Макаві
Макаві (moqoit) | |
Фота 1979 г.
| |
Агульная колькасць | 25000 (2021 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Аргенціна |
Мова | макаві |
Рэлігія | анімізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | абіпон, кадывеу, пілага, тоба |
Макаві́ (саманазва moqoit) — індзейскі народ на поўначы Аргенціны. Агульная колькасць (2021 г.) — 25 000 чалавек[1].
У пачатку каланіяльнага перыяда макаві насялялі берагі ракі Бермеха, займаліся вандроўным паляваннем і збіральніцтвам. У XVII ст. яны асвоілі конегадоўлю і дзякуючы павелічэнню мабільнасці хутка пашырылі населеныя імі межы. Макаві сталі вядомы дзякуючы нападам на іспанскіх каланістаў і жорсткім адносінам да ваеннапалонных. Яны некалькі разоў бралі ў аблогу Санта-Фэ, у 1686 г. разбурылі горад Эстэка, у 1690 г. забілі 45 жыхароў Сан-Мігеля.
У 1743 — 1765 гг. большасць макаві прыняла каталіцызм і далучылася да езуіцкіх місій. Выгнанне езуітаў з іспанскіх калоній у 1767 г. прывяло да вяртання індзейцаў да качавога жыцця. У XIX ст. іх землі былі ўключаны ў склад Аргенціны. Макаві былі вымушаны інтэгравацца ў аргенцінскае грамадства. У нашы дні ў краіне афіцыйна зарэгістравана каля іх 40 абшчын.
Хаця ў выніку змен ладу жыцця шматлікія рысы традыцыйнай культуры былі згублены, макаві захоўваюць сваю этнічную тоеснасць, звычаі, звязаныя са старажытнымі культамі, рыбалоўствам, прыгатаваннем народных страў. 30 жніўня адзначаюць свята абнаўлення прыроды.