мовы былі пэўна адпаведныя з грэчаскімі.

Значэнне Септуагінты[правіць | правіць зыходнік]

Праваслаўнай Царквой Септуагінта лічыцца адным з самых аўтарытэтных тэкстаў Старога Запавету, хоць і не зацверджана як афіцыйны «кананічны» тэкст, падобны да Вульгаты ў Рымска-Каталіцкай царкве[2].

Септуагінта цытуецца ў Новым Запавеце, у прыватнасці, у лістах апостала Паўла, а таксама Апостальскімі Айцамі і больш познімі грэчаскімі Айцамі Царквы.

Служыць кананічным перакладам Старога Запавету ва Усходнеправаслаўнай царкве.

Септуагінта — аснова для старой лацінскай, царкоўнаславянскай, сірыйскай, старой армянскай, грузінскай і старой копцкай версій Старога Запавету.

Зноскі