Перайсці да зместу

Канстанцін Андрэевіч Алексютовіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Канстанцін Андрэевіч Алексютовіч
Дата нараджэння 20 мая 1884(1884-05-20)
Месца нараджэння
Дата смерці 26 лютага 1943(1943-02-26) (58 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Дзеці Ларыса Канстанцінаўна Алексютовіч
Прафесія харэограф, балетмайстар

Канстанцін Андрэ­евіч Алексютовіч (20 мая 1884, в. Бахаравічы, Пухавіцкі раён[1] — 26 лютага 1943, Самарканд) — беларускі харэограф, балетмайстар.

К. Алексютовіч скончыў Пецярбургскае тэатральнае вучылішча ў 1906 годзе[1]. У пачатку кар'еры харэографа выкладаў пластыку і танцы ў Аляксееўскай жаночай гімназіі Я. Д. Рэйман[2].

У 1920 годзе у Мінску адкрыўся БДТ-1, пры ім была створана невялікая балетная трупа пад кіраўніцтвам К. А. Алексютовіча[3]. На гэтай пасадзе балетмайстар працаваў да 1928 года[1]. За гэты час ім былі пастаўленыя танцы, карагоды, гульні, абрадавыя сцэны ў драматычных спектаклях («На Купалле» М. Чарота, «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Каваль-ваявода» Е. Міровіча, «Панскі гайдук» Н. Бываеўскага, «Вяселле» В. Гарбацэвіча і інш.).

Адначасова з працай у БДТ-1 Алексютовіч супрацоўнічаў з У. Галубком у БДТ-3[1]. Кіраваў аматарскімі калектывамі, у тым ліку першым беларускім самадзейным харэаграфічным калектывам — Ансамблем танца Мінскага клуба КІМ (1926—1930)[1].

У 1930—1937 гадах К. Алексютовіч працуе балетмайстарам Беларускага ТРАМа і Беларускага тэатра юнага гледача, у 1937—1941 г. галоўным балетмайстарам Ансамбля беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі[1].

У час Вялікай Айчыннай вайны К. Алексютовіч трапіў у Самарканд, дзе працаваў балетмайстарам абласнога ўзбекскага музычна-драматычнага тэатра[1].

Алексютовіч працягнуў папулярызацыю беларускіх народных танцаў, пачатую І. Буйніцкім[3]. Канстанцін Андрэевіч высока цаніў працу сваіх папярэднікаў. У сваёй творчасці ён не адрываўся ад народнага мастацтва, гэта дало яму магчымасць адрадзіць вялікую колькасць забытых танцаў. Ён сцэнічна ўдасканаліў і ўзбагаціў народны танец яркім арнаментальных узорам, распрацаваў новыя, блізкія народным, тэхнічныя элементы рухаў, стварыў шэраг полек, круцёлак, якія арганічна ўвайшлі ў лексіку народнага беларускага танца. К. Алексютовіч захоўваў у кожным танцы народны каларыт, характар вобразу. Балетмайстар аранжыраваў фальклорны матэрыял і вяртаў яго народу ва ўзбагачаным выглядзе[3]. Ён стварыў сцэнічныя варыянты шматлікіх беларускіх танцаў[1]. У тым ліку стварыў танец «Бульба», сцэнічныя варыянты танцаў «Лявоніха», «Крыжачок», «Мяцеліца», «Мікіта», «Таўкачыкі», «Бычок», «Кола», «Юрачка», «Верабей», «Лянок», «Шастак», «Галубец», «Казачок» і інш., а таксама шэрага кадрыляў, карагодаў, гульняў.

«Лявоніха», якую паставіў К. Алексютовіч, выконвалася на дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве ў 1940 годзе. М. С. Галаванаў  (руск.) так ахарактарызаваў яе[4]:

" «Лявоніха», пастаўленая тав. Алексютовічам, можа быць аднесена да лепшых узораў нацыянальнага танцавальнага мастацтва "

Балетмайстар адыграў бачную ролю ў развіцці гэтага танца. Ён узбагаціў яго новымі элементамі руху, унёс разнастайнасць у малюнак, увёў сольнае выкананне, змяніў тэмп, пасля эмацыйнай завязкі ідзе павольная лірычная сольная частка, якую выконваюць адна або дзве пары. Астатнія танцуючыя служаць фонам, яны як бы акампануюць салістам. Заключная частка носіць вясёлы, задзірысты характар і адрозніваецца на рэдкасць маляўнічым малюнкам, які хутка змяняецца[3].

На раннім этапе развіцця беларускага народнай танцавальнай творчасці танца пад назвай «Бульба» не існавала. К. Алексютовіча зацікавілі тэкст і мелодыя песні «Бульба»[3]. Уражаны іх арыгінальнасцю, эмацыйнасцю, балетмайстар узяўся за пастаноўку «Бульбы». Стварэнне танца ставіцца да 1926-27 гг. Ён быў падрыхтаваны і ўпершыню пастаўлены моладзевым ансамблем танца пры Клубе камсамола ў Мінску. Танец, створаны на фальклорным матэрыяле, увабраў у сябе народную мелодыю, тэкст і народныя танцавальныя рухі, гэта дапамагло яму стаць папулярным, заваяваць любоў народа[3].

Ю. Чурко адзначала, што ў Алексютовіча гэты танец ужо не паўгульня, не паўхаравод. Пастаноўка яго наўскрозь танцавальная. Элементы гульні падпарадкаваны ў ім развіццю харэаграфічнага дзеяння. Пластычная мелодыя танца ўвесь час развіваецца, рухаючы сюжэт і ведучы да фінальнай кульмінацыі[5].

Пастаноўка Алексютовіча доўгія гады заставалася традыцыйнай, як у прафесійных, так і ў самадзейных калектывах[3].

У пастаноўцы Алексютовіча танец набыў дваякую трактоўку. У першым варыянце з агульнага ліку танцуючых вылучаецца саліст — Мікіта, у другім — юнакі па чарзе выконваюць ролю Мікіты[3].

Сцэнічны танец

[правіць | правіць зыходнік]

К. Алексютовіч з’яўляецца пастаноўшчыкам першых балетных пастановак на беларускай прафесійнай сцэне «Капелія» Л. Дэліба (паводле казкі Гофмана «Пясочны чалавек»)[6], «Зачарава­ны лес» Р. Дрыга, «Фея лялек» Ё. Баера  (англ.), беларускага аднаактавага спектаклю «Помста сябровак» на ўласнае лібрэта з музыкай, падабранай Л. Маркевічам[1].

К. Алексютовіч унёс значны ўклад у развіццё беларускага сцэнічнага танца, праявіў глыбокае веданне харэаграфічнага фальклору і разуменне тэатральнай спецыфікі[1]. У спектаклі «На Купалле» ён вырашыў харэаграфічную частку спектакля ў народным духу, у плане фальклорных скокаў. Так, з дзявочымі купальскімі карагодамі пераклікаліся пластычныя танцы русалак у сцэне сноў. У народныя танцы харэограф дадаваў класічныя элементы, ён паставіў русалак «на пальцы» ў карагодзе[7]. У 1922 годзе К. А. Алексютовіч разпрацаваў на фальклорным матэрыяле танец «Верабей» для спектакля «Машэка» па п’есе Е. Міровіча. Танец быў зроблены ў гульнявым плане, галоўную ролю ў танцы выконваў Г. Ю. Грыгоніс[3]. У гэтым жа спектакле ў танцы ражаных былі ўключаны элементы народнага танца «Журавель»[3].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і Алексютович Константин Андреевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 19. — 737 с.
  2. В поисках утраченного Архівавана 8 чэрвеня 2012. (руск.)
  3. а б в г д е ё ж з і Алексютович Л. К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры / Под ред. М. Я. Гринблата. — Мн.: Вышейш. школа, 1978. — 528 с..
  4. Голованов Н. С. Заметки о музыкальной культуре Белоруссии // «Советская Белоруссия». — 26 мая. — 1940.
  5. Чурко Ю. Белорусский сценический танец. — С. 18-19..
  6. «Эклектычны» абанемент(недаступная спасылка)
  7. Начало белорусского советского балетного театра (руск.)