Леанард Рачыцкі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Леанард Рачыцкі, 1920-я гг

Леанард Рачыцкі (польск.: Leonard Rzeczycki; 1901 — 1978) — глыбоцкі краязнаўца, фатограф, чыноўнік Дзісненскай павятовай адміністрацыі ў Глыбокім.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Жыццё ў Глыбокім[правіць | правіць зыходнік]

Леанард Рачыцкі паходзіў з фальварка Белае (Białe) ля Падсвілля, з сям'і засцянковай шляхты. Жыў з сям'ёй у Глыбокім па вуліцы Габрыэля Нарутовіча ў «калоніі ўжэнднікаў». Працаваў адміністрацыйным сакратаром у павятовай адміністрацыі. Да Дня незалежнасці Польшчы ў 1937 годзе быў уганараваны срэбным Крыжам заслугі. Аўтар шматлікіх краязнаўчых фатаграфій з жыцця Глыбокага 1920-30-х гадоў. Яго здымкі сталіся відарысамі для вялікай колькасці глыбоцкіх паштовак выданняў 1920-30-х гг. Здымкі Леанарда Рачыцкага з калекцыі Глыбоцкага гісторыка-краязнаўчага музея і прыватных збораў, да сённяшняга дня, у якасці ілюстрацый, выкарыстоўваюцца ў кніжнай і сувенірнай прадукцыі. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР і БССР, 3 красавіка 1940 года Леанард Рачыцкі, як колішні супрацоўнік польскай павятовай адміністрацыі, быў арыштаваны органамі НКУС і змешчаны ў турму ў Беразвеччы. Потым турма ў Вілейцы. Рашэннем «тройкі» быў асуджаны да 8 гадоў лагераў. Стаўся высланы на поўнач СССР у раён Архангельска. Змяшчаўся ў Ануфрыеўцы і 105-м Лагпункту. Сям'я Леанарда Рачыцкага, як сям'я «ворага народу»: жонка Вера (у дзявоцтве Дрозд), дочкі — дзесяцігадовая Соф'я і трохгадовая Ірына -былі высланыя ў Казахстан.

Вайсковы шлях[правіць | правіць зыходнік]

Пасля германскага ўварвання ў СССР — 30 ліпеня 1941 года генерал Уладзіслаў Сікорскі падпісаў з І. М. Майскім, савецкім амбасадарам у Англіі, дамову з СССР пра аднаўленне дыпламатычных адносінаў і пакт аб стварэнні Войска Польскага на Ўсходзе. У 1941—1942 гадах генерал Уладзіслаў Сікорскі ўдзельнічаў у стварэнні польскіх вайсковых фармацый генерала Уладзіслава Андэрса, якія фармаваліся ў раёне Бузулука і пасля перакінутыя на Блізкі Ўсход. Гэтая вестка даходзіць і да рэпрэсаванага Леанарда Рачыцкага, які меў пэўныя праблемы са здароўем (хворыя ныркі). Ён прымае рашэнне — лепш уступіць у Войска Польскае, чым памерці ад хваробаў і знясілення ў ГУЛАГу. Яго жаданне задаволілі. Ён уступае ў польскі корпус генерала Андэрса. Па дарозе ў Бузулук, дзе фармавалася Войска Польскае, наведвае сяло Ермак Паўладарскай вобласці Казахстана, дзе ў высылцы знаходзілася жонка і дзве дачкі. Сям'я жыла ў поўнай галечы, галадала. Праз Іран, Палестыну, Егіпет, Паўднёвую Афрыку, Шатландыю Леанард Рачыцкі трапляе ў 1-ю бронетанкавую дывізію брыгаднага генерала Станіслава Мачэка. Камандзір узвода. Вайсковы шлях праходзіў па тэрыторыі Францыі, Бельгіі, Галандыі, і Нямеччыны. Удзельнічаў у шматлікіх баях. Зрабіў некалькі сотняў фотаздымкаў польскіх жаўнераў. Са жніўня 1944-га ваяваў у Нармандыі. Браў удзел у бітве пад Каннамі. У красавіку 1945 года цяжка паранены, пасля шпіталя праходзіў рэабілітацыю ў Англіі.

Вайсковыя ўзнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Узнагароды: польскія — Бронзавы Крыж Заслугі з Мячамі, брытанскія — Вайсковы Медаль 1939/45; Медаль за Абарону Францыі і Нямеччыны — Зорка 1939/45 Зорка. Па вяртанні ў Польшчу атрымаў: Медаль Перамогі і Свабоды 1945, нагрудны Знак Грунвальда.

Пасляваеннае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 1947 года Леанард Рачыцкі прыехаў на сталае жыхарства ў Польшчу да сваёй сям'і, якая ў 1946 годзе, пасля высылкі ў Казахстан, атрымала дазвол на пераезд у Польшчу. У 1948 годзе сям'я Рачыцкіх пасялілася ў Свебодзіне (Świebodzin), дзе Леанард Рачыцкі працаваў у старостве. Леанард Рачыцкі памёр у Свебодзіне ў 1978 годзе. Леанард Рачыцкі напісаў рукапіс успамінаў, які ў 2008 годзе яго дочкі Соф'я Пякарская і Ірына Рачыцкая, са здымкамі бацькі, выдалі кнігай «Татуся, стукаюць…», Свебодзін, 2008 («Tatusiu, pukają…»). Назва кнігі, гэта вобраз — жыцця ў Глыбокім у першыя месяцы савецкай улады, чаканне арышту і грукання ў дзверы НКУСаўцаў.