Мадурцы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Мадурцы
(Suku Madura)
COLLECTIE TROPENMUSEUM Portret van een familie in het dorp Rapa Daya in het onderdistrict Omben TMnr 20000057.jpg
Фота 1978 г.
Агульная колькасць 8 165 тыс.
Рэгіёны пражывання Інданезія
Мова мадурская
Рэлігія іслам, анімізм
Блізкія этнічныя групы яванцы, балійцы, малайцы, сунды

Мадурцы (саманазва: Suku Madura) — народ у Інданезіі, карэнныя жыхары вострава Мадура і паўночнага ўсходу вострава Ява. У другой палове XX ст. у выніку міграцыйнай палітыкі ўрада шырока рассяліліся ў розных рэгіёнах Інданезіі. Агульная колькасць (2013 г.) - 8 165 тыс. чал.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Мадурцы — аўстранезійцы, нашчадкі перасяленцаў 2 тысячагоддзя да н. э. У IX - XVI стст. востраў Мадура знаходзіўся пад уплывам індуісцкіх дзяржаў суседняй Явы. Паводле легенды, ў XIII ст. яванская прынцэса Дэві Бендора Гунг і яе незаконна народжаны сын Радэн Сегора, пераможца мангольскага нашэсця на Яву, заснавалі мясцовую дынастыю, што заставалася ў васальнай залежнасці ад дзяржавы Маджапахіт. У 1624 г. Мадура была заваявана яванскімі мусульманамі. У 1743 г. трапіла пад кантроль Галандскай Ост-Індскай кампаніі. У 1945 г. увайшла ў склад Інданезіі. З часоў сярэднявечча мадурцы перасяляліся на захад вострава Ява, дзе зараз складаюць большасць мадурскага насельніцтва.

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Засушлівы клімат і вапняковыя глебы Мадуры вызначылі галоўны занятак мясцовага насельніцтва — жывёлагадоўлю. Мадурцы трымаюць пераважна быкоў, таксама коней, коз і курэй. Земляробства мае важную ролю выключна для жыхароў прыбярэжных раўнін, а таксама суседняга вострава Ява. Асноўныя сельскагаспадарчыя культуры — рыс, кукуруза, арахіс, клубневыя.

Мадурцы здаўна славіліся як выдатныя рыбакі і мараплаўцы. У мінулым яны шырока гандлявалі з рознымі астравамі Інданезіі, а ў наш час наймаюцца матросамі на камерцыйныя лініі. На востраве Ява многія выхадцы з Мадуры займаюцца вандроўным гандлем скурай, керамікай і свойскай жывёлай. З працай на моры звязана мясцовае суднабудаванне. Мадурцы майструюць як невялікія лодкі-кадаўбы з балансірамі, так і буйныя судны-праў з дзвюмя шчогламі. На ўзбярэжжы развіта здабыча солі. У цэнтральных раёнах Мадуры — гарбарства і ганчарства.

Для мадурскіх паселішчаў характэрна раскіданая планіроўка. Каркасныя жытлы будуюць на невысокіх па́лях, сцены аббіваюць бамбукавымі рэйкамі, дах крыюць пальмавым лісцем, саломай або чарапіцай. У кожнай вёсцы ёсць агульны загон для жывёлы.

Паўседзённай народнай вопраткай з'яўляецца песаа́н (саронг, штаны, кашуля з высокім каўняром або суколка і інш.). На галаву апранаюць хустку. Валасы галяць або коратка стрыгуць. Больш высакародным адзеннем лічыцца мужчынскі строй адэнг перэдан, які ўключае паліто з накладнымі кішэнямі. Жаночы народны строй кебая складаецца з саронга, тонкай баваўнянай кофты і бюстгальтара. Распаўсюджаныя ўпрыгожванні для жанчын і мужчын — срэбраныя пярсцёнкі і завушніцы.

Мадурскія сем'і бываюць як пашыранымі, так і нуклеарнымі. Главой сям'і заўсёды лічыцца мужчына, а галоўнай працаўніцай — жанчына. Шлюбы складаюць па ініцыятыве бацькоў жаніха. Пры гэтым абавязкова падпісваецца шлюбны кантракт. Хаця ў наш час усе грамадзяне Інданезіі маюць роўныя грамадзянскія правы, сярод мадурцаў захаваўся саслоўны падзел, імя чалавека заўсёды ўключае спадчынны тытул. Сельская абшчына дэса займаецца пераважна адміністрацыйным кіраваннем і ў справы сям'і не ўмешваецца.

Любімым баўленнем часу ў мадурцаў лічацца баі пеўняў і быкоў, а таксама гонкі быкоў. Распаўсюджаны вялікія застоллі кендуры, якія арганізуюцца той ці іншай асобай для суседзяў і сяброў у гонар пэўных жыццёвых падзей.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мадурская мова адносіцца да малайска-палінезійскай групы аўстранезійскіх моў. Мае 6 буйных дыялектаў. У мінулым мадурцы шырока карысталіся пісьмовай мовай каві. У наш час пры напісанні ўжываецца алфавіт на аснове лацінкі.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць вернікаў — мусульмане-суніты, аднак у пабытовым жыцці сустракаюцца рэшткі старажытных вераванняў у добрых і злых духаў, шанаванне камянёў.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Rifai, Mien A. Lintasan sejarah Madura — Surabaya, 1993. — Гістарычны шлях Мадуры, на інданезійскай мове.
  • Nugroho, Yayuk Sri Budi R. Selintas benda cagar budaya Madura — Jakarta, 1997. — Нарысы пра культурны здабытак Мадуры, на інданезійскай мове.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]