Пладовае цела грыба па форме падобнае да шапкі на ножцы, але шапка і ножка ўяўляюць сабой адзінае цэлае, без акрэсленай мяжы; колер — ад светла-жоўтага да памяранцава-жоўтага.
Шапка дыяметрам 2—12 см, часта з хвалістым краем або няправільнай формы, увагнута-распасцёртая, выпуклая потым уціснутая, плоская, з загорнутымі краямі і ўціснутая ў цэнтры, у спелых грыбоў лейкападобная. Паверхня шапкі гладкая, матавая. Скурка цяжка аддзяляецца ад мякаці шапкі. Складкі гіменафору тоўстыя, зыходзяць на ножку. Мякаць сакавіта-мясістая, у ножцы валакністая, жоўтая па краях і бялёсая ў сярэдзіне пладовага цела, з кіслявым смакам і слабым пахам сушанай садавіны ці карэння.
Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. Катэнарыя — Недайка/Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1984.—588 с., іл.— 10 000 экз. — С, 191.