Лявоніха
Лявоніха | |
---|---|
Кірунак: | народны |
Памер: | 2/4 |
Тэмп: | хуткі, жвавы |
Гл. таксама: | |
«Жаніцьба Цярэшкі» |
Лявоніха — народны парна-масавы беларускі танец, які выконваецца на мелодыю аднайменнай песні, якая пачынаецца са слоў «А Лявоніху Лявон палюбіў…». Таксама танец вядомы ў Польшчы[1]. Лявоніха шырока вядомая па ўсёй Беларусі[2].
Харэаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Музыка танца народная, музычны памер 2/4.
Кампазіцыйна будуецца на нескладаных рухах, якія выконваюцца ў хуткім тэмпе. Рухі танцораў самыя розныя: дробат, галоп, прытупы, просты крок, падэбаск і г. д., яны часта суправаджаюцца плясканнем у далоні[2].
Лявоніха спаўняецца як у масавых, так і ў сольных варыянтах. У масавых варыянтах малюнкі самыя разнастайныя: круг, шэн, зорачкі, карона, варотцы, до-за-до, кружэнне ў парах пад рукі[3]. У некаторых рэгіёнах Лявоніха выконвалася, як сольны танец, калі выканаўцы па аднаму выходзілі ў сярэдзіну круга і паказвалі сваё майстэрства. Пры такім выкананні была дапушчальная вялікая доля імправізацыі[2][3].
На вяселлі «Лявоніха» была галоўным танцам, а на вячоркі выконвалася пасля «Лянцэя» і суправаджалася разнастайнымі жартаўлівымі прыпеўкамі, напрыклад:
А Лявоніха не ладна была,
Нямытую мне кашульку дала,
Нямытую, не качаную,
У суседа пазычаную.
Сцэнічныя варыянты
[правіць | правіць зыходнік]У сцэнічных нацыянальных касцюмах, якія лягчэй і карацей традыцыйнай вопраткі Лявоніха выглядае яшчэ больш імклівай і жывой[4].
Арыгінальнае сцэнічнае рашэнне гэтага танцу знайшоў, напрыклад, балетмайстар В. Ямінскі. У пастаноўцы, ажыццёўленай ім у народным ансамблі танца, танчаць адны дзяўчыны, ствараючы атмасферу нязмушанай весялосці. Удала знойдзеныя тут выразныя сродкі, якія пераканаўча раскрываюць характар і ўзаемаадносіны танцуючых[5].
К. А. Алексютовіч у сваіх пастаноўках узбагаціў малюнак Лявоніхі маляўнічымі ўзорамі. Кампазіцыя танца стала цікавей, багацей і разам з тым прасцей. Танец набыў сцэнічную форму.
На тэатральнай сцэне
[правіць | правіць зыходнік]У балеце «Салавей» (пастаноўка А. Ермалаева) Лявоніха, якую паставіў К. Алексютовіч, была фінальнай сцэнай спектаклю. На дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве ў 1941 годзе фінальны танец балета танчыла адначасова 100 пар[6]. М. С. Галаванаў так ахарактарызаваў яго[7]:
«Лявоніха», пастаўленая тав. Алексютовічам, можа быць аднесена да лепшых узораў нацыянальнага танцавальнага мастацтва |
Сцэнічную версію танца ставілі многія харэографы, у тым ліку Ларыса Ляшэнка[8].
Таксама «Лявоніха» выкарыстана ў балетах «Аповесць пра каханне», пастаноўка А. Ермалаева, «Князь-возера», пастаноўка К. Мулера.
У культуры
[правіць | правіць зыходнік]«Лявоніху» ў шэрагу найбольш распаўсюджаных на ігрышчах танцаў адзначаў у сваёй кнізе Е. Э. Сно[9]. А. Грыневіч адзначаў[10] іншыя назвы танца: «Крутуха», «Круцёлка», «Падарожная».
Першая публікацыя танца «Лявоніха» была ў складзе музычнай камедыі «Тарас на Парнасе» кампазітара Іосіфа Шадурскага ў зборніку «С околиц Витебска», але на думку беларускага музыказнаўцы Б. С. Смольскага напеў Лявоніхі можа ўзыходзіць да далёкіх часоў мастацтва скамарохаў. Гэтая тэорыя пацвярджаецца даследаваннямі В. Цукермана[4].
А. Макаёнак напісаў твор «Лявоніха на арбіце».
Мелодыя «Лявоніхі» гучыць у 2-й частцы 9-й сімфоніі Людвіга Бетховена[11][12][13].
Назву 'Лявоніха' носіць сорт морквы[14], вяргіні.
Зноскі
- ↑ Энциклопедический музыкальный словарь М., 1959, с. 120
- ↑ а б в Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 575 с.: іл. ISBN 5-85700-014-9. (бел.)
- ↑ а б Чурко Ю. М. Вянок беларускіх танцаў.- Мн.: Беларусь, 1994. — 88 с. ISBN 5-33801097-8
- ↑ а б Алексютович Л. К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Под ред. М. Я. Гринблата. Мн., «Вышэйш. школа», 1978. 528 с. с ил.
- ↑ Лявониха и метелица — истоки белорусского танца Архівавана 31 студзеня 2012. (руск.)
- ↑ Через год была война(недаступная спасылка) (руск.)
- ↑ Голованов Н. С. Заметки о музыкальной культуре Белоруссии // «Советская Белоруссия». — 26 мая. — 1940.
- ↑ Ляшенко Лариса Дмитриевна (руск.)
- ↑ Сно Е. Э. В бототах Полесья. Белорусы. Спб., 1904 с. 15
- ↑ Праграма-інструкцыя для збіральнікаў беларускай музычна-этнаграфічнай творчасці // / Апрац. А. Грыневічам. — №1. — Наш край, 1925. — С. 46..
- ↑ Скорабагатаў В. В. Зайгралі спадчынныя куранты: Цыкл нарысаў з гісторыі прафесіянальнай музычнай культуры Беларусі. Мн., 1998.
- ↑ Зміцер Сасноўскі. ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКІХ МУЗЫЧНЫХ УПЛЫВАЎ Архівавана 29 лістапада 2016.
- ↑ А. Карповіч. 9-я сімфонія Бетховена // ЛіМ. 1939. 17 студз.
- ↑ ГОСУДАРСТВЕННЫЙ РЕЕСТР СОРТОВ(недаступная спасылка) (руск.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Алексютович Л. К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Под ред. М. Я. Гринблата. Мн., «Вышейш. школа», 1978. 528 с. с ил.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лявоніха
- Всесоюзная Сельскохозяйственная Выставка. Скульптурная группа «Народный танец лявониха», установленная перед павильоном Белорусской ССР Архівавана 7 сакавіка 2016.
- Лявоніха на YouTube
- Фатаграфія Архівавана 13 жніўня 2010.
- Харэаграфія Лявоніхі Архівавана 23 лістапада 2014. (руск.)