Лілія Ціханаўна Выгонная

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лілія Ціханаўна Выгонная
Дата нараджэння 3 верасня 1942(1942-09-03)
Месца нараджэння
Дата смерці 15 снежня 2001(2001-12-15) (59 гадоў)
Род дзейнасці мовазнаўца

Лілія Ціханаўна Выгонная (3 верасня 1942 — 15 снежня 2001) — вядомая беларуская лінгвістка, доктар філалагічных навук, фанетыстка, мовазнаўца. Галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Усе сваё самастойнае жыццё Л. Выгонная прысвяціла выключна важнай і актуальнай агульнаграмадскай праблеме — вывучэнню фанетычнага ладу беларускай мовы і папулярызацыі навуковых даследаванняў.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася ў сям’і ваеннаслужачага. У 1949 г. пайшла ў першы клас Балбасаўскай сярэдняй школы Аршанскага раёна. Пасля заканчэння школы ў 1959 г. паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Згодна з тагачаснай традыцыяй, заняткі на першым курсе аддзялення рускай мовы і літаратуры сумяшчала з працай бібліятэкара Дома афіцэраў. На працягу ўсіх гадоў вучобы была старастай навуковага гуртка, выступала з паведамленнямі і дакладамі на студэнцкіх навуковых канферэнцыях у Мінску і Харкаве. Менавіта тады ў Л. Выгоннай сфарміравалася цікавасць да разнастайных пытанняў тэарэтычнага мовазнаўства. У час летніх канікулаў выязджала ў дыялекталагічныя экспедыцыі разам з навукоўцамі БДУ і Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.

Навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

3 восені 1964 г. Лілія Выгонная залічана на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка сектара агульнага і славянскага мовазнаўства Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Пачалася самастойная навуковая праца. У 1969 г. паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю па дыялектнай лексікалогіі, у якой на падставе сабранага вялікага фактычнага матэрыялу ўпершыню ў беларусістыцы пераканальна абгрунтавала падзел Палесся на тры асобныя зоны, а таксама паказала сувязі палескай земляробчай лексікі з адпаведнымі найменнямі ў іншых славянскіх мовах . Асноўныя вынікі даследавання пазней былі апублікаваны ў калектыўнай манаграфіі «Лексіка Палесся ў прасторы і часе» (1971 г.). Гэтая праца засведчыла вялікі навукова-творчы патэнцыял аўтара, яе несумненныя здольнасці і навуковы талент. Доктарская дысертацыя па беларускай фаналогіі (1992)

Амаль паўтары сотні разнастайных навуковых публікацый у галіне фанетыкі і лексікалогіі беларускай мовы, надрукаваныя Ліліяй Выгоннай, сталі важкім укладам і каштоўным здабыткам усёй нацыянальнай лінгвістыкі.

Шмат гадоў даследчыца ўваходзіла ў склад Міжнароднай рабочай групы Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа (АЛА). Тут Лілія Выгонная сцвердзілася як таленавіты вучоны, высокапрафесійны спецыяліст у сваёй галіне, тактоўны калeгa і выдатны таварыш. Праца ў АЛА не толькі спрыяла яе навуковаму росту, але і садзейнічала ўмацаванню ў гэтай міжнароднай арганізацыі аўтарытэту беларускай фанетычнай школы, пашырэнню ў замежнай лінгвістычнай навуцы ідэй, прынцыпаў і падыходаў нашых мовазнаўцаў. Выступленні даследчыцы ў дыскусіях па самых розных складаных пытаннях заўсёды вылучаліся грунтоўнасцю, аргументаванасцю, шырынёй навуковага кругагляду, нестандартнасцю мыслення, выключнай павагай да апанентаў і калег. Былі яшчэ шматлікія артыкулы ў самых розных выданнях, у тым ліку і ў часопісе «Роднае слова».

Працы[правіць | правіць зыходнік]

  1. У 1969 г. паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю па дыялектнай лексікалогіі, у якой на падставе сабранага вялікага фактычнага матэрыялу ўпершыню ў беларусістыцы пераканальна абгрунтавала падзел Палесся на тры асобныя зоны (усходнюю, цэнтральную і заходнюю), а таксама паказала сувязі палескай земляробчай лексікі з адпаведнымі найменнямі ў іншых славянскіх мовах (у тым ліку заходне- і паўднёваславянскіх).
  2. Калектыўная манаграфія «Лексіка Палесся ў прасторы і часе» (1971 г.). Гэтая праца засведчыла вялікі навукова-творчы патэнцыял аўтара, яе несумненныя здольнасці і навуковы талент.
  3. Суаўтар калектыўных манаграфій «Галосныя беларускай мовы» (1975 г.).
  4. «Фанетыка слова ў беларускай мове» (1983 г.).
  5. «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989 г.).
  6. Хрэстаматыя «Вусная беларуская мова» (1990 г.), прысвечаная маўленню носьбітаў роднай мовы.
  7. Серыя «Скарбы мовы» (1991 г.), прызначаная для вучняў сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту.
  8. Брашура «Ад гука да літары», дзе ў даступнай папулярнай форме расказала чытачу пра суадносіны вуснай і пісьмовай формаў мовы, вызначыла найбольш яркія адметнасці інтанацыі і націску ў беларускай літаратурнай мове, паказала, як з дапамогай арфаграфічных і пунктуацыйных сродкаў перадаецца гукавы лад мовы.
  9. «Інтанацыя. Націск. Арфаэпія» (1991 г.).
  10. Доктарская дысертацыя па беларускай фаналогіі (1992 г.). Праца стала першым у беларускім мовазнаўстве даследаваннем рытмічна-меладычнай арганізацыі беларускага маўлення, дзе прыведзены колькасныя і якасныя паказчыкі тэмпаральнай варыятыўнасці, паказана дыферэнцыяльная і рытмічная роля слоўнага націску, вызначаны лінгвістычная значымасць суперсегментных з’яў, прынцыпы сінтагменнага падзелу фраз і рэлевантныя класіфікацыйныя прыметы інтанацыйных сродкаў беларускай літаратурнай мовы.
  11. Серыя «Бібліятэка настаўніка беларускай мовы і літаратуры» выйшла яе кніга «Фанетыка беларускай мовы ў школе» (1995 г.). Зыходзячы з тэзіса прыярытэтнасці фанетычных ведаў пра мову перад іншымі («у індывідуальным развіцці кожнае дзіця ў першую чаргу засвойвае інтанацыю і гукавы склад і толькі потым лексіку, граматыку і сінтаксіс»), аўтар паслядоўна і грунтоўна, з улікам школьнай праграмы, падала апісанне інтанацыі, націску і гукавога ладу беларускай мовы. Да асноўных раздзелаў фанетыкі пасля тэарэтычнага матэрыялу змешчаны практыкаванні, многія з якіх даволі займальныя, нетрадыцыйныя, часам жартаўлівыя, што павінна істотна ажывіць працэс навучання і актывізаваць цікавасць да прадмета ў многіх навучэнцаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Выгонная, Л. Т. Беларуская суперсегментная фанетыка: аўтарэф. дыс. … д-ра філол. навук: 10.02.01 / Л. Т. Выганная; Ін-т мовазнаўства АН Беларусі. — Мінск, 1992. — 48 с.
  • Выгонная, Л. Т. Палеская земляробчая лексіка. Тыпалагічная і арэальная дыферэнцыяцыя: аўтарэф. дыс. … канд. філол. навук: 10.02.01 / Л. Т. Выганная; Ін-т мовазнаўства АН БССР. — Мінск, 1969. — 15 с.