Леакадзія Шышэя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Леакадзія Шышэя (дзяв. Кавальчук)
Дата нараджэння 1 чэрвеня 1928(1928-06-01)
Месца нараджэння в. Церахоўшчына, Слонімскі павет, Навагрудскае ваяводства, Польская Рэспубліка
Дата смерці 18 студзеня 2023(2023-01-18) (94 гады)
Месца смерці
Жонка Кастусь Шышэя
Узнагароды і прэміі
Медаль да стагоддзя БНР

Леакадзія Шышэя (дзяв. Кавальчук; 1 чэрвеня 192818 студзеня 2023) — удзельніца беларускага пасляваеннага супраціву, сябра падпольнай слонімскай арганізацыі «Чайка», былая зняволеная ГУЛАГу[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася 1 чэрвеня 1928 года ў вёсцы Церахоўшчына Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы (цяпер — Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці). У Другую сусветную вайну падчас нямецкай акупацыі вучылася ў Слонімскай прагімназіі, належала да СБМ. З 1944 года працягвала вучобу ў Слонімскай СШ № 1.

У 1946 годзе далучылася да падпольнай беларускай арганізацыі «Чайка», якая планавала змаганне за нацыянальныя правы, годнасць, культуру, мову, гісторыю, свабоду і незалежнасць беларусаў. Удзельнічала ў першых сходах арганізацыі. У сярэдзіне 1947 года арганізацыя была выкрытая ў сувязі з дэканспірацыяй Саюза вызвалення Беларусі, які быў выданы савецкім агентам Алесем Бажко. У выніку гэтай дэканспірацыі і сама «Чайка» была выкрытая, што было звязана з канспірацыйнай памылкай: з СВБ некаторыя сябры «Чайкі» утрымлівалі сувязь.

У чэрвені 1947 Леакадзія Шышэя была арыштаваная за ўдзел у антысавецкай арганізацыі, утрымлівалася ў баранавіцкай турме. Пра арышт успамінала так:

«Прыязджаюць. Каля нашага дому шаша была. Едзе брычка. Спынілася. Я гляджу і кажу: „Ой, нешта брычка з ваеннымі спынілася“. Ідзе афіцэр ў хату. Я стаю ў калідоры. Ён гаворыць: „Знаете, у нас там беда случилась. Можно ли молоточка у вас попросить?“ Я гавару: „Можна, калі ласка“. Я знайшла гэты малаточак, прынесла ім. І хачу выходзіць. А ён: „Нет, нет, не выходите. Вы — Леокадия? Садитесь“. Зрабілі вобыск. Мама была хворая. І якраз хлеба не было. А на вёсцы так прынята ў суседзяў пазычаць. Бацька пайшоў да суседа. Далі яны нам хлеба. Гавораць: „Лёдзю забіраюць“. Сказалі бацьку запрэгчы каня, воз. Але бацьку за фурмана не пасадзілі. Пайшлі дзядзьку нейкага знайшлі. І адвезлі мяне ў Слонім у КГБ. Там я наслухалася. І білі мяне. Але не было за што біць. А што ж я рабіла? Нічога я не рабіла. А я так і сказала. Ён даў мне падпісаць, я нават не помню, што там было. Я сказала: „А чаму я павінна падпісваць гэта? Я гэтага не рабіла, я там не была“. А ён: „Ну, ничего, мы потом вопросы будем задавать уточнять“. Я падпісала. А што падпісала — не ведаю. Вось такія мае справы былі».

Леакадзія Шышэя была асуджаная на тэрмін восем з паловай гадоў. Разам з ёй у ГУЛАГу адбывала пакаранне славутая беларуская паэтка Ларыса Геніюш.

У 1954 годзе вызвалілася з канцлагераў. Пасля вызвалення Леакадзія Шышэя разам са сваім мужам Кастусём Шышэям прыехала ў Вільнюс. Літва прызнала яе зняволенай і надала грамадзянства.

Леакадзія Шышэя з’яўляецца адной з гераіняў дакументальнага фільма «Людвіка», які распавядае пра беларусаў Віленшчыны. Фільм зняў рэжысёр з Беласточчыны Мікола Ваўранюк.

Памерла 18 студзеня 2023 года ў Вільні.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Мужам Леакадзіі Шышэі (Кавальчук) быў Кастусь Шышэя, камандзір Беларускай краёвай абароны, з якім яна пазнаёмілася падчас зняволення з дапамогай Ларысы Геніюш.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Узнагароджана медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[2].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3.
  • Кавальчук Л. Дваццаць пяць гадоў за «Чайку» // Газета Слонімская. 1998, № 37 (66), 10-16 верасня.