Леакадзія Шышэя (Кавальчук)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Леакадзія Шышэя (дзяв. Кавальчук)
Дата нараджэння: 1 чэрвеня 1928(1928-06-01) (91 год)
Месца нараджэння: в. Церахоўшчына, Слонімскі павет, Навагрудскае ваяводства, Польская Рэспубліка
Жонка: Кастусь Шышэя
Узнагароды і прэміі:
Медаль да стагоддзя БНР

Леакадзія Шышэя (дзяв. Кавальчук) (нар. 1 чэрвеня 1928) — удзельніца беларускага пасляваеннага супраціву, сябра падпольнай слонімскай арганізацыі «Чайка», былая зняволеная ГУЛАГу. [1]

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася 1 чэрвеня 1928 г. у вёсцы Церахоўшчына Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы (цяпер — Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці). У Другую сусветную вайну падчас нямецкай акупацыі вучылася ў Слонімскай прагімназіі, належала да СБМ. З 1944 г. працягвала вучобу ў Слонімскай СШ № 1.

У 1946 годзе далучылася да падпольнай беларускай арганізацыі «Чайка», якая планавала змаганне за нацыянальныя правы, годнасць, культуру, мову, гісторыю, свабоду і незалежнасць беларусаў. Удзельнічала ў першых сходах арганізацыі. У сярэдзіне 1947 года арганізацыя была выкрытая ў сувязі з дэканспірацыяй Саюза вызвалення Беларусі, які быў выданы савецкім агентам Алесем Бажко. У выніку гэтай дэканспірацыі і сама «Чайка» была выкрытая, што было павязана з канспірацыйнай памылкай: з СВБ некаторыя сябры «Чайкі» утрымлівалі сувязь.

У чэрвені 1947 Леакадзія Шышэя была арыштаваная за ўдзел у антысавецкай арганізацыі, утрымлівалася ў баранавіцкай турме. Пра арышт успамінала так:

«Прыязджаюць. Каля нашага дому шаша была. Едзе брычка. Спынілася. Я гляджу і кажу: «Ой, нешта брычка з ваеннымі спынілася». Ідзе афіцэр ў хату. Я стаю ў калідоры. Ён гаворыць: «Знаете, у нас там беда случилась. Можно ли молоточка у вас попросить?» Я гавару: «Можна, калі ласка». Я знайшла гэты малаточак, прынесла ім. І хачу выходзіць. А ён: «Нет, нет, не выходите. Вы — Леокадия? Садитесь». Зрабілі вобыск. Мама была хворая. І якраз хлеба не было. А на вёсцы так прынята ў суседзяў пазычаць. Бацька пайшоў да суседа. Далі яны нам хлеба. Гавораць: «Лёдзю забіраюць». Сказалі бацьку запрэгчы каня, воз. Але бацьку за фурмана не пасадзілі. Пайшлі дзядзьку нейкага знайшлі. І адвезлі мяне ў Слонім у КГБ. Там я наслухалася. І білі мяне. Але не было за што біць. А што ж я рабіла? Нічога я не рабіла. А я так і сказала. Ён даў мне падпісаць, я нават не помню, што там было. Я сказала: «А чаму я павінна падпісваць гэта? Я гэтага не рабіла, я там не была». А ён: «Ну, ничего, мы потом вопросы будем задавать уточнять». Я падпісала. А што падпісала — не ведаю. Вось такія мае справы былі.»

Леакадзія Шышэя была асуджаная на тэрмін восем з паловай гадоў. Разам з ёй у ГУЛАГу адбывала пакаранне славутая беларуская паэтка Ларыса Геніюш.

У 1954 г. вызвалілася з канцлагераў. Пасля вызвалення Леакадзія Шышэя разам са сваім мужам Кастусём Шышэям прыехала ў Вільнюс, дзе жыве і цяпер. Леакадзія Шышэя з’яўляецца адной з гераіняў дакументальнага фільма «Людвіка», які распавядае пра беларусаў Віленшчыны. Фільм зняў рэжысёр з Беласточчыны Мікола Ваўранюк.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Мужам Леакадзіі Шышэі (Кавальчук) быў Кастусь Шышэя, камандзір Беларускай краёвай абароны, з якім яна пазнаёмілася падчас зняволення з дапамогай Ларысы Геніюш.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Узнагароджана медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.[2]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3.
  • Кавальчук Л. Дваццаць пяць гадоў за «Чайку» // Газета Слонімская. 1998, № 37 (66), 10-16 верасня.